Ад нацыянальнага да сусветнага

У залах Нацыянальнага мастацкага музея разгарнуліся экспазіцыі двух беларускіх і адной ізраільскай мастачкі, адметныя яскравай своеасаблівасцю стылю кожнага з аўтараў.



У залах Нацыянальнага мастацкага музея разгарнуліся экспазіцыі двух беларускіх і адной ізраільскай мастачкі, адметныя яскравай своеасаблівасцю стылю кожнага з аўтараў.

Пах фарбаў на выставе «Жывапіс разнастайнасці» Мацвея Басава — сведчанне актыўнай творчай практыкі гэтага мінскага мастака, які днямі адсвяткаваў 60-годдзе, а ў экспазіцыі прадставіў плён працы апошніх 15 гадоў. А таксама вынік своеасаблівай тэхнікі, якая прадугледжвае нанясенне на паверхню карціны тоўстага, пастознага слою фарбы, што стварае незвычайную рэльефную фактуру, зрокава падобную да паверхні грубай гліны або пяску. З гэтых пяскоў, якія цягне назваць пяскамі часу (бо тэмы Басава — то біблейскія, то  адвечна паэтычныя вобразы жыцця і кахання), выступаюць твары, фігуры, постаці, высветленыя вібруючымі плямамі колеру на тэракотавым, шэрым, зялёным фоне.

Асацыятыўныя матывы, выкліканыя карцінамі, — старажытная кераміка, жывапіс катакомбных храмаў альбо першабытных пячор. Вобразы манументальныя, пераведзеныя ў прастору вечнасці, але адначасова лірычныя, паколькі побач са старазапаветным «Майсеем» на палотнах — «Веснавы гай», квітнеючае «Дрэва жыцця» і поўныя пачуцця маладыя ў «Закаханасці».  Індывідуальнасць высокага паэтычнага стылю Мацвея Басава непарыўна звязана і з падспудным адчуваннем нацыянальнай своеасаблівасці габрэйскай мастацкай традыцыі.

Апошняя выступае сапраўднай дамінантай, камертонам у другой экспазіцыі — «Веснавая мелодыя». Яна прадстаўлена Малкай Цэнцыпер з Ізраіля, матэматыкам, музыказнаўцай, а з сярэдзіны 1990-х — мастачкай. Ураджэнка паваеннай Вільні (1947), Малка перанесла на палотны, у якіх ажывае каларыстыка і стыль Шагала, пярэсты, тэатральны, шумны свет габрэйскага мястэчка. Адкрытыя, жывыя, характарныя да карыкатурнасці, яе героі кахаюць, сумуюць, весяляцца, спяваюць — праносячыся перад гледачом у няспынным руху, выклікаючы светлы эмацыйны водгук. Прадстаўленая пасольствам Ізраіля выстава паказвае іншую культуру гэтай дзяржавы, па-за пастаянным канфліктам з суседнімі краінамі, мірную і поўную аптымізму.

Што тычыцца «Прастакутнікаў Несцерава, альбо Экалогіі душы», выставы Рыгора Несцерава, то гэта — своеасаблівая арт-дэкларацыя неапуанцілізму, светлапісу, у якім вобразы на мяжы жывапісу і кампутарнай графікі ўзнікаюць з яркіх колеравых і светлавых плям. Жывёлы і людзі паўстаюць у вібруючай атмасферы мроі, сну, фантазіі. У прэамбуле да выставы мастак дэкларуе: «Чорны квадрат» Малевіча — квадрат адмаўлення візуальна бачнага свету, яго прыгажосці і разнастайнасці, і прапануе сваё разуменне гарманічнага быцця чалавека і навакольнага асяроддзя. Але і ў канструкцыі Несцерава дамінуе мастацкі прыём і форма: святло, промні, ззянне як метафарычны вобраз чысціні і еднасці свету. А выстава глядзіцца як адзіная інсталяцыя мастака-пантэіста, алтар жывым на зямлі — птушкам, жывёлам, чалавеку.

Выставы працуюць да 8 ліпеня, 28 чэрвеня і 5 ліпеня адпаведна.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: