Артэфакт стагоддзя. Беларускія археолагі знайшлі амулет, якому 4,5 тысячы гадоў

Максім Чарняўскі кажа, што ўдзельнічае ў раскопах на Крывінскім тарфяніку 20 гадоў, але да падобных артэфактаў дакрануўся ўпершыню, распавяло «Радыё Свабода». 

Фрагмент падвескі ў выглядзе змяінай галавы

Фрагмент падвескі ў выглядзе змяінай галавы

Падчас раскопаў старажытнага паселішча эпохі неаліту на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў археолагі знайшлі ўнікальны артэфакт — фрагмент касцяной падвескі ў форме галавы змяі.

Археолаг Максім Чарняўскі, кіраўнік экспедыцыі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, якая стаіць ля вёскі Асавец, адносіць артэфакт да сярэдзіны 3-га тысячагоддзя да нашай эры.

Максім Чарняўскі

Максім Чарняўскі


«Мяркуючы па суправаджальным матэрыяле, так, сярэдзіна 3 тысячагоддзя да нашай эры. Гэта значыць, вырабілі яе 4,5 тысячы гадоў таму. Наогул, касцяныя скульптуркі такой старажытнасці ўнікальныя ва ўсім свеце, а ў Беларусі Крывінскі тарфянік — амаль адзіны для гэтага перыяду, дзе ёсць зааморфная і антрапаморфная скульптура. Другі выраб, падобны на галаву змяі, быў знойдзены літаральна за 20 метраў ад гэтага месца. Праўда, здарылася гэта ў 1980 годзе! Пасля гэтага падвескі больш не трапляліся. Іншымі словамі, першая за амаль чатыры дзесяцігоддзі».

Крывінскі тарфянік у паўднёвай частцы беларускага Паазер’я археолагі лічаць унікальным месцам — тут знаходзіцца комплекс тарфянікавых стаянак бронзавага веку. Людзі жылі на нізкім беразе возера, пасля яно забалоцілася. Атрымаўшы такі ахоўны «саркафаг», у добрым стане захаваліся крэмень, кераміка, косць, драўніна і бясцэнныя вырабы з іх. Напрыклад, падчас гэтай экспедыцыі валанцёры знайшлі буйны бурштын.

 

Бурштын з Асаўца

Бурштын з Асаўца

«Бурштын знайшлі крыху на іншым раскопе, — працягвае Максім Чарняўскі. — Не без шанцавання. Калі прыехалі, не адразу здолелі пачаць працу — у першы ж дзень экспедыцыі ўзровень вады падняўся на 40 сантыметраў, усё было проста затоплена. Тады заклалі іншы, фактычна без матэрыялу, як бы невялікая лакуна (відаць, некалі працякаў ручай). І вось сярод нешматлікіх знаходак аказаўся і бурштын. Гэта два розныя раскопы, паміж якімі дзесьці 150 метраў».

Максім Чарняўскі кажа, што ўдзельнічае ў раскопах на Крывінскім тарфяніку 20 гадоў, але да падобных артэфактаў дакрануўся ўпершыню. «Зразумела, быў у шоку», — не ўтойвае эмоцый старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалогіі першабытнага грамадства Інстытуту гісторыі.

 

Месца раскопаў

Месца раскопаў

«Для мяне ў нейкім сэнсе юбілейны год: дваццаты раз запар капаю на Крывінскім тарфяніку — ужо як археолаг, а да таго прыязджаў удзельнікам з бацькам (Міхась Чарняўскі — выдатны беларускі гісторык, археолаг). І гэта толькі першая мая знаходка такога кшталту. На дваццаты год хоць фрагмент, але сапраўднай скульптуркі».

Археалагічны летнік «Асавец-2018» будзе працаваць да 5 жніўня.