У Кёльне археолагі раскапалі падмурак старажытнай бібліятэкі на тэрыторыі Германіі
Калі ў мінулым годзе археолагі выявілі ў цэнтры Кёльна рэшткі буйнога будынка рымскай эпохі, яны вырашылі, што перад імі базіліка — грамадскі будынак, у якім маглі змяшчацца розныя адміністрацыйныя і судовыя органы. Аднак далейшае даследаванне прымусіла іх прыйсці да высновы, што перад імі рымская бібліятэка. У такім выпадку яна аказваецца найстарэйшай вядомай бібліятэкай на тэрыторыі Германіі.
Ва ўнутранай частцы сцен будынка маецца шмат ніш, памерам прыкладна 50 на 80 сантыметраў. Гэта занадта мала, каб усталяваць у іх статуі. Але падобныя нішы ўжо былі знаёмыя археолагам па раскопках у турэцкім Эфесе будынка II стагоддзя — знакамітай Бібліятэкі Цэльсія. Нішы служылі для размяшчэння кніжных шафаў. Па разліках навукоўцаў у Кёльнскай бібліятэцы магло захоўваецца да 20 тысяч скруткаў.
Кёльн быў заснаваны рымлянамі ў 38 годзе да н. э. як умацаваны ваенны лагер. У I стагоддзі н. э. ён стаў называцца Калонія Агрыпіны (Colonia Agrippinensis) у гонар народжанай у ім Агрыпіны, жонкі імператара Клаўдзія. Да канца II стагоддзя ў ім налічвалася ўжо 15 тысяч жыхароў. Будынак бібліятэкі размешчаны ў паўднёва-заходнім куце гарадскога форуму. Ён быў пабудаваны дзесьці паміж 150 і 200 гадамі. Будынак быў двухпавярховым. Трохі пазней асноўнага будынка была збудаваная прыбудова, на якой размяшчалася статуя Мінервы.
Археолагі выявілі бібліятэку пры правядзенні будаўнічых работ у пратэстанцкай царкве ў цэнтры горада Кёльна. Цяпер яна будзе інтэграваная ў падземны гараж новага будынка, дзе наведвальнікі змогуць убачыць старажытныя сцены і нішы, у якіх захоўваліся скруткі.
Паводле Pro Science