Аўдыяспектакль па п'есе польскага класіка Аляксандра Фрэдры ўпершыню пастаўлены на беларускай мове

Аўдыяспектакль па творы польскага класіка Аляксандра Фрэдры "Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца" ўпершыню пастаўлены на беларускай мове ў перакладзе Марыі Мартысевіч.



wc_n_bnnggc.jpg

П'еса "Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца" ўбачыла свет на беларускай мове ў друкаваным выданні, а таксама ў аўдыязапісе на дыску. Як адзначыла перакладчыца, у пошуках слоў, якія прыгожа зайгралі б па-беларуску, у працэсе работы над аўдыяспектаклем яна падабрала 1 тыс. 400 рыфм.


У рабоце над пастаноўкай былі заняты прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам твора стаў купалавец Ігар Пятроў. У запісе аўдыяспектакля ўдзельнічалі народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, залаты голас Беларусі, заслужаны артыст Беларусі Ілья Курган, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Нікалаева-Апіёк, узыходзячыя зоркі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — Ігар Пятроў, Кацярына Алейнікава, Марта Голубева, Ігар Карасцялёў, Ігар Блінкоў.


Музыку для спектакля запісала група "Вытокі" пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксея Фралова. Кампазітар адзначыў, што беларусізацыя Фрэдры вельмі сімвалічная. Некалі польскі класік Аляксандр Фрэдра спрабаваў супрацоўнічаць са Станіславам Манюшкам, аднак іх супрацоўніцтва не склалася. Дзякуючы групе "Вытокі" і артыстам-купалаўцам вершы Фрэдры і музыка Манюшкі аб'ядналіся.


Класік польскай літаратуры граф Аляксандр Фрэдра (1793–1876) быў асобай каларытнай і неардынарнай. Ён польскі камедыёграф, паэт і мемуарыст. Аляксандр Фрэдра быў аўтарам камедый пра жыццё шляхты, у асноўным правінцыяльнай. Пісаў вершы, паэмы, афарызмы. Камедыі Фрэдры адыгралі значную ролю ў развіцці польскага рэалістычнага тэатра і належаць да залатога фонду польскай літаратуры. Яго байкі ў Польшчы здаўна ўвайшлі ў праграму дзіцячага чытання. П'есы Фрэдры ставяцца ў многіх тэатрах свету.

belta.by