Беларускі туман у Канах
Экранізацыя аповесці Васіля Быкава «У тумане» патрапіла ў асноўную конкурсную праграму Канскага міжнароднага кінафестывалю — форуму, які прадвызначае тэндэнцыі развіцця сусветнай кінаіндустрыі.
Экранізацыя аповесці Васіля Быкава «У тумане» патрапіла ў асноўную конкурсную праграму Канскага міжнароднага кінафестывалю — форуму, які прадвызначае тэндэнцыі
развіцця сусветнай кінаіндустрыі.
Тэкст Васіля Быкава — не адзіны беларускі складнік фільма. У галоўнай ролі, дэбютнай для сябе ў кіно, здымаецца беларускі акцёр Уладзімір Свірскі, а гукарэжысёрам фільма стаў запатрабаваны
ва ўсходніх і паўднёвых суседзяў Уладзімір Галаўніцкі («Стылягі», «Як я правёў гэта лета», «Шчасце маё»). Фільм стаў вынікам супрацы некалькіх
краін, у тым ліку Германіі (яе ўклад найбольшы), Нідэрландаў, Расіі, Латвіі і Беларусі. Упершыню на паказе фільма ў конкурснай праграме ў Канах на экране з’явіцца лэйбл
«Беларусьфільма».
Рэжысёр стужкі — выхадзец з Баранавіч Сяргей Лазніца — працяглы час жыў на Украіне і здымаў кіно ў Расіі. Ён вядомы сваімі дакументальнымі стужкамі і скандальным ігравым дэбютам
«Шчасце маё». Фільм выклікаў вострыя дыскусіі, рэжысёра вінавацілі ў паклёпе на расійскую рэчаіснасць, аднак сам Лазніца спасылаўся на ўласныя ўражанні ад расійскай правінцыі, якія
ўзніклі ў яго падчас работы над дакументальнымі стужкамі. Тым не менш фільм атрымаў прызнанне на вядучых кінафестывалях постсавецкай прасторы ў Сочы, Кіеве, Мінску і прэтэндаваў на Залатую пальмавую
галінку ў Канах.
Сяргей Лазніца пазнаёміўся з тэкстам аповесці «У тумане» ў 2001 годзе, адразу напісаў сцэнар і атрымаў ухвалу Васіля Быкава. У экзістэнцыйнай драме ставіцца праблема маральнага
выбару ў нечалавечых умовах вайны. Дзеянне фільма адбываецца ў Беларусі ў 1942 годзе. Двое партызанаў выконваюць заданне забіць «здрадніка», які становіцца закладнікам падступнай
помсты нямецкага афіцэра. Сюжэт фільма максімальна набліжаны да літаратурнага арыгінала.
Стваральнікі фільма абяцаюць манументальную карціну з доўгімі кадрамі і стацыянарнай камерай. Стужка працягласцю больш за дзве гадзіны складаецца ўсяго з 72 кадраў, і нават здымкі ў лесе робяцца не
са звыклай ручной камеры, а з рэек. Выяўленчае рашэнне фільма набліжана да каляровых фотаздымкаў пачатку саракавых.
Да гэтага часу найбольш удалай экранізацыяй Васіля Быкава лічыцца фільм Ларысы Шапіцько «Узыходжанне», які ў 1977 годзе атрымаў галоўную ўзнагароду Берлінскага кінафестывалю.
Юбілейны 65-ы Канскі кінафестываль пройдзе з 16 па 27 мая, а беларуская прэм’ера фільма мяркуецца на восень 2012 года.