«Беларуская мова — сэксі, і пра гэта трэба казаць»

Ганна Маціеўская, чыё жыццё як лепшая частка з кнігі пра адважныя рашэнні і натхненне, якое яна чэрпае ў беларускай мове.

22_45.jpg

Ганна — яркая і шматгранная асоба, чыя гісторыя не можа пакінуць вас абыякавымі. Сказаць, што Ганна проста перайшла на беларускую мову, было б недастаткова. Ганна Маціеўская дала інтэрв'ю праграме «Мова нанова».

Для яе беларуская мова не проста сродак камунікавання, гэта мастацтва, яркі акцэнт яе самавыяўлення.

«Перайсці на беларускую мову — гэта выклік, бо напачатку заўсёды складана. Беларуская мова — сексі, і пра гэта трэба казаць. Яна вельмі прывабная, яна экзатычная. Яна прышпільная,  — распавядае Ганна. — Гэта зусім не вясковая мова, як часта кажуць».

Спачатку жанчына вырашыла адмовіцца ад рускай мовы, і калі слоў у лексіконе не хапала, замяняць іх польскімі ці англійскімі адпаведнікамі. Гэта наклалася і на яе антываенную пазіцыю ў дачыненні да расійскага ўварвання ва Украіну.

У беларускай мове для сябе яна знайшла не толькі культурную спадчыну, але і свой уласны запал. Ганна — юрыстка па адной са сваіх вышэйшых адукацый, скончыла Варшаўскую кансерваторыю і была опернай спявачкай, пакуль не прыйшла пандэмія. Гэта быў вялікі выклік для моладзі, бо не было сталых кантрактаў.

Ганна — прыклад паспяховай кабеты, якая не баіцца брацца за розныя аспекты і сферы жыцця. І робіць гэта з яркасцю, жвавасцю і надзвычайным запалам, якія заразлівыя і натхняльныя. Сёння яна таксама дапамагае ўцекачам з Беларусі і Украіны на дабрачыннай аснове, падымаючы іх дух і дорачы надзею. Гэта дапамога ахапляе не толькі юрыдычныя аспекты, з якімі сутыкаюцца ўцекачы, але і мноства іншых сфер. 

Крыніца: БЕЛСАТ LIFE [ youtube ]

Дапамога беларускім уцекачам, якой займалася жанчына, ідзе з 2020 года, калі пачаліся пратэсты. Ганна з сябрамі збіралі рэчы, ездзілі ў лагеры ўцекачоў. Пасля Ганна зразумела, што больш карыснай будзе яе дапамога ў прафесійнай сферы: дапамога бізнесам. Ганна з веданнем беларускай і рускай мовы змагла знайсці персанальны падыход да розных асоб, якім патрабавалася юрыдычная дапамога.

Наступным крокам была дапамога сем'ям, якія апынуліся ў Польшчы з дзецьмі. Ганна Маціеўская стала так званай куратаркай ужо 6 дзяцей, якіх яна вядзе праз польскую бюракратыю. З дзецьмі Ганна працуе на дабрачынных пачатках.