«Без адзінай капейчыны дзяржаўных грошай, чыста беларускае, ніякай расійскай папсы». Радыё, якое мы згубілі

7 мая ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. У сённяшніх рэаліях гэта па-просту дзень прапаганды. Але так было не заўсёды. Згадаем найлепшыя старонкі ў гісторыі беларускага радыё — рэдакцыі, якія пэўны час былі адным з сімвалаў свабоды і нацыянальнага адраджэння.

12_120.jpg

Радыёстанцыя 101.2

Беларуская маладзёжная. «Пачынаецца абсалютна новае жыццё»

«Маладзёжку» — радыёстанцыю, што «трымала сцяг нацыянальнага адраджэння», называлі «самай прагрэсіўнай на Беларускім радыё». А многія супрацоўнікі «БМ» дагэтуль згадваюць гады працы на радыёстанцыі як найлепшыя ў жыцці.

«Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі

«Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі

З 1963 па 1986 год радыёстанцыя, якой было наканавана стаць легендарнай, насіла афіцыйную назву «галоўная рэдакцыя праграм для моладзі» і была часткай сістэмы дзяржаўнага радыё БССР.

Усё змянілася ў 1986-м, калі кіраўніцай рэдакцыі стала маладая журналістка Жанна Літвіна. Як распавядала спадарыня Жанна, яе прызначэнне было вынікам кадравага эксперыменту Генадзя Бураўкіна – старшыні Дзяржтэлерадыё БССР. Ён прызначаў кіраўнікамі тых, у каго за спінай не было наменклатурнага партыйнага падмурку.

Жанна Літвіна

Жанна Літвіна

Новая кіраўніца «Маладзёжкі» прызнавалася:

«Было вельмі лёгка пачынаць, бо здавалася, што разам з Берлінскай сцяной падае ўся гэта сістэма, а далей пачынаецца абсалютна новае жыццё».

«У канцы 1980‑х радыёстанцыя запісала «круглы стол» з удзельнікамі руху «Талака», якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, суверэнітэце і незалежнасці Беларусі. Стужкі з запісам у той жа дзень забрала КДБ, ускрыўшы мантажную, але пасля скандалу на ўзроўні кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё запісы вярнулі», — пісала Беларуская Асацыяцыя Журналістаў.

«Наколькі я ведаю, пасля выхаду ў эфір гэтай праграмы Генадзя Бураўкіна  выклікалі ў ЦК партыі. Але я з палёгкай зразумела, што ён на нашым баку», – распавядала кіраўніца «Беларускай маладзёжнай» у размове з БАЖ.

Наш спачылы калега журналіст Генадзь Кеснер, адзін з супрацоўнікаў «Беларускай маладзёжнай», пісаў:

«Рэдакцыя адной з першых падхапіла «сцяг» нацыянальнага адраджэння і ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі: пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны ды іншыя».

Глядзіце таксама

Супрацоўнікамі радыёстанцыі ў яе лепшыя гады былі, сярод іншых, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Віталь Сямашка, Алесь Дайнека, Алена Радкевіч.

na_belaruskay_maladzyozhnay.jpg

«Беларуская маладзёжная» – адзін з самых светлых і каштоўных успамінаў. Па-сутнасці, першае месца працы, хоць і па-за штатам. Першы сталы калектыў. Першыя давер і адказнасць», — распавядае Анастасія Рубанава

«Я прыйшла на радыё БМ, калі мне было 18 ці 19 гадоў, яшчэ да журфаку. Многія мае тагачасныя калегі былі не нашмат старэйшыя. Зараз думаю: ну, дзеці ж! Але ж працавалі на роўных з «старэйшымі таварышамі» (якім, між іншым, было тады ўсяго гадоў 30-40).  Прапануй тэму, бяры «рэпарцёр» (партатыўны магнітафон), ідзі і рабі.

Не памятаю, каб тады, напачатку 90-х былі нейкія забароненыя тэмы: я рабіла рэпартажы і пра забастоўку фатографаў, і з начных могілак. Хаця яшчэ некалькі гадоў таму калегам прыходзілася змагацца з цэнзурай.

Пра могілкі асобная гісторыя. Тады на мінскай Кальварыі пачаліся выпадкі вандалізму: нехта гнуў крыжы, пэцкаў фарбай. Казалі, што гэта сатаністы. Мы з сябрамі вырашылі паглядзець, што ж там ноччу адбываецца. Выявілася, што могілкі ноччу досыць шматлюднае месца. Мы сустрэлі шмат людзей, якія, зрэшты, на сатаністаў не цягнулі. А ў выніку атрымаўся прыгожы рэпартаж, які лагічна было выпусціць у начным эфіры.

Я рада, што лёс прывёў мяне калісьці менавіта ў «Беларускую маладзёжную», за тое, што першай настаўніцай у прафесіі стала Таццяна Мельнічук. «Наська, спачатку па зямлі хадзілі маманты… Ну, хто так пачынае?» – памятаю дагэтуль. Насамрэч, «Беларуская маладзёжная» – гэта заўсёды было пра высокія планкі і журналісцкія стандарты», – кажа Анастасія.

Калектыў «Беларускай Маладзёжнай». Трэці злева стаіць Уладзімір Дзюба. Сядзяць злева направа Іна Студзінская, Жанна Літвіна, Таццяна Мельнічук, Уладзімір Сакульскі

Калектыў «Беларускай Маладзёжнай». Трэці злева стаіць Уладзімір Дзюба. Сядзяць злева направа Іна Студзінская, Жанна Літвіна, Таццяна Мельнічук, Уладзімір Сакульскі

Атмасферу ў рэдакцыі перадаюць і трапныя словы Лявона Вольскага ў каментары для партала 90s.by:

«Каманда была для дзяржрадыё нетыповая: выглядалі як нефармалы і працавалі гэтак жа. Нефармальна. Зусім выпадалі з агульнае радыйнае шэрасьпінжачна-гальштучнае масы. Адно тое, што ўсё вялося на тарашкевіцы чаго варта! Нягледзячы на пратэсты пэнсіянэраў і вэтэранаў працы».

«Рашэнне аб ліквідацыі прыняў Кебіч»

Нейкі час трываў незалежніцкія настроі, што панавалі ў рэдакцыі, і Аляксандр Сталяроў, які заняў пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі пасля Бураўкіна. Але ўсё скончылася ў 1994-м. Напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў быў аддадзены загад расфармаваць рэдакцыйны калектыў «Беларускай маладзёжнай».

«Кебіч прыняў гэта рашэнне збольшага таму, што мы яго не падтрымалі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года», — казала Таццяна Мельнічук, намесніца кіраўніцы «БМ».

Таццяна Мельнічук і Жанна Літвіна напярэдадні першай прэзідэнцкай кампаніі сталі даверанымі асобамі Станіслава Шушкевіча. Двое іншых супрацоўнікаў радыёстанцыі – Алена Радкевіч і Віталь Сямашка сталі працаваць у штабе Зянона Пазняка.

Большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні.

Таццяна Мельнічук і Віталь Сямашка 

Таццяна Мельнічук і Віталь Сямашка 

З афіцыйнай заявы супрацоўнікаў радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» ад чэрвеня 1994 года:

«З эфіру знікла радыёстанцыя з больш як 30-гадовай гісторыяй і традыцыямі, якая адкрыта выступіла ў падтрымку маладой беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці, Адраджэння, за права на слова розным палітычным плыням і сацыяльным групам.

Мы заклікаем слухачоў і прыхільнікаў радыёстанцыі да байкоту эфірнага часу, які належыў «Беларускай маладзёжнай». Мы кваліфікуем тое, што адбылося, як палітычную акцыю і наступ на свабоду слова і лічым, што гэта ёсць сур’ёзная падстава задумацца ўсім грамадзянам Беларусі, якія прыйдуць 25 чэрвеня на выбарчыя ўчасткі».

Глядзіце таксама

Агулам закрыццё «Маладзёжкі» выклікала вялікі рэзананс у краіне. «Ад званкоў слухачоў «успухлі» тэлефоны ў Камісіі па галоснасці і правах чалавека Вярхоўнага Савета, у прыёмных Саўміна, у кіраўнікоў Дзяржтэлерадыё», — пісала Таццяна Мельнічук у першым выпуску газеты «Беларуская маладзёжная», што пабачыла свет у чэраені 1994-га. 

З Заявы дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання:

«Апазіцыя БНФ неаднаразова звяртала увагу грамадскасці і міжнароднай супольнасці на становішча ў сродках масавай інфармацыі, якое адметна поўным ігнараваннем законаў і прынцыпаў свабоды слова з боку ўрада.

Наступ на дэмакратычных журналістаў і незалежную прэсу невыпадковы – Савет Міністраў і паслухмяны яму Вярхоўны Савет зацікаўленыя, каб выбары прэзідэнта адбываліся ў становішчы інфармацыйнага падману грамадства. Таталітарызм павінен быць спынены».

Анастасія Рубанава згадвае: «Адзін з кандыдатаў Аляксандр Лукашэнка горача абяцаў пасля сваёй перамогі выправіць несправядлівасць. Але прадказальна гэтага не зрабіў.

Месца «Беларускай маладзёжнай» у айчынным радыёэфіры так і засталося пустым».

Як распавядала Таццяна Мельнічук, праз некаторы час пасля закрыцця радыёстанцыі былому кіраўніцтву «БМ» паступіла прапанова ад тагачаснага віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара.

«Ён сказаў, што ёсць ідэя адрадзіць «маладзёжку», але з адной просьбай: не крытыкаваць прэзідэнта. На што мы сказалі «не», і таму нічога не атрымалася», — згадвала спадарыня Таццяна.

Але ж вернемся да размовы пра тое, якой была легендарная рэдакцыя «Маладзёжкі».

Генадзь Кеснер узгадваў:

«Мы былі і жылі фактычна адной сям’ёй, адзначалі дні народзінаў, усе іншыя святы. Працаваць у гэтым калектыве было за вялікі гонар.

Многія з тых, хто быў у «Маладзёжцы», пасля разгону радыёстанцыі адмовіліся працаваць на дзяржаўным радыё, такім чынам прадэманстраваўшы салідарнасць і падтрымку сваёй галоўнай рэдактарцы Жанне Літвіной.

Потым, у 1995 годзе, многія з нас з’ядналіся ў Радыё 101,2 FM, якое «з ласкі» вышэйшага кіраўніцтва Беларусі праіснавала крыху больш за год і, як і наша «Маладзёжка», была зліквідаваная. А потым было першае «Радыё Рацыя» (1999–2002), дзе мы зноўку былі поруч.

Пасля лёс не па нашай волі раскідаў нас па розных мясцінах і калектывах. Але многія з нас да скону будуць удзячныя лёсу, што звёў з «Беларускай маладзёжнай». Гэта сапраўдная школа жыцця, школа прафесіі, школа сумлення і братэрства, майстэрства і салідарнасці».

Жанна Літвіна

Жанна Літвіна

«Дзякуй табе, «маладзёжка»! За часы творчай вольніцы, сяброўскае плячо, за  шчырасць адносінаў і трываласць, выхаваную нібыта паміж іншым, але такую непахісную ў надышоўшыя гадасныя  часы!» — пісала спадарыня Таццяна праз дзесяцігоддзі пасля закрыцця радыёстанцыі.

Верх Аксана Вечар, Віталь Сямашка, Жанна Літвіна. Ніз Ірына Курапаткіна, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер. 1994 год

Верх Аксана Вечар, Віталь Сямашка, Жанна Літвіна. Ніз Ірына Курапаткіна, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер. 1994 год

Кароткая эпоха «101.2»

Пасля ліквідацыі «Беларускай маладзёжнай» частка калектыву радыёстанцыі пры падтрымцы Фонда Сораса стварыла першую незалежную беларускамоўную FM-радыёстанцыю «101.2».

12_120.jpg

Былы дырэктар «101.2» Зміцер Новікаў у размове з «Еўрарадыё» прыгадваў, як усё пачыналася:

«Ствараў яго малады калектыў. Аснову Радыё 101,2 склалі працаўнікі «Беларускай маладзёжнай»: Вольга Бабак, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская, Алесь Хмяльніцкі, Алесь Дайнэка, а таксама шэраг іншых. Гук радыё рабілі Анатоль Додзь, Уладзімер Сакульскі, Сяргей Лабандзіеўскі, Зміцер Васількоў, Алесь Ляшкевіч, Алеся Верас. Вакол нас было шмат андэграўда, мастакоў...

Магу прыгадаць Міхаіла Князевіча, якога ніхто не ведае, відаць, нават з калег нашых, але, дзякуючы гэтаму чалавеку, мы атрымалі ліцэнзію на вяшчанне. Ён хадзіў па міністэрствах, сядзеў, дамаўляўся. Безумоўна, Жана Літвіна, якая была сцягам гэтага ўсяго, былы галоўны рэдактар радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», яна натхняла ўвесь гэты працэс і дапамагала яго афармляць у гэтыя прафісійна-журналісцкія рамкі.

У эфіры «101.2» таксама гучалі легендарныя галасы Касі Камоцкай, Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, Севярына Квяткоўскага.

З успамінаў Генадзя Кеснера:

«Гэта было нешта неверагоднае. Малады калектыў, сярэдні ўзрост журналістаў — 24 гады, але большасць ужо мела досвед працы на прафесійным радыё, менавіта ў «Маладзёжцы».

Без адзінай капейчыны дзяржаўных грошай на стварэнне. Чыста камерцыйнае радыё, але пры гэтым — чыста беларускае. Ніякай расійскай папсы, свабодны доступ да эфіру слынных беларускіх музыкаў, якім на дзяржаўным радыё часцяком паказвалі «ад варот паварот».

Нонканфармізм у вяшчанні, у выпусках навінаў, у падводках да музычных кампазіцыяў. І мудрая камерцыйная палітыка менаджараў, што дазволілі «Радыё 101,2» стаць самадастатковай арганізацыяй, якая сама сябе забяспечвала. А рэкламадаўцы павалілі на гэтае радыё ўжо праз некалькі месяцаў вяшчання».

Гэтаму радыё мары было наканавана праіснаваць усяго толькі адзін год, адзін месяц і 10 дзён. Трагічная навіна прыйшла, як кажуць, без абяўлення вайны. Севярын Квяткоўскій пісаў на «Радыё Свабодзе»:

«Проста прыйшоў факс, дзе інфармавалася, што ад 1 верасня праца хвалі 101,2 у фм-дыяпазоне будзе часова прыпыненая дзеля тэхнічных прычынаў. Маўляў, перадатчык у цэнтры Менску – на вуліцы Камуністычнай – замінае ўрадавай сувязі. І з мантажом новага перадатчыка ў новым месцы вяшчанне хвалі адновіцца...»

«Мы плакалі, не хаваючыся і не саромеючыся адзін аднаго. Паспелі паведаміць слухачам пра тое, што адбылося.

У апошнія хвіліны вяшчання 31 жніўня 1996 года тысячы клаксонаў аўтамабіляў па нашай просьбе засведчылі павагу да нашага радыё. Вуліца Няміга літаральна гула шмат хвілінаў, а даішнікі не ведалі, што гэта робіцца.

Не ведалі, што такім чынам нашы адданыя слухачы развітваюцца са сваім любімым радыё, якое праіснавала крыху больш за год, але ўлюбіла ў сябе дзясяткі тысяч людзей», – згадваў Генадзь Кеснер.

Хука вяшчане хвалі 101.2 сапраўды аднавілася, алё ёсць нюанс. Частату вяшчання найбольш свабоднага, прагрэсіўнага, сапраўды моладзевага беларускага радыё перадалі ганебнай канторы БРСМ з іхным радыё «Стыль», а пазней – «Пілот FM».

Але перад тым як сысці ў нябыт, студыя легендарнай радыёстанцыі падаравала беларусам яшчэ адзін цуд, які дагэтуль сагравае нашыя сэрцы.

Як распавядаў Севярын Квяткоўскі, «у асяродку і сценах «101,2» выспела і ўвасобілася музычная канцэпцыя зборніка вершаў Міхала Анемпадыстава, які ў выніку атрымаў назву супольнага музычнага праекту «Народны альбом».