Журналістыка — гэта служэнне грамадству, кожнаму з шчаслівых ці знясіленых людзей

2-га лютага — дзень нараджэння радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Яе ліквідавалі ў 1994-м — і ў абарону СМІ, што намінальна лічылася дзяржаўным, паўсталі слухачы, партыі, суполкі і арганізацыі… Безліч пратэсных заяў!



kalektyiu_belaruskay_maladzyozhnay_tretsi_zleva_staits_uladzimir_dzyuba_syadzyats_zleva_naprava_ina_studzinskaya_zhanna_litvina_tatstsyana_melnichuk_uladzimir_sakulski.jpg

Калектыў "БМ". Трэці злева стаіць Уладзімір Дзюба. Сядзяць злева направа: Іна Студзінская, Жана Літвіна, Таццяна Мельнічук, Уладзімір Сакульскі.

На час ліквідацыі — пад першыя ў краіне прэзідэнцкія выбары — «Беларуская маладзёжная» паспела адзначыць трыццацігоддзе. Звычайная па фармальнай структуры адзінка Дзяржтэлерадыё БССР — Галоўная рэдакцыя вяшчання для моладзі. Незвычайная — нават пры БССР — інфармацыйная платформа, здольная аб’ядноўваць, выхоўваць, весці наперад. І пераўзыходзіць у творчых конкурсах не толькі адпаведныя структурныя адзінкі ў рэспубліках СССР, але і славутую на той час  маскоўскую радыёстанцыю «Юность».

Недзе на пачатку новага веку — здаецца, у 2006-м, падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў, я гналася (інакш не скажаш) да кампа-перадатчыка, каб хутчэй паведаміць свету пра нейкае зноў надзвычайнае ў нашай прасторы здарэнне.

«Галасавала», памятаю, на Паўднёвым Захадзе — адчайна трэсла замерзлай у пальчатцы рукой перад рэдкімі аўто, што абміналі мяне, не зважаючы. Затармазіла адно — ускокваю, гавару, куды везці. І расслабляюся ад цёплага салона, хвілін пяць-сем сама з сабою, прыкідваю, што зараз тэрмінова трэба зрабіць.

Мы пад’ехалі па названым мною адрасе, я ад перанесенага холаду ачуняла і, гатовая выбегчы, рашуча тыркаю нейкія грошы маўкліваму дасюль кіроўцу.

Мужчына адводзіць маю руку: «Не трэба».

Не паспяваю я супярэчыць, як  ён пытаецца: «Вы — Таццяна? Вы вялі праграмы «Беларускай маладзёжнай»? Я вас па голасе пазнаў».

«Так, — прызнаюся, — вяла. Але тое было ўжо больш за дзесяць гадоў таму! Вы ведаеце, што мы не выходзім у эфір з 1994-га?».

«Ведаю, — кажа. — Шкадую і ўсіх вас люблю. Не трэба мне грошай».

Я, збянтэжаная і засмучоная, доўга мармытала «дзякуй!» і яшчэ даўжэй не магла ўзяцца за неадкладную тады працу…

Дзякуй табе, «маладзёжка»! За часы творчай вольніцы, сяброўскае плячо, за  шчырасць адносінаў і трываласць, выхаваную нібыта паміж іншым, але такую непахісную ў надышоўшыя гадасныя  часы! Калі нас «расфарміроўвалі» і правакавалі асесці ў стабільных рэдакцыях, на стабільным заробку, 18 тваіх вольных птушак не здрадзілі вольнасці, выштурхнуліся ў вірлівы свет — і не згубіліся. Наша маладзёжная зграя — у розных СМІ, на розных пасадах, у фрылансарстве, на хлебе і вадзе — узрасціла птушанят, якія зараз ужо дзе арлы, дзе «драпежнікі», дзе клапатлівыя гаспадыні гнязда, столькі гадоў захінаючыя крылом тых, хто «на крыло» устае.

belaruskaya_maladzyozhnaya_aksana_vechar_zmitser_lukashuk_genadz_kesner_zhanna_litvina_vital_syamashka_iryina_kurapatkina_syadzyats_zmitser_novikau_i_uladzimir_sakulski_.jpg

"БМ": Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жана Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць: Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі

Пачні пералічваць прозвішчы — «пракруткі» на комп-экране не хопіць. Падмацаваныя паўстаўшымі за «Беларускай маладзёжнай» падаўжальнікі з «Радыё 101.2», газеты «Беларуская маладзёжная»  — паўсюль: ад «Новага часу» да TUT.BY, «Еўрарадыё», «Радыё Свабода». Ад Польшчы, Амерыкі, Брытаніі да гаючых беларускіх рэгіёнаў, дзе быць журналістам роўнае быць героем — што ў плане прафесійным, што ў побытавым, на відавоку ўсіх.

У нас, «маладзёжнікаў», была толькі адна здрада — маладая супрацоўніца  радыёстанцыі пасля нашага разгону стала чыноўніцай Мінінфарма і пры сустрэчах  каторы год  нашых не пазнае. Астатнія — тыя, што ў «вольніцы» ці праз гады трапілі ў дзяржструктуры, усё ж засталіся нашымі.

Я думаю зараз: мы яшчэ нешта можам?

Я ведаю: мы ўжо шмат змаглі.

У неспрыяльны па ўсіх паказчыках час мы змаглі не толькі захаваць сябе вернымі прынцыпам нашай «маладзёжкі», але выхаваць пакаленне падобных да нас. Іх «прамыя эфіры» зараз  называюцца онлайн-трансляцыямі, іх рэпартажы гучаць праз папулярнае зараз відэа, іх тэксты карацейшыя за нашы крымінальныя нарысы, але пазначаныя як журналісцкае расследаванне. Нашы паслядоўнікі, дзякуючы БАЖ і трэнерам-«маладзёжнікам» — нашы пераемнікі.

na_belaruskay_maladzyozhnay_1111.jpg

На "Беларускай Маладзёжнай"

Мне толькі вось пра што вас трэба папярэдзіць: у крытычны для краіны час, калі паўстане нейкае ГКЧП (у нас так было на развале Савецкага Саюза) ці якая небяспечная трасца пад іншай назвай, памятайце: часовыя і нібыта трывалыя ўлады могуць называцца рознымі імёнамі, назва нашай прафесіі і місіі адна — журналістыка. Журналістыка не мае «улюбіцца» ў нейкую ўладу ці нейкага правадыра, бо правадыры і асвечанымі імі ўлады зыходзяць, а нашае «другое з старадаўніх» рамяство застаецца.


Журналістыка — гэта служэнне грамадству, кожнаму з шчаслівых ці знясіленых людзей, якія чакаюць навінаў на лепшае жыццё. Пры чым тут уладары, што мяркуюць, як лепш, з сваёй высоткі?

А што да метадаў і рамяства, «Беларуская маладзёжная» гатовая падзяліцца.

Мы выйшлі ў прамы эфір, як толькі падзеі жыцця пачалі апярэджваць графік эфірнага раскладу. Падобнае (прамы эфір) існавала і да нас — недзе ў 60-х гадах цяпер мінулага веку. Але тое было з-за недасканаласці эфірнага вяшчання, перадачаў у запісе не было. У наш савецкі час усе перадачы былі ў запісе, расшыфроўваліся да коскі і перачытваліся цэнзарам. Я памятаю, як мы з Ленай Сцяпанавай «прабівалі» ў эфір прызнанні вайскоўцаў, што выконвалі «інтэрнацыянальны абавязак» у Афганістане: у студыі Дома Радыё сядзеў і распавядаў нам малады хлопец без нагі, а па афіцыйнай версіі  ніякіх хлопцаў у Афгане Савецкі Саюз не губляў і інвалідаў-вайскоўцаў не меў. Цэнзар доўга злаваўся. Мы доўга настойвалі на выхадзе ў эфір хоць і пакрамсанай цэнзарам, але жудаснай размовы. Але праграма выйшла.

radyiyostantsyiya_belaruskaya_maladzyozhnaya_1990_god.jpg

У эфіры Жана Літвіна

Выснова першая, спрадвечная — настойлівасць камень точыць. Цэнзурай камень завецца ці інакш, настойлівасць — рэч нязменная.

Заўвага другая: лавіце момант! Недзе там, на скананні СССР, але калі ўсё яшчэ было моцна і абяцала «разборкі», мы з калегамі-журналістамі ішлі ў Курапаты. У «закрыты» для інфармацыйнага асвятлення раён, забароненае месца. У Доме радыё нас папярэдзілі: «рэпарцёры» (тагачасныя прылады гуказапісу вагай за пяць кілаграмаў) з канторы не выносіць, хто наважыцца — звальненне. У калоне на Курапаты я пачула, што падобнае запатрабавалі і ад фатакораў. Нехта з іх, сяброў, у Курапатах аднак сказаў: «Ну што, Таня, даставай з мяшэчка свой «рэпарцёр» — і вызваліў з-за пазухі сваю камеру. Страшнавата было першыя хвіліны, потым мы працавалі, забыўшыся на пагрозы і захопленыя дзеяй. Гукі і здымкі той падзеі дагэтуль у архівах беларускай гісторыі.

І парада апошняя, але найгалоўная: збярыце, мацуйце, шануйце каманду! З аднадумцамі вы зможаце ўсё! Нават калі вашу рэдакцыю (СМІ) зачыняць, скасуюць, разгоняць — вы застанецеся побач. Павязаныя адным лёсам і адной мэтай. Адзіным адчуваннем абавязку і адданасці. Адным сумленнем.

Як мы, у «Беларускай маладзёжнай».

З камандай можна не толькі выжыць, але жыць годна. «Беларуская маладзёжная» таму зарок.

Фота сайта 90s.by