Беларускае кіно… неіснуючае
— А я, калі вайна скончыцца, пайду вучыцца, каб кіно рабіць.
— Якое кіно, нямецкае? (Паўза. Пётраў рогат.) А якое, савецкае? (Ізноў Пётраў рогат.)
— Наша кіно, беларускае!
— Гэта ты дурны, Пятро! Няма ніякага беларускага кіно і не будзе ніколі...
Размову са стужкі Андрэя Кудзіненкі: «Акупацыя. Містэрыі» можна па праву лічыць найлепшым дыялогам (сцэнар напісаў Аляксандр Качан) таго самага неіснуючага беларускага кіно. У
нейкім сэнсе гэты дыялог апярэджвае яшчэ не на сто адсоткаў беларускі фільм. Але пра ўсё па чарзе.
Фільм гэты складзены са шматлікіх элементаў, але ў выніку — надзвычай цэласны арганізм. Адпаведна, каб быць беларускім, ён павінен быць беларускі ў кожным сваім элеменце. У малярстве,
паэзіі, музыцы ўсё нашмат больш сінгулярна, а кіно — гэта цэлы арганізм. Дзяўчына з заходняй Беларусі, дзе адбываюцца падзеі, не мае права гаварыць па-польску з расійскім акцэнтам. Расійскі
пранонс знішчае цэласнасць прэтэнзій на беларускасць фільму і разбівае яе на дробненькія аскепкі. Таму што для таго, каб зрабіць беларускі фільм, не дастаткова, каб сцэнар быў напісаны беларускім
сцэнарыстам, здымкі зробленыя беларускім рэжысёрам, а ў фільме задзейнічаныя беларускія акторы. Насуперак пашыранаму ўяўленню, беларускасць фільму акрэслівае не толькі яго вонкавая беларускамоўнасць,
але і ўменне задзейнічаных стваральнікаў фільма думаць па-беларуску. А з гэтым ужо больш складана.
Возьмем, напрыклад, другі фільм Андрэя Кудзіненкі «Масакра», на які цэтлік «новае беларускае кіно» быў павешаны заўчасна. Тут, як і ў большасці небеларускіх
фільмаў, прысутнічае лютае памкненне адлюстроўваць сацыялінгвістычныя рэаліі, пры адначасовай расхлябанасці ў астатнім. Ніхто, мабыць, столькі не засяроджвае ўвагі на нібыта дакладным прадстаўленні
моўнай сітуацыі, як сучасныя стваральнікі кіно пра Беларусь. У шматлікіх анонсах чытаем: «Самая адметная рыса сцэнару: кожны з герояў гаворыць на сваёй мове. Граф і нявеста размаўляюць
па-польску, госці-чыноўнікі — па-руску, а сяляне — на беларускай». Асноўная мэта такога падыходу ў тым, каб апраўдаць тое, што фільм не здымаецца на беларускай мове. Маўляў
— усё так, як было ў той час. Тады зноў, чаму пры такой лабараторнай дакладнасці, Ганна з цёткай, улічыўшы, што польская мова для іх родная, гавораць на ёй з рускім акцэнтам? Дарэчы,
беларуска Аксана Лясная ў такім параўнанні гучыць нашмат больш пераканаўча. Калі рускіх актораў навучыць гаварыць па-польску (а ў прынцыпе, на крэсовай польскай гаворцы), можа, і складана, дык чаму,
напрыклад, зноў жа дзеля дакладнасці, не скарыстацца тэхнікай дабінгу. Больш за тое, ну не можа лічыцца беларускім фільм, у якім беларуская мова перакладаецца субтытрамі на рускую. Такі фільм мэтава
робіцца для рускай аўдыторыі, якая не разумее ані польскай, ані беларускай. Прычым адваротнае (перакладанне рускай беларускімі субтытрамі) было б ужо значна больш дарэчы.
Калі ў галоўных ролях здымаюцца тры расійскія акторы, то фільм наогул беларускім быць не можа па сваім вызначэнні. Спасылацца на адсутнасць добрых актораў не варта, бо задзейнічаныя ў другапланавых
ролях беларускія акторы іграюць ярка і шыкоўна. Атрымліваецца, што ледзь не адзіны сапраўды беларускі элемент фільму — гэта мастацкае аздабленне Артура Клінава і ягоныя надзвычай
арыгінальныя саламяныя скульптуры.
Калі аднойчы мне пашанцавала гасцяваць у Лондане ў легендарнага айца Надсана, то давялося пачуць ад гаспадара вельмі цікавую думку. Калі я пытаўся ў яго, пад якім дахам найлепш шукаць сховішча для
невялічкага збору кніг беларускага цэнтра ў Познані, ён адказаў, што лепш за ўсё — пад сваім. У прыклад айцец Надсан прывёў дзейнасць беларускай бібліятэкі ў Лондане і сказаў, што пакуль мы,
беларусы, будзем залежаць ад чужых грошай, датуль давядзецца танчыць пад дудку дабрадзеяў. Дык вось, да ўсяго сказанага, беларускі фільм яшчэ павінен быць зняты за беларускія грошы. Вядома,
патрабаванне гэта ў наш час больш чым складанае, але будзем спадзявацца, што не немагчымае. У выпадку, калі нашы фільмы будуць працягваць здымацца за чужыя грошы, то такія гістарычныя моманты, як,
напрыклад, верасень 1939 года, застануцца нам бачныя праз прызму грантадаўца. Кіно патрабуе занадта вялікіх сродкаў, каб дазволіць стваральнікам заносіць у яго сваю беларускую кантрабанду.
Ну а пакуль сучаснае беларускае кіно хутчэй на падыходзе, чым на гарызонце, то прапаную ў чаканні часцей звяртацца да нешматлікіх, але сапраўдных беларускіх фільмаў — «Хрыстос
прызямліўся ў Гародні» (1967, 1989) ці «На чорных лядах» (1994), якія на сваім прыкладзе адлюстроўваюць агучаную тут складанасць і драматычнасць праблемы.