Ці можна забараніць Святога Міколу? Выходзіць калядная казка паводле беларускіх падзей

Пісьменніца Наталля Харытанюк падтрымлівала пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў Беларусі ў 2020 годзе. Калі стала зразумела, што рэпрэсіі раскручваюцца ўсё больш, Наталля пакінула краіну і цяпер з дзевяцігадовым сынам Багданам жыве ў Батумі. Яшчэ ў Мінску пад уражаннем ад беларускіх падзей яна напісала «Казку пра тое, як Святога Міколу забаранялі», і цяпер выдае яе адразу на шасці мовах.


«Багі помсцяць страшна»

— Першым імпульсам для напісання казкі быў абсурд, калі мінулай зімой я пабачыла навіну, што ў Менску сілавікі разагналі забег Санта Клаўсаў і затрымалі ўдзельнікаў. І мне адразу ўзгадаліся Эзра Паўнд і Уільям Ейтс, у гэтых мадэрністаў на розных узроўнях была вельмі важная тэма: што бывае з тым, хто скрадае Бога. Гэта старажытная гісторыя, якая ажыццяўляецца тут і цяпер. Яны рэальна скрадаюць — не Бога, але святога. Яны спрабуюць задушыць святло, касмічнае, якое немагчыма задушыць. Яно пераходзіць людзям праз род, праз маму і тату, а для супольнасці — праз нацыю. І хтосьці дазваляе сабе спрабаваць гэта задушыць. Але багі помсцяць страшна ва ўсіх гісторыях і культурах. Гэтая помста будзе, яна ўжо ідзе. Мы павінны ўмацоўваць сваё святло, але мы не пераможам іх зброяй.

Што праўда, у «Казцы пра тое, як Святога Міколу забаранялі» помста вельмі «вегетарыянская»: цёмныя сілы святы забельвае снегам і дзеці закідваюць іх чырвонымі яблыкамі. Ім не застаецца нічога, як арыштаваць саміх сябе за «недазволенае спалучэнне колераў».  

Беларускія падзеі выбараў 2020 года могуць прэтэндаваць і на больш маштабныя жанры, але аўтарка абрала менавіта казку. Не толькі таму, што нам усім у цяжкія часы хочацца цудаў. Беларуская гісторыя яшчэ не скончаная, таму немагчыма напісаць пра гэта, напрыклад, раман. Да таго ж падзеі змяняюцца так хутка, што можна толькі паспяваць занатоўваць. Таму пісьменнік Саша Філіпенка раіць усім цяпер пісаць дзённікі — пасля яны змогуць стаць вялікім скарбам для найноўшай беларускай літаратуры і мастацтва.


«Я выбіраю любоў, а не страх»


Раней Наталля Харытанюк напісала апавяданне «Канспірацыя», заснаванае на ўражаннях ад маршаў пратэсту 2020 года. Там ёсць такі радок: «Восень надыйшла і перамалола нас». Пасля гэтага, праўда, нас перамолвала і зіма, і вясна, і лета, і новая восень, і зноўку зіма… Суразмоўца распавядае, як, прайшоўшы праз гэтыя жорны, можна працягваць не толькі жыць, але і ствараць казкі, поўныя дабрыні, любові, надзеі і чараўніцтва.

— Перамалола са страшнай сілай, і перамалола б яшчэ больш, калі б не было нейкай глебы, на якую можна абаперціся. Мяне калісьці адна цудоўнай жанчына, менскі псіхолаг, навучыла, што найлепшы паратунак у самых страшных сітуацыях, — гэта ўдзячнасць. Трэба быць удзячным і знаходзіць месца, дзе ты адчуваў любоў, і патрошку выратоўваць сябе праз гэта. У мяне ўсю восень 2020-га, калі яшчэ былі актыўныя акцыі, кожную раніцу была мантра: «Я выбіраю любоў, а не страх». Проста да аўтаматызму. І калі ты ў гэтым стане любові, табе нічога не страшна.

Пасля замест «страху» я пачала дадаваць іншыя словы. Бо я выратавалася фізічна, з’ехала. Але ўсё было няясна, апускаліся рукі, усё расцякалася, была ўжо дэпрэсія. А калі ты згадваеш, як усё было напачатку — дзеля любові, тады патрошку нараджаюцца сілы і хочацца нешта рабіць. Калі я была ў Менску, гэта былі лісты палітвязням. Нас вельмі моцна падкасіла, калі лісты перасталі даходзіць. Чалавек так пабудаваны, што калі яго праца становіцца бессэнсоўнай, ён апускае рукі.


Тут на дапамогу Наталлі і прыйшла яе казка. Яна пісала яе ўзімку і дапісвала вясной, яшчэ не ўяўляючы, як яе можна выдаць.

— Я думала, што мы зараз пераможам, а потым стала зразумела, што так хутка не атрымліваецца. Мне захацелася яе выдаць, але часу было вельмі мала. Я не прафесійны чалавек у кнігавыдавецтве, але ўжо ведаю, што для мастака тры месяцы — вельмі мала, дзіцячую казку трэба рабіць цэлы год. Але мастачка Лізавета Ганчарова зрабіла цуд.

Я яе не ведала, але яна пабывала ў лапах зла разам з бацькам. Гэтая крохкая, далікатная, вытанчаная дзяўчынка адседзела 15 сутак.

Я шукала сярод сяброў, каго можна папрасіць быць ілюстратарам, пры тым, што грошай у мяне няма і ўсё няясна. І мне некалькі чалавек сказалі пра Лізу. Я даслала ёй казку, і праз некалькі хвілін пасля прачытання яна мне сказала «Так».


«Зняць абутак, каб стаць на лаўку, — гэта так па-беларуску!»

— Я не ведаю, ці гэта было тэрапеўтычна для яе, але мне здаецца, што ўсім, хто прайшоў праз гэтую траўму, — і дзецям, і дарослым, — трэба вяртацца ў гэтую сітуацыю, праглядаць яе і прагаворваць. Але з нейкай падтрымкай. У казцы гэта — Святы Мікола, такая светлая моц побач, якая дазваляе пабачыць нашую сілу і прыгажосць не ў той фізічнай перамозе, якая пакуль не на нашым баку, а ў духоўным вымярэнні.

Я думаю, што ў гэтым плане Ліза шмат чаго дадала. Напрыклад, яна вырашыла не маляваць балаклавы і такім чынам не помсціць, бо яны самі сабе адпомсцілі. І яна знайшла спосаб паказаць гэтыя чорныя сілы ў фантастычным вобразе галоднага ваўка — зло заўжды галоднае. І з іншага боку — людзей, светлых і ўтульных. Яны, канешне, крыху напалоханыя, але з імі застаюцца гісторыі, якія яны пераказваюць адно аднаму на Каляды, спевы, нейкія інтуітыўныя рашэнні дзяцей. Гэта ўсё — наш культурны код, які проста так не расцярушыш, але ім трэба апекавацца, яго трэба прамаўляць, паказваць. Па пунктах не раскажаш, што гэта — ён праяўляецца ў паводзінах і рэакцыях. Нават калі людзі знялі абутак, каб стаць на лаўку, — гэта так па-беларуску!



Распавядаючы пра гэта, Наталля не можа стрымаць слёз. Яна прызнаецца: да падзей 2020 года яна не плакала шмат гадоў. Але потым слёзы пачалі з’яўляцца самі сабой з розных нагодаў.

А для мяне Наталчыны слёзы — сведчанне таго, што яе казка — гэта не проста мастацкі твор. Гэта і спроба нам яшчэ раз убачыць саміх сябе — сапраўдных, светлых і прыгожых, і палекаваць свой душэўны боль. І магчымасць такім чынам распавесці пра падзеі ў Беларусі замежным чытачам — у кнігі ўжо ёсць рускі, украінскі, англійскі, італьянскі і грузінскі пераклады. І, канешне, яшчэ адно перакананне, што ў рэшце рэшт зло пажырае само сябе.

— Для мяне самой у казцы ёсць тэрапеўтычны момант, калі хлопчык Міхал атрымлівае ў падарунак яблык, хоць ён забыў верш, які павінен быў расказаць Святому Міколу. Мне было важна пачуць, як сам святы кажа Міхалу: «Не вінаваць сябе за тое, што ты чагосьці не заслужыў». Ты не мусіш нешта рабіць, каб атрымаць безумоўную любоў, бо яна і так ёсць. Нам трэба не вінаваціць сябе, што мы як нацыя і як кожны чалавек недастаткова рабілі. А трэба проста бачыць, трэба дзякаваць, паглыбляцца ўнутр сябе і чуць. Зміцер Дашкевіч стаіць з агменем у святым месцы (Курапатах. — НЧ) і кажа, на мой погляд, ключавую рэч: нам трэба пакаяцца як нацыі за тое, што было. Тады мы зможам перайначыцца. Але гэта вельмі цяжка.


Святы Мікола бліжэй да Мэрліна, чым да Санта Клаўса

Галоўны персанаж у казцы паходзіць з глыбіні беларускай традыцыі. Для кагосьці, асабліва сучасных гараджан, няма Святога Міколы, але ёсць Санта Клаўс ці Дзед Мароз.  

— У мяне бацькі з вёсак, таму імя Святога Міколы ў нас гучала і было важным. У нас была сямейная легенда пра яго. У часы вайны тата майго таты з-пад Берасця, якога звалі Мікола, дапамагаў габрэям выехаць з берасцейскага гета, якое належала да Украінскай акругі, на поўнач, да мяжы Прускай акругі. Там таксама было гета, але габрэям было лягчэй адтуль ратавацца. Ён перавозіў іх на сваёй фурманцы. І аднойчы 19 снежня, у дзень Святога Міколы, ён пачуў голас: «Спыніся». Ён спыніўся на павароце, і ў той час акурат праязджалі немцы. Калі б ён не спыніўся, яны праверылі б яго і знайшлі людзей. Я калісьці напісала апавяданне па гэтых падзеях «Фурманка Святога Міколы», гэта было маё першае надрукаванае апавяданне, з якога ўсё і пачалося.  

Мне вельмі хацелася, каб Святы Мікола ў казцы быў не з гэтых, камерцыйных часоў, а з тых, дзе падарункам было — падказка і ўратаванне. І калі мы з Лізай пра гэта размаўлялі, яна сказала: «А! Гэта маг! Гэта Мэрлін!».

І яшчэ я хацела, каб ён быў з добрым пачуццём гумару. Гэта не пра «смешныя прыколы», а такі сусветны гумар, фундаментальны, калі лёгкасць светлага боку настолькі моцная, што спробы чорных сіл здаюцца яму смешнымі. І змагаецца з імі ён смехам.

Як ужо было згадана, казка адначасова выходзіць па-беларуску і ў пяці перакладах. Першапачаткова ў Наталлі была ідэя надрукаваць кніжкі ў асноўных краінах, куды пераязджаюць беларусы, каб мясцовыя жыхары маглі даведацца пра нас праз казку. Але гэтую задуму давялося крыху перайначыць. Кінуўшы кліч па сябрах, Наталля знайшла людзей, якія бясплатна пераклалі казку на пяць моў. Але ці будзе зразумелы замежным чытачам беларускі кантэкст?

— У друкаванай кнізе на задняй вокладцы будзе фраза, што, на жаль, гэта не казка, а сапраўдная рэчаіснасць, якая здарылася з намі. Ва Украіне гэта ўсё балючае, адчуваецца і разумеецца. Думаю, грузінам гэта таксама моцна адгукнецца, таму што частка іх тэрыторыі акупаваная. Пытанне з англамоўнымі і італьянамоўнымі чытачамі, бо для іх гэта зусім іншы свет. Ім будзе цяжка паверыць у такі ўзровень абсурду, таму для іх гэта будзе проста казка, але я спадзяюся, што яна выцягне пытанне, як такое магло здарыцца.

Сёлета да Калядаў «Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі» выйшла ў электронным выглядзе ў польскім выдавецтве KEW (Калегіюм Еўропы Усходняй, Уроцлаў). Налета з’явіцца і друкаваная кніжка.

— Праца над гэтай кнігай ішла вельмі цяжка, было вельмі шмат зачыненых дзвярэй. Але кожны раз, калі хацелася апусціць рукі, раптам зніадкуль з’яўлялася вялікая армія людзей, якія дапамагаюць. І гэта добры ўрок, што не трэба так хутка знявервацца. Жыццё не абавязанае з намі размаўляць, калі мы задаем пытанні. Але мы павінны падымацца і ісці далей.

Апроч аўтаркі Наталлі Харытанюк і мастачкі Лізаветы Ганчаровай над выданнем працавалі і працягваюць працаваць дызайнерка пад псеўданімам Парэчка, Макс Шчур, які рэдагаваў беларускі тэкст. Над украінскім перакладам працаваў «хросны бацька» кнігі Вячаслаў Лявіцкі, рэдактар англійскага перакладу — Шамал Ратнаяка. Рэдактуру рускамоўнай версіі рабіла Валянціна Сокалава. У стварэнні кнігі дапамагаюць беларус з Францыі Павел Хівук, а таксама яшчэ адзін мецэнат, які пажадаў застацца невядомым.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: