Цімох Акудовіч: «Беларускамоўная прастора стала найлепш пасаваць для душэўных гутарак»
Для пашырэння беларускамоўнага асяроддзя не так даўно была створана платформа «Вольная мова». Планавалася, што гэта будзе інтэрнэт-ляцоўка для размоваў па беларуску, дзе людзі будуць сустракаца ў рэжыме анлайн, для таго каб проста паразмаўляць на беларускай мове, абмяркоўваючы пэўныя цікавыя рэчы.
Як аказалася, з часам «Вольная мова» стала выконваць яшчэ адну не менш, а, магчыма, нават і больш важную ролю.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў каардынатар праекта, гісторык і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч.
“Плануючы «Вольную Мову», я думаў, што гэта найперш будзе пра моўную практыку, а не пра людское. Дакладней, фармаванне сяброўскіх камьюніці было (і застаецца) адной з важнейшых задач праекта, але гэта бачылася хутчэй як пазітыўныя і бадзёрыя гаварыльні.
Але ўсё часцей бачу, што на нашых гутарках людзі не проста балбочуць, але дораць адно аднаму суцяшэнне.
Напэўна, такім словам можна апісаць эмоцыю, якая там нараджаецца.
Неяк так склалася, што менавіта беларускамоўная прастора, якая шмат кім успрымаецца цяпер як прастора свабоды і чалавечнасці, стала найлепш пасаваць для душэўных гутарак. Не заўсёды эмацыйных, але амаль заўсёды цёплых.
Вось жа, напярэдадні Калядаў не пра мову, а пра людзей.
Калі вы хочаце падзяліцца кавалачкам сябе і згенерыраваць невялікую крыніцу супольнай радасці для іншых людзей, то далучайцеся. З вялікай доляй верагоднасці вы падтрымаеце кагосьці, хто цяпер смуткуе".
Вось тут можа запісацца і паспрабаваць сябе вядоўцам.
Або проста далучайцеся да гутарак. У сацсетках праекта штодзень публікуюцца штодзень публікуюцца анонсы сустрэч: Facebook, Instagram, Telegram.