Таварыства беларускай мовы пакінула свой мінскі офіс
Таварыства беларускай мовы развіталася са сваім офісам у Мінску. Старшыня ТБМ Алена Анісім вярнула ўласніку ключы ад пустога памяшкання.
«У душы смутак ад усяго, што адбылося. Тым не менш мы
верым, што ў нашых руках наша будучыня. Мы ўпэўненыя ў тым, што наш народ і
родная беларуская мова вартыя лепшай долі. На гэта і накіруем свае
намаганні», — піша яна ў Facebook.
ТБМ — адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый, заснаваная
яшчэ ў савецкія часы. Яе мэта — падтрымка і развіццё беларускай мовы і
культуры.
8 лістапада 2021 года Таварыства беларускай мовы было
ліквідаванае Мінюстам Беларусі. Раней у грамадскай арганізацыі назапасіліся
камунальныя пазыкі: разам з пеняй — 20 тысяч рублёў.
Паводле «Еўрарадыё».