Чым усхваляваны абаронцы спадчыны?
Найбольш актуальнай сёння з’яўляецца праблема захавання старадаўніх сядзібна-паркавых ансамбляў і гістарычных цэнтраў гарадоў і вёсак Беларусі, заявіў у інтэрв’ю карэспандэнту НЧ старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Ён нагадаў, што за савецкім часам на Беларусі найбольш нішчыліся помнікі культавага дойлідства. Прычым, калі першая хваля амаль татальнага знішчэння святыняў зафіксавана ў 1920–1939 гады ва Усходняй Беларусі, дык другая хваля іх разбурэння па ўсёй Беларусі прыпадае на гады так званай хрушчоўскай «адлігі», як неафіцыйна пазначаецца ў гісторыі СССР перыяд пасля смерці Іосіфа Сталіна — з 5 сакавіка 1953 года па 1964 год, сказаў Астаповіч.
На ягонае меркаванне, улады свядома нішчылі ў БССР не шараговыя, а знакавыя, унікальныя аб’екты культавага дойлідства, такія, як помнік позняга барока касцёл у ансамблі Беразвецкага кляштара базыяльнаў другой паловы XVIII стагоддзя (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці), помнік архітэктуры барока першай паловы XVIII стагоддзя касцёл у комплексе Полацкага езуіцкага калегіума (Віцебская вобласць), помнік архітэктуры барока першай траціны XVII стагоддзя касцёл у ансамблі Пінскага кляштара езуітаў (Брэсцкая вобласць) і самы вялікі на Беларусі храм, гатычна-рэнесансны Гродзенскі касцёл Прачыстай Маці Боскай (Фара Вітаўта) другой паловы XVI стагоддзя. «І рабілася гэта дзеля таго, каб размыць адметную нацыянальную культурную ідэнтычнасць беларусаў», — падкрэсліў старшыня таварыства.
Так, паводле ягоных слоў, калі падчас хрушчоўскай адлігі на Беларусі нішчыліся хрысціянскія святыні, у гэтых ж самы перыяд яны ўзнаўляліся ў Расіі, пра што сведчыць рэстаўрацыя цудоўнай старажытнай Петрапаўлаўскай царквы XII стагоддзя ў Смаленску і лёс іншых расійскіх праваслаўных храмаў, разбураных бальшавікамі пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Разам з тым, як адзначыў Астаповіч, у 1960-я гады на Беларусі масава разбураліся не толькі вядомыя культавыя аб’екты хрысціянства, але і юдаізму, у тым ліку ўнікальныя сінагогі ў Гродне, Сапоцкіне (Гродзенскі раён Гродзенскай вобласці), Воўпе (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) і Свіры (Мядзельскі раён Мінскай вобласці). «Прычым, часцяком у так званых навуковых працах гэтыя святыні габрэйскай спадчыны лічыліся знішчанымі не савецкімі ўладамі, а нямецка-фашысцкімі захопнікамі», — адзначыў старшыня таварыства. Ён звярнуў увагу на тое, што за савецкім часам была страчана большасць аб’ектаў габрэйскага культавага дойлідства.
«Адзінай светлай плямай у справе захавання помнікаў айчыннай архітэктуры ў гады савецкай улады быў добры стан сядзібна-паркавых комплексаў, якія прыстасоўваліся пад розныя патрэбы, у тым ліку пад школы, інтэрнаты, бальніцы, санаторыі, праўленні калгасаў і дырэкцыі саўгасаў. І менавіта таму, што гэтыя ансамблі прыстасоўваліся ўладамі пад пэўныя функцыі, яны і захаваліся да нашых часоў», — падкрэсліў Астаповіч. Разам з тым, паводле ягоных слоў, напрыканцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў сітуацыя з сядзібна-паркавымі ансамблямі «катастрафічна пагоршылася», бо гэтыя аб’екты згубілі свае ранейшыя функцыі з пабудовай на вёсцы новых будынкаў сацыяльна-культурнага і адміністрацыйнага прызначэння. У сувязі з тым, што помнікі старасвецкай шляхецкай культуры засталіся без гаспадароў, пачалося іх імклівае разбурэнне. Прыкладна ў такім жа становішчы апынулася і планіровачная структура старадаўніх цэнтраў шматлікіх населеных пунктаў краіны — шараговая грамадзянская і прамысловая гістарычная забудова», — сказаў старшыня таварыства. Вось чаму, паводле ягоных слоў, менавіта абароне такіх помнікаў дойлідства таварыства аховы помнікаў надае першаступеннае значэнне.
Да найбольш балючых кропак айчыннай сістэмы аховы аб’ектаў матэрыяльнай спадчыны Астаповіч адносіць невыкананне дзеючага заканадаўства ў галіне зберажэння помнікаў з-за адсутнасці на гэта дзяржаўнай волі. Сярод актуальных праблемаў айчыннай рэстаўрацыі Астаповіч назваў несістэмны падыход да гэтага важнага пытання. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра адсутнасць навукова-даследчых інстытутаў па пытаннях рэстаўрацыі, невысокі ўзровень тэхналагічнай культуры ў справе аднаўлення помнікаў, нізкую якасць і трываласць рэстаўрацыйных матэрыялаў, а таксама недахоп рэстаўрацыйных праектных і падрадных структураў, асабліва ў рэгіёнах, і кваліфікаваных кадраў рэстаўратараў, у першую чаргу мастакоў і архітэктараў. «І гэта пры тым, што Беларусь займае вядучае мейсца ў Еўропе па долі бюджэтных сродкаў, вылучаных на рэстаўрацыю помнікаў дойлідства. Але шматлікія выпадкі ігнаравання заканадаўства, нездавальняючая якасць засваення бюджэтных сродкаў пры бескантрольнасці працэсу рэстаўрацыйных работ з боку дзяржавы і грамадства прыводзяць да мізэрных вынікаў», — падкрэсліў старшыня таварыства.
Разам з тым, на ягоную думку, грамадскасць не ў поўнай меры выкарыстоўвае свае рэсурсы ў пытаннях зберажэння і аднаўлення помнікаў архітэктуры. «Замест павярхоўнага ўздымання праблемаў на тле адных эмоцыяў без унікнення ў справу трэба працаваць выключна ў прававым полі, абапіраючыся толькі на заканадаўства і іншыя нарматыўна-прававыя акты ў галіне аховы гістарычных каштоўнасцяў», — сказаў Антон Астаповіч.