Чаму Караткевічу не спадабалася экранізацыя яго «Дзікага палявання»?
Уладзіміру Караткевічу экранізацыя не спадабалася: ён палічыў, што рэжысёр не перадаў галоўную думку закладзенага ім сюжэту.
«Дзікае паляванне караля Cтаха» — культавая аповесць Уладзіміра Караткевіча, горача любімая беларусамі. У 1979 годзе на экранах з’явілася экранізацыя легендарнай аповесці, якая выклікала ажыятаж і стала адным з самых папулярных фільмаў таго перыяду. Аднак самому Уладзіміру Караткевічу экранізацыя не спадабалася: ён палічыў, што рэжысёр не перадаў галоўную думку закладзенага ім сюжэту. Аб тым, як здымалі экранізацыю вядомай аповесці, і чаму меркаванні аўтара і гледачоў так моцна разышліся, пагаварылі з культуролагам Вольгай Раманавай. Вольга зараз піша кнігу з працоўнай назвай «Савецкі беларускі кінематограф. Даследчыя сюжэты».
Пра стварэнне вобраза «савецкага беларуса» і яго экранныя альтэрнатывы
«Сама па сабе гісторыя беларускага кіно прапісана даследчыкамі даволі добра, мяне ж цікавяць сучасныя інтэрпрэтацыі, магчымасці і межы посткаланіяльнай даследчай оптыкі, палітычныя і сацыяльныя кантэксты і тое, што фільмы могуць нам расказаць пра ХХ стагоддзе сёння. Напрыклад, я шукаю ў кіно і іншых гістарычных матэрыялах адказы на пытанні, як у сталінскі перыяд стваралі «савецкага беларуса» і ці былі ў вобраза «савецкага беларуса» экранныя альтэрнатывы — у 1920-я гады і пачынаючы з адлігі. Папярэдні адказ — так, былі.
Адзін з такіх даследчых сюжэтаў — пошук адказу на пытанне, як у савецкім беларускім кінематографе праявілася тэндэнцыя нацыянальнага паэтычнага кіно. З другой паловы 1960-х гадоў у нацыянальных кінематаграфіях з’яўляюцца фільмы, дзе адначасова прысутнічаюць і эксперыменты з мовай кіно (супраціўленне экраннаму сацрэалізму), і дэманстрацыя нацыянальнай інакшасці адносна савецкай русацэнтрычнай культуры. Такія фільмы ёсць у грузінскім, армянскім, літоўскім кіно, але найбольш шырока гэта тэндэнцыя праявілася ў савецкім украінскім кінематографе — яна сфарміравалася пасля выхаду фільма Сяргея Параджанава «Цені забытых продкаў» (1965).
У беларускім кантэкце ў гэтым напрамку і працаваў як сцэнарыст Уладзімір Караткевіч — і ствараючы сцэнар экранізацыі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (як вядома, на выхадзе атрымаўся фільм з вельмі сумнай цэнзурнай гісторыяй), і сваёй аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».
Калі б не цэнзурныя і іншыя абставіны, мы б, дзякуючы яго стылю і бачанню, таксама мелі моцную лінію савецкага беларускага паэтычнага кіно. А так яна ёсць, але фрагментарная. Адна з яе адметнасцей — спробы дэманстрацыі глыбіні беларускай гісторыі, бо савецкае беларускае кіно і культура сістэмна і рэпрэсіўна былі пазбаўлены гэтай глыбіні ў сталінскія часы, калі адсылкі да Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай сталі немагчымымі і небяспечнымі. А таксама яе траўматычнасці.
Гісторыя стварэння экранізацыі
У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваюцца так званыя «Справы фільмаў» — гэта і ўсе версіі сцэнароў (ад першапачатковага літаратурнага да выніковага рэжысёрскага), і стэнаграмы абмеркаванняў фільма на ўсіх этапах яго стварэння на Мастацкім савеце, і альбомы фотапробаў розных актораў і акторак.
Першы літаратурны сцэнар «Дзікага палявання» быў створаны самім Караткевічам. Усе наступныя версіі належалі рэжысёру Валеру Рубінчыку. Ён бачыў свой фільм не як экранізацыю, а як аўтарскі фільм-прытчу, таму, напрыклад, адстаяў перанясенне часу дзеяння з 1880-х гадоў на мяжу стагоддзя, бо бачыў у гэтым сімвалізм. Па адной з першых версій рэжысёрскага сцэнару, фільм павінен быў пачынацца з люм’ераўскага «Прыбыцця цягніка» і хронікі пачатку ХХ ст. (Заўвага рэдакцыі: «Прыбыццё цягніка на вакзал Ла-Сьёта» — нямы дакументальны кароткаметражны фільм 1896 года; адзін з першых фільмаў, знятых і публічна паказаных пачынальнікамі кінематографа братамі Люм’ер.)
Аднак быў яшчэ адзін актар — Мастацкі савет «Беларусьфільма». Ён настойваў на праўках ва ўсіх версіях сцэнарыя і кіраваўся прынцыпам «як бы чаго не выйшла». Напрыклад, каб фільм не трапіў на паліцу, Мастацкі савет патрабаваў адпаведнасці фармулёўцы «карціна з галоўнай тэмай выспявання класавай самасвядомасці герояў».
У адрозненне ад аповесці, якая пісалася і была апублікавана ў часы адлігі (яна выйшла ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе), фільм «Дзікае паляванне» здымаўся ў другую савецкую эпоху, у перыяд застою. Гэта зусім іншы палітычны і культурны кантэкст. З аднаго боку, у пачатку 1970-х маскоўскі цэнтр пачаў паказальны разгром нацыянальнага паэтычнага кіно, ва Украіне зноў была праведзена кампанія супраць «буржуазнага нацыяналізму» з рэпрэсіямі сярод нацыянальнай інтэлігенцыі. З другога боку, з’яўляецца савецкі аўтарскі кінематограф — больш складаны, сімвалічны, адрасаваны не масаваму гледачу.
У выніку амаль ўсе значныя для Караткевіча сэнсы — глыбіня і своеасаблівасць беларускай гісторыі, траўматычны лёс беларусаў — зніклі. Для Рубінчыка яны былі залішнімі, бо ён здымаў сімвалічную прытчу, для Мастацкага савету — небяспечнымі: напрыклад, адзін з яго членаў адзначае: у Караткевіча «кароль Стах паказаны як мужыцкі кароль, які меў войска 8 тысяч... Там гучыць ідэя самавызначэння. Мы тут закранаем зусім непатрэбную праблему, не туды ідуць акцэнты...».
Такім чынам, гэты фільм нараджаўся ва ўмовах «канфлікту інтэрпрэтацый» — і сёння мы можам убачыць у выніковай версіі сляды кожнай з іх.
Акрамя таго, фільм не быў танным, а яго здымкі зацягнуліся і з-за розных акалічнасцей, і з-за бясконцых пераробкаў сцэнара і ідеі фільма. Так, для здымкаў у цёмных пакоях і сутарэннях замка заказвалі плёнку «Кодак», бо яна больш светаадчувальная, чым савецкая «Свема», а яе апрацоўка была магчымая толькі на «Масфільме».
Здымкі праводзіліся ў замку ў Заходняй Украіне, дзе недарэчы пачаліся моцныя маразы, таму здымачны перыяд зацягнуўся, а асобныя сцэны прыйшлося здымаць пазней у Менску.
Пачаць працу прыйшлося без актораў на тры галоўныя ролі. Напрыклад, на ролю Надзеі Яноўскай была зацверджана актрыса Алена Коранева, але яна адмовілася напярэдадні здымачнага перыяду.
Пачалі без Яноўскай, паралельна вялі перамовы з балгарскай актрысай Аленай Дзімітравай — актрыса з сяброўскай сацыялістычнай краіны таксама каштавала студыі немалых грошай. У фільме ёсць спецэфекты (анімацыя, калі Яноўская вылівае кубак на партрэт яе продка, і анамарфіраваны — «расцягнуты» і запаволены — план Дзікага палявання), аднак іх было задумана больш — мастацкі цэх «Беларусьфільма» не змог выканаць частку рэжысёрскіх задумак. Былі яшчэ запланаваны кінаэкспедыцыі ў Ялту і Маскву, а потым ад іх адмовіліся.
Многае з запланаванага рэжысёрам не было знята. Рубінчык змяняў зацверджаны рэжысёрскі сцэнар ужо ў здымачны перыяд. Напрыклад, у фільме павінны быў быць грандыёзны фінал: Дзікае паляванне даводзіць сялян да паўстання (гэты эпізод Рубінчык хацеў здымаць з верталёту з масоўкай у 5000 чалавек), а потым з’яўляецца расійская армія, якая расстрэльвае ўсіх — і сялян, і шляхту — і тут быў запланаваны ўдзел масоўкі ў 600 чалавек. Мастацкі савет гэтай ідэі супраціўляўся — «у фінале пачынаецца ледзь не народная вайна; войскі з’яўляюцца быццам з-пад зямлі; у такой камернай гісторыі не патрэбна маштабная карацельная аперацыя», — але Рубінчык неяк адбіўся і настаяў на сваім, а потым зрабіў фінал па-іншаму...
Рэакцыя на фільм
Беларускія гледачы сапраўды вельмі чакалі выхаду гэтага фільма. Упершыню прэм’ера ад «Беларусьфільма» суправаджалася такім ажыятажам: каля кас стаялі доўгія чэргі, а людзі пыталі пра «залішні квіточак». І, як іранічна напісаў пазней у сваёй кнізе пра Караткевіча літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, «тым, хто не чытаў аповесць, фільм спадабаўся».
Прэм’ерны ажыятаж быў безумоўна звязаны з папулярнасцю прозы Караткевіча. Яго аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» для многіх стала першым вопытам чытання «няшкольнай» і ў нейкім сэнсе постмадэрнісцкай беларускай літаратуры — тут была і беларуская гісторыя, і аўтарская філасофія, і дэтэктыўны сюжэт. Гэта і мой вопыт — я палюбіла беларускую літаратуру праз тэксты Караткевіча.
У выніку нехта з гледачоў прыняў версію Рубінчыка як арыгінальны фільм з даволі захапляльнай фабулай (да гэтых часоў яго нярэдка называюць адным з першых савецкіх хорараў і параўноўваюць з масфільмаўскім «Віем» 1967 года), другія не ўбачылі на экране аповесці і расчараваліся.
Калі казаць пра рэакцыю крытыкаў, то «Дзікае паляванне караля Стаха» можна назваць самым шматзначным фільмам савецкага «Беларусьфільма». Роскід меркаванняў і жанравых яго трактовак атрымаўся надзвычай вялікі: зацягнутая і поўная памылак экранізацыя аповесці; дастаткова паспяховы фестывальны праект; арыгінальны хорар; дрэнны і другасны хорар; гатычны трылер; філасофская кінапрытча...
Пры гэтым цікава, што ні містычны трылер, ні тым больш фільм жахаў нікто здымаць не збіраўся. Мастацкі савет зафіксаваў у адной са сваіх справаздач «гісторыка-прыгодніцкі жанр», а Рубінчык назваў яго псіхалагічнай драмай, якая выліваецца ў прытчу. Аднак амаль усе ўзнагароды «Дзікае паляванне» атрымала ў 1980–1983 гадах менавіта на заходніх фестывалях жанравага кіно — то-бок разглядалася сярод іншых дэтэктыўных, містычных, фантастычных фільмаў і хорараў у Італіі, Францыі, Канадзе, Бельгіі. Экспартны варыянт быў скарочаны недзе на 20 хвілін, і пазней менавіта яго выдалі ў нас на DVD пад слоганам «Леденящий ужас оживших легенд».
З беларускіх крытыкаў самы вядомы і разгорнуты крытычны артыкул напісаў Адам Мальдзіс. Ён называўся «Яшчэ адзін «добры сярэдні»?» Ён пералічвае шэраг гістарычных недакладнасцей, якія з’яўляюцца ў тым ліку з-за пераносу часу дзеяння амаль на 20 год, і са шкадаванням піша: «У фільме мала што засталося ад філасофіі Караткевіча... Ды і Беларусь не адчувалася: падзеі адбываюцца ў яўна ўкраінскім замку, галоўную гераіню грае балгарка...». А тасама робіць сумную выснову: ««Дзікае паляванне караля Стаха» магло стаць падзеяй у беларускім кінамастацтве. Стала ж толькі яшчэ адным «добрым сярэднім фільмам». І не дало яму ўзняцца на вышэйшую ступеньку якраз тая прыблізнасць, якой няма ў аповесці і якую часта адчуваеш на экране».
Што да самога Уладзіміра Караткевіча, то вядома, што яму аўтарскі фільм Рубінчыка не спадабаўся. У «Справе фільма» згадваецца яго ліст (хутчэй за ўсё, крытычны) на імя галоўнага рэдактара кінастудыі, аднак яго няма ў гэтай тэчцы, і я яго так і не знайшла...
Як мае выглядаць ідэальная экранізацыя аповесці
На мой погляд, вяртанне да гэтай аповесці сёння — гэта цікавы інтэлектуальны квэст.
Па-першае, я б узяла за аснову архіўны літаратурны сцэнар Караткевіча і працавала б з ім. Па-другое, рабіла б фільм у стылістыцы падвойнага рэтра. Глядзіце, у аповесці Караткевіча апавядальніку Беларэцкаму, які быццам бы піша ўспаміны пра падзеі часоў сваёй маладосці, недзе за 90 год. Мы можам дадумаць яго біяграфію.
Гэта стары, які памятае ўсе падзеі першай паловы ХХ стагоддзя і дажыў да смерці Сталіна. Хутчэй за усё, ён у Сібірскай ссылцы канчаткова стаў рэвалюцыянерам (меньшавіком ці хай нават бальшавіком), але як чалавек прынцыповы і рацыянальны мог трапіць і ў сталінскі лагер. Тады доля яго далікатнай і знерваванай жонцкі Надзеі Яноўскай — смерць у Акмалінскам лагеры жонак здраднікаў радзімы (руская абрэвіятура — АЛЖИР). У 90-гадовага Беларэцкага няма зубоў (ці яны жалезныя), ён многа ходзіць па сваім пакоі з кута у кут, звыкла трымаючы рукі за спінай, як былы зэк.
Стары Беларэцкі жыве ў камуналцы ў цэнтры Мінска, у сціплым пакоі. За яго вокнамі — ужо хрушчоўская эпоха — для каго аптымістычная, для каго аўтарытарная савецкая. Уначы старому не спіцца. Аднойчы, на пачатку халоднага, туманнага мінскага лістападу ён зноў у бяссонні выходзіць у цемры з дому і цягнецца да праспекта Сталіна (рукі звыкла за спінай). А потым бачыць, як падрываюць помнік Сталіну (той самы, 40-тонны, што стаяў у цэнтры сучаснай Кастрычніцкай і быў падарваны ў ноч на 3 лістапада 1961 года). Плошча ачэплена, тросы падвязаны да трох танкаў, якія цягнуць Сталіна з пастамента, вакол моўчкі стаяць мінчукі. Потым ужо дома, бліжэй да цьмянай літападаўскай раніцы, Беларэцкаму сніцца ўспамін: пустая магіла.
Гэта якраз пачатак літаратурнага сцэнара Караткевіча. Балотныя Яліны, пахаванне нейкага заможнага шляхціча, труна аказваецца без нябожчыка. Нейкая маладая жанчына (Яноўская?) страчвае прытомнасць...
Гэта дзве першыя сцэны. Далей я бачу толькі фінальны кадр — Беларэцкі, які здолеў успомніць усё, глядзіць ноччу ў вакно, на пустынны заснежаны праспект. І бачыць кабылу, на якой боўтаецца пудзіла з конскім чэрапам замест галавы і рагамі — хай гэта будзе амаж (заўвага рэд.: амаж — удзячнасць, даніна павагі) фільма Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха».
Д. Г., budzma.org