«Сабакаў Эўропы» закатаюць у зямлю трактарам
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч распавёў у фэйсбуку, што будзе з канфіскаваным накладам яго рамана «Сабакі Эўропы», які ў траўні ўлады прызналі «экстрэмісцкім».
«Даведаўся сёньня, што зробяць з канфіскаваным накладам «Сабакаў Эўропы». Кнігі закатаюць у зямлю трактарам. Memento, quia pulvis es [Памятай, што прах]. Трактарыст, газу», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.
Нагадаем, што практыка знішчэння «няправільных» кніг панавала пры Гітлеры ў Германіі ды Аўстрыі, пры іспанскай інквізіцыі ў сярэдневечча, а таксама ў шэрагу іншых таталітарных рэжымаў у розныя часы.
У Беларусі да «экстрэмісцкіх» прылічылі цэлы шэраг літаратурных твораў, якія да 2020 года свабодна прадаваліся ў крамах.
Характэрна, што «шкодную» літаратуру нішчаць на акупаваных украінскіх тэрыторыях і расійскія акупанты.
Украінскія медыя паведамляюць, што школьныя бібліятэкі Купянскага раёна (Харкаўская вобласць), які знаходзіцца пад кантролем РФ, атрымалі распараджэнне утылізаваць усе кнігі, выдадзеныя ва Украіне пачынаючы з 1991 года. Знішчэнню падлягаюць нават казкі і ілюстраваныя дзіцячыя кнігі, дзе амаль няма тэксту.