Доктара, доктара! Хто стаў новым чэмпіёнам КВЗ і прычым тут беларусы?

Трэці раз у гісторыі КВЗ беларуская каманда зваявала залатыя медалі. Пасля поспехаў студэнтаў з БДУ ў 1999 і 2001 годзе чэмпіёнам Вышэйшай лігі стаў магілёўскі калектыў «Доктар Хаўс». «Новы Час» узгадвае, якім чынам айчынныя гумарысты праяўлялі сябе ў найноўшай гісторыі шоу ды чым былі адметныя.

bgu2.webp


Зборная БДУ

Каманда перажыла ажно тры ітэрацыі. Напачатку 1990-х удзельнікі тэатра мініяцюр «Жэрціс» аб'ядналіся з арганізатарамі дзён факультэтаў, а таксама паклікалі на дапамогу агітбрыгаду БДУ. У выніку склаўся калектыў з магутнымі аўтарамі кшталту Вячаслава Муругава (пазней стварыў мноства серыялаў, ад «Салдатаў» да «Папіных дачок») ды Леаніда Купрыды — будучага шоўмена, вядучага ды рэдактара гумарыстычных праграм. А вось з вобразамі ды акторскім складнікам беларусы ў патрэбы часу ды журы не патрапілі. Таму запомніліся асобнымі мініяцюрамі, жартамі ці абставінамі, у якія кідалі герояў («паляўнічыя ў Белавежскай пушчы»), аднак чэмпіёнскіх пікаў не скарылі.



Затое каманда БДУ другога склікання проста «выпаліла» Вышэйшую лігу. Цудоўны мікс таленавітых гумарыстаў з усёй Беларусі генераваў не проста мініяцюры ці нумары, а цэлыя палотны. Прычым тэкставыя жарты з гульнёй слоў ды каламбурамі падмацоўваліся насычанымі музычнымі нумарамі. Да таго ж між выканаўцамі склалася «хімія», якая арганічна знітоўвала ў каманду палярныя вобразы. Інтэлектуальны капітан Віталь Шляпа, гарэзлівы недарэка Кірыл Папакуль, абаяльны таўстун Віктар Тоўкач, іранічная прыгажуня Марына Грыцук — хрэстаматыйны набор персанажаў з сіткомаў нечакана склаўся ў гумарыстычны сусвет. Які прыйшоўся да спадобы гледачам больш, чым вычварнасць зборнай Санкт-Пецярбурга ці глянцавасць «Новых армянаў».



Пасля поспеху 1999-га БДУшнікі ўзялі абавязковы для чэмпіёнаў перапынак у год. Аднак пасля яго адразу ж вярнулі сабе тытул, дзякуючы трэцяму варыянту зборнай. Да яе далучыліся Віталь Каламіец ды Вадзім Галыгін — лідары каманды «Аддзел кадраў». Матэрыял калектыву, што быў абкатаны ў Еўралізе, у сукупнасці з харызмай новага тандэма ўдыхнуў у беларусаў новае жыццё. І яны на гэтай хвалі ўзляцелі да самых зор, заваяваўшы і чэмпіёнства, і Вялікага КіВіНа ў залатым на музычным фестывалі ў Сочы.



Цікава, што пасля заканчэння КВЗ-шных кар'ер большасць з удзельнікаў каманды (незалежна ад ітэрацый) падалася ў Маскву. Віталь Шляпа стаў аўтарам і крэатыўным дырэктарам шэрагу серыялаў, Кірыл Папакуль прадзюсіруе ўласнае шоу на НТВ, Віталь Каламіец праяўляе сябе ў стэндапе, а Вадзім Галыгін быў вядоўцам забаўляльных шоу і на дзяржаўных, і на прыватных каналах. Леанід Купрыда доўгі час быў рэдактарам КВЗ, а Вячаслаў Муругаў узначаліў канал СТС.

Доўгі час удзельнікі калектываў падтрымлівалі цёплыя адносіны і нават у 2021-м святкавалі юбілей перамогі БДУ ў вышцы. Аднак расійскае ўварванне ва Украіну раскалола супольнасць. Так, напрыклад, Папакуль праз сацсеткі забойствы асудзіў. Падтрымаў Украіну і Андрэй Дзяркоў, які зараз жыве ў Браціславе. А вось, скажам, Галыгіну «спецаперацыя» не перашкодзіла «свяціць тварам» на першым канале ды замяшчаць Маслякова-старэйшага ў якасці вядучага КВЗ.

Аднак самая шакуючая гісторыя адбылася з Марынай Грыцук. Аўтарка культавай фразы «пацаны с Юго-Запада» падчас вайны была ва Украіне і перажыла першыя дні нападу ў атмасферы шоку і жудасцяў. Калегі ды сябры здолелі яе вывезці ў Беларусь, дзе жанчына ўжо праз колькі тыдняў… вяла канцэрты для беларускіх сілавікоў! Тых самых, што збівалі ды катавалі суайчыннікаў Грыцук у 2020-м. Асудзіць вайну дый увогуле нейкім чынам акрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю незалежным журналістам Марына адмовілася…



«ЧП»

Мінчукі трымаліся на харызме тандэма лідараў — Дзмітрыя Танковіча і Яўгена Смарыгіна, а таксама на тонкім інтэлектуальным гумары. Ён расчытваўся ў некалькіх пластах і звычайна прыхоўваў алюзіі ці то на вядомыя творы, ці то на злабадзённыя падзеі. Асобным жа відам мастацтва сталі «хатнія заданні» беларусаў: тэатральныя пастановы на 8-10 хвілін па шчыльнасці гумару і аздабленні не саступалі сапраўдным спектаклям. Да таго ж мараль, што змяшчалася ў канцоўках, адгукалася не толькі землякам «ЧП», але і людзям усёй рускамоўнай прасторы.



На вялікі жаль, за пяць гадоў у Вышэйшай лізе мінчукі так і не здолелі зваяваць золата. Бліжэй за ўсё да мэты яны былі ў 2005-м, калі сталі віцэ-чэмпіёнамі. Бытуе легенда, што напярэдадні выступу рэдактура наўмысна парэзала праграму беларусаў — і фінал яны пісалі літаральна «на каленцы» непасрэдна ў ноч перад гульнёй. Таму і перформанс атрымаўся нягеглым — асабліва на фоне магутных імпрэз «ЧП» цягам сезона.



Жыццё пасля КВЗ ключавыя дзеячы каманды звязалі з Украінай: Танковіч са Смарыгіным сталі вядомымі шоўменамі, зладзілі ўласнае «Дызель-шоу» ды здабылі папулярнасць — іх праект збіраў аншлагі ў залах ды быў запатрабаваны на ТБ. Пасля пачатку вайны беларусы шмат гастралявалі за мяжой, каб сабраць грошы ў падтрымку УСУ. Акрамя таго, Танковіч вярнуўся на канал «Кіеў ТБ» як аўтар і вядоўца сатырычнага шоу «А я вам пакажу…», дзе праз гумар ды сатыру высмейвае дыктатараў суседніх краін ды рэаліі краін-захопнікаў. Смарыгін жа ўвогуле здаў іспыты на атрыманне ўкраінскага грамадзянства — і ў хуткім часе атрымае тамтэйшы пашпарт.



«Мінскае мора»

Калектыў, які складаўся з філолагаў-гуманітарыяў ды матэматыкаў-фізікаў БДУ, ярка праявіў сябе ў ніжэйшых КВЗ-дывізіёнах — Першай ды Прэм'ер-лігах. Пасля тамтэйшых чэмпіёнстваў падавалася, што ўзлёт у эліце не прымусіць сябе чакаць. Аднак пры эфектнай канцэпцыі — «мы за нечаканы КВЗ» — беларусы на фоне канкурэнтаў выглядалі неяк «правільна» і прадказальна. Таму даволі хутка з дыстанцыі сыходзілі. У дэбютным сезоне першая ж гульня перарвала іх прасоўванне па турнірнай сетцы, а праз год усё скончылася для мінчукоў у чвэрцьфінале. Пасля гэтага каманда спыніла існаванне.



Зараз лідары «Мора» Дзмітрый Крапчук ды Аляксей Зуёнак пераключыліся на стварэнне серыялаў для канала СТС. Не спынілі яны працу і пасля пачатку вайны. Праўда, зараз той жа Крапчук супрацоўнічае з Андрэем Скараходам — беларускім комікам, які набыў у КВЗ славу праз выступы з камандай «Трыёд і Дыёд». Яшчэ ў 2020-м Скараход жорстка крытыкаваў Лукашэнку за падтасоўку выбараў ды гвалт над суайчыннікамі. А пасля зняў сатырычны серыял «Перамогі Шаўшэнкі», дзе ў вобразе галоўнага героя, Аляксандра Рыгоравіча Шаўшэнкі жорстка кпіў над беларускім дыктатарам. Сёння Скараход працягвае выражаць сваю грамадзянскую пазіцыю, за што патрапіў пад пераслед — яго правяраюць на прадмет распальвання міжнацыянальнай варожасці.



«Лепшыя сябры»

Каманда, сабраная на базе студэнтаў БДПУ, імкнулася аднавіць шчыры і лёгкі стыль КВЗ. На фоне шматлікіх эксперыментаў, што ладзілі каманды напачатку 2010-х, гэта выглядала цікавай стратэгіяй. Да таго ж стаўка на пазітыў з беларускім каларытам магла спрацаваць — стылістыка «зайшла» людзям падчас трыумфу каманды ў Кубку чэмпіёнаў беларускага КВЗ ды ў лізе «Палесся».



Аднак цынічная Масква не ацаніла беларускі рамантызм. І нават адбіўка між жартамі не ўратавала «Лепшых сяброў», хаця прыпеў «Фантазёра» Яраслава Еўдакімава разышоўся па лізе саўндтрэкам года. У 2015-м драйва мінчукоў хапіла толькі да чвэрцьфіналу, а праз год яны ўвогуле вылецелі на старце сезона.



Пасля заканчэння кар'еры мінчукі ў медыя-прасторы асабліва не фігуравалі. Хтосьці застаўся ў Беларусі і сёння спрабуе развіваць КВЗ-рух у краіне. Некаторыя з'ехалі за мяжу ды дапамагаюць суайчыннікам, што апынуліся ў складаных сітуацыях. Іншыя змянілі сферу дзейнасці. Таму як і ў гісторыі гульні, так і за яе межамі «сябры» не выбіліся ў чэмпіёнскія шэрагі.


«Дзеці Цьюрынга»

Пра тое, што каманда з факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, стане сапраўднаю з'яваю ў КВЗ, стала зразумела адразу пасля фестывалю ў Сочы ў 2020-м. Там каманда, якая не мела тэлевізійнага вопыту выступаў, адразу ж кваліфікавалася ў Вышку. Такога раней у гісторыі гульні не было. Калі ж згадаць, што беларусы разам сабраліся толькі ў 2017-м ды назапашвалі матэрыял у лакальных лігах, то трыумф «Дзяцей» інакш як фенаменальным не назваць.



Тым больш, што беларусы абралі вельмі складаны шлях да зор. Выступы, пабудаваныя выключна на тэксце, змяшчалі безліч каламбураў. І насычанасць камічных момантаў на адзінку сказа была завоблачнай. Але колькасць іх з кожным новым пасажам «Цьюрынгаў» не змяншалася. Таму лагічна, што дэбютную гульню ў Вышцы яны ўпэўнена пакінулі за сабой разам з тытулам «Адкрыцця сезона». На жаль, далейшы ўздым каманды абарваў «кавід» і прызначэнне Аляксандрам Масляковым гульняў у Крыме, з-за чаго сезон для мінчукоў скончыўся. А праз год няўдалы старт увогуле збіў перспектыўную каманду з пераможнага курса.



Праўда, у адрозненні ад іншых землякоў-сучаснікаў «Цьюрынгі» не склалі лапкі. Спачатку яны бліснулі ў спецпраекце «КВЗ — 60 гадоў», зваяваўшы суперкубак разам з БДУшнікамі 2000-х. А пасля пацвердзілі клас у «Суперлізе» на канале СТС. Тым не менш золата КВЗ так і засталося для «Дзяцей» мрояй.

Затое ключавыя выканаўцы рэалізаваліся ў жыцці. Напрыклад, франтмен Марк Вялічка, які шчыра распавядаў пра свае стаўленне да беларускіх рэалій Мікіту Мелказёраву ў «Жыцці-маліне», сумясціў працу ў IT са стварэннем серыялаў. А Арына Сцепанцова разам з яшчэ адным беларускім КВЗ-шнікам Андрэем Анісенем стала аўтарам камедыі «Грамадзянін начальнік». Увогуле, сумнявацца ў грамадзянскай пазіцыі «дзяцей», як і ў іх паводзінах па-за межамі гульні, не даводзілася. Бо людзі, што ў эфіры Першага канала ўслых казалі пра чаканні беларусаў як мага хутчэй «змяніць плытку», а пасля адмаўляліся ехаць у «расійскі» Крым, відавочна вартыя павагі.



«Доктар Хаўс»

Чэмпіён-2022 ішоў да золата ажно 14 гадоў. Лакальныя, міжрэгіянальныя, студэнцкія лігі паступова гартавалі хлапцоў з Магілёва. І пакрысе яны знайшлі не толькі фірмовы стыль у знешнім выглядзе, але і ў гумары — тонкая палітычная сатыра, прыпраўленая нацыянальным флёрам.



Калі ж каманда выйшла і на расійскую прастору, у тэматычнае кола дадаліся і кпіны з нашага ўсходняга суседа. Увогуле, хлапцы з Магілёва выбітна вытрымлівалі баланс між жартамі на злобу дня ды больш сур'ёзнымі тэмамі. Пры гэтым не «прагіналіся» пад патрэбы «сучаснага» КВЗ — на жаль, вельмі палітызаванага і праўладна афіліяванага.



Год таму «Хаўсы» дайшлі да фіналу, аднак занялі толькі трэцяе месца. Паўторная спроба ўзяць залатую планку аказалася максімальна паспяховай: магілёўцы скончылі гульню ўпоравень з супернікамі «Імені мяне» — і па рашэнні журы разам з расіянамі атрымалі залатыя медалі. Пасля чаго беларусы абвясцілі аб заканчэнні кар'еры ў КВЗ: у фестывалях ды канцэртах яны яшчэ колькі разоў выступяць, а вось у сезоны больш не вырушаць.
Пакуль немаведама, як павядуць сябе магілёўцы ў вольным плаванні. Аднак тое, што яны бралі ўдзел у сезоне, які працягваўся падчас вайны, ужо аддае крынжам. З іншага боку, кпіны з Лукашэнкі, жарты над беларускімі ды расійскімі рэаліямі, гумар без палітычных «прагінаў» пад ваенную істэрыю пакідаюць «Хаўсам» шанец застацца людзьмі. Тыя, хто ведае хлапцоў з пачатку кар'еры, сцвярджаюць: як да людзей, да беларусаў пытанняў ніколі не было. Файна было б, каб не ўзніклі гэтыя пытанні зараз, пасля выпрабавання «дактароў» славай — хай сабе і сумнеўнай.