«Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах»

У Мінску на сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя новай кнігі, прысвечанай жыццю і творчасці выдатнай  паэткі і дзяячкі Беларускай Народнай Рэспублікі Ларысы Антонаўны Геніюш. Новае выданне пад назвай «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах» («Лімарыюс», 2015) прадставіў аматарам паэзіі ўкладальнік зборніка, паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла.



Прэзентацыя адбылася на сядзібе ТБМ не выпадкова: негледзячы на патрабаванні беларускага грамадства, на гістарычныя дакументы і сведчанні, імя Ларысы Антонаўны Геніюш да нашага часу не реабілітавана і гэта часта бывае аргументам супраць таго, каб ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Геніюш. Так, напрыклад, штогод адбываецца ў Зэльве, дзе Геніюшаўскія чытанні вымушана праходзяць “на вольным паветры”, каля помніка паэтцы..

Але не зважаючы на гэты прыкры факт, геніюшазнаўства, як галіна беларускага літаратуразнаўства, набірае моц. Толькі за апошнія пятнаццаць гадоў было выдадзена 8 кніг, і не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы ( а ўсяго пабачылі свет 17 кніг паэткі). Апублікавана больш за 1200 яе лістоў. Гэта калі не лічыць кампакт-дыскаў з песнямі на вершы паэткі і запісамі яе голаса.

Чытацкую ўвагу прыцягнула выданне «Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы. Эпісталярная спадчына (1964 – 1983)» (серыя «Гарадзенская бібліятэка», 2012). І новае выданне, якое было прэзентована гэтым разам — «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах» можна лічыць важным дадаткам да вобраза Ларысы Геніюш і яе «Лістоў з Зэльвы». Нават па афармленню і каларыстыцы гэтыя выданні падобныя і выклікаюць жаданне папоўніць сваю бібліятэку яшчэ адным томам.

Як зазначыў укладальнік і вядучы Міхась Скобла, у кнізе «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах» сабраныя ўспамны 64 аўтараў, у тым ліку Рыгора Барадуліна, Міхася Чарняўскага, Уладзіміра Караткевіча, Дануты Бічэль, Уладзіміра Крукоўскага, Алеся Марачкіна ды іншых знаных дзеячоў беларускай культуры і палітыкі.

Мастак Аляксей Антонавіч Марачкін, які прысутнічаў на прэзентацыі, распавёў пра лёс сваей карціны, створанай паводле фота паэткі і прысвечанай Ларысе Геніюш. Твор мусіў быць набыты для айчыннага музея, але па прычынах, згаданых раней, у гэтым мастаку было адмоўлена. Карціну набылі іншаземцы і цяпер яна упрыгожвае адну з мастацкіх галерэй Нямеччыны. 

Міхась Скобла падрабязна спыніўся на цікавостках гэтага выдання. Напрыклад, кніга змяшчае ўспаміны зэльвінскай сяброўкі Ларысы Геніюш З. Богдан, якая выткала для Ларысы Антонаўны 60 (!) саматканых дываноў. Пасля гэтыя дываны былі прадстаўленыя на адмысловай выставе ў Зэльве.

Цікавым і захапляльным аказаўся лёс ліста Ларысы Геніюш у ЦК КПБ (1971 года) у абарону беларускай мовы. Яго арыгінал спачатку трапіў да Васіля Быкава, а пасля апынуўся ў Ніла Гілевіча, які прадставіў яго складальніку для новай кнігі.

Вялікую частку кнігі займае перапіска Ларысы Геніюш і Зоські Верас, з якой паэтка сябравала доўгія гады, наведвала Зоську ў яе хаце ў Панарскім лесе пад Вільняй. Міхаць Скобла паведаміў прысутным пра вытокі гэтага сяброўства: вядома, што Ларыса Геніюш была Генеральным сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі, а Зоська Верас, як не так даўна высветлілася, з’яўлялася сябрам Рады БНР! Так, гэтыя асобы яднала не толькі памяць пра гераізм і адданасць дзеячоў БНР, але і іх адказнасць за тое, каб перадаць ідэалы незалежнаці і дэмакратыі Беларускай Народнай Рэспублікі наступным пакаленням беларусаў.

Па завяршэнні прэзентацыі, Міхась Скобла зазначыў, што новая кніга адкрывае перад чытачамі новыя старонкі жыцця, дадае новыя фарбы да лёсу Ларысы Антонаўны Геніюш. Але нас чакаюць яшчэ больш захапляючыя адкрыцці: свайго часу чакае абшырны архіў Ларысы Геніюш, які выратаваў для будучых пакаленняў чытачоў выдатны даследчык беларушчыны, прафесар Адам Мальдзіс.