Эпоха Барадуліна

«Ён сагрэў мне сэрца», — так пра дакументальны фільм «Эпоха Барадуліна» ў гутарцы з прэс-службаю «Белсату» сказаў яго герой. Упершыню стужку паказалі на «Белсаце» ў гонар 75-гадовага юбілею Рыгора Барадуліна ў сакавіку. Нядаўна паказ стужкі адбыўся ў мінскай галерэі «Ў». 30 мая фільм «Эпоха Барадуліна» — зноў на «Белсаце».



7884a9652e94555c70f96b6be63be216.jpg

«Ён сагрэў мне сэрца», — так пра дакументальны фільм «Эпоха Барадуліна» ў гутарцы з прэс-службаю «Белсату» сказаў яго герой. Упершыню стужку паказалі на «Белсаце» ў гонар 75-гадовага юбілею Рыгора Барадуліна ў сакавіку. Нядаўна паказ стужкі адбыўся ў мінскай галерэі «Ў». 30 мая фільм «Эпоха Барадуліна» — зноў на «Белсаце».
Стваральнікамі дакументальнага фільму стала сямейная пара: рэжысёр і аўтар сцэнарыя — Віктар Корзун, прадзюсер ды інтэрв’юер — Кася Камоцкая.
«Мы шмат што здымаем, фіксуем для гісторыі, каб цікавае і важнае не знікла. Рыгора Барадуліна фільмавалі з 2007 года. Была магчымасць бачыць і гаварыць з ім у прыватных сітуацыях, у інтымным антуражы. Грэх было не скарыстацца», — кажа Віктар Корзун. Аўтары фільма дзякуюць за гэта барду Алесю Камоцкаму, які мае багата песень на вершы Барадуліна і сябруе з ім. «Атрымаўся багаты архіў. Было спадзяванне аформіць у фільм, юбілей стаў добрай нагодай», — распавядае рэжысёр.
Дарэчы, творчы тандэм можа наладзіць цэлы цыкл: «Шмат знятага па персаналіях — тыя самыя Васіль Сёмуха, айцец Надсан, Сяржук Вітушка…»
Кася Камоцкая кажа, што матэрыялу пра Барадуліна хопіць яшчэ на два фільмы. Бо вартая асоба… Барадулін — адзін з самых лепшых беларускіх паэтаў. Шмат хто, упэўненыя аўтары стужкі, скажуць, што і найлепшы.
Застаецца толькі шкадаваць, што Аляксандр Лукашэнка, віншуючы з юбілеямі расійскіх поп-музыкаў, на 75-годдзе класіка беларускай літаратуры Барадуліна забыўся.


У фільме багата архіўных кадраў — і відэа, і фота. Датычаць яны не толькі жыцця паэта, але і эпохі, у якую яму давялося жыць. То бок з 1935 года і да сённяшняга дня. Усё гэта паказваецца пад акампанемент вершаў Барадуліна з ягонымі каментарамі-згадкамі, развагамі пра малое і вялікае.
І будзем спадзявацца, што гэты фільм можа працягнуцца хронікаю не аднаго года і новых барадулінскіх радкоў. І што нагодай для чарговага паказу фільму праз нейкі час будзе атрыманне Рыгорам Іванавічам Нобелеўскай прэміі.
«Самыя ўдалыя, пранікнёныя эпізоды стужкі — гэта калі гучаць вершы нібыта ад імя маці Барадуліна, пасляваенныя, са зваротам да мужа Івана, якога ўжо няма. Удала легла песня Камоцкага на кадры паваеннага часу. З Караткевічам, Быкавым… Ва Ушачах, калі Барадулін стасуецца з суседзямі, нешта робіць. Кранальныя моманты, калі Барадулін каментуе архіўныя кадры», — згадвае аўтар і рэжысёр фільму.
Такіх кранальных момантаў шмат — кожны глядач нечым прасякнецца. Скажам, успамінамі Барадуліна: калі прыйшлі фашысты, ён сядзеў маляваў хатку, а немец падышоў і падмаляваў дым з коміну. А потым быў ужо дым ад пажараў над хатамі, згадвае паэт.


Ці такі метафарычны момант: малым Барадулін зрабіў шпакоўню, прымацаваў да дрэва, і вось цяпер можна бачыць, як вырасла гэтае дрэва — шпакоўня ўжо высока-высока.
Рыгор Барадулін адзначае, што фільм зняты нетрадыцыйна: «Я сам маю досвед стварэння дакументальных фільмаў. Але звычайна ўсё робіцца па адной схеме. А тут нібы фільм у фільме. І яшчэ мне спадабалася, што там не толькі пра мяне, пра мяне, пра мяне… Там і Быкаў, і Караткевіч. Акцэнты расстаўленыя шырока, усплываюць такія постаці».
Што да згаданых сяброў-літаратараў Барадуліна, то ў фільме ёсць кадры, як Караткевіч выступае на з’ездзе пісьменнікаў, што кажа пра Барадуліна Быкаў і як сам паэт нясе крыж на пахаванні Васіля Уладзіміравіча.
Трапіў у кадр і Аляксандр Лукашэнка — ён пляскае ў далоні і пасміхаецца на вокліч паэта «Жыве Беларусь!» са сцэны Купалаўскага тэатра.
Шмат у фільме асабістых фотаздымкаў Барадуліна. Чорна-белыя — дзе ён яшчэ малы, пасля з жонкаю Валянцінай у 1960-я гады, з дачкой Ілонай; каляровыя — напрыклад, з унучкай Дамінікай. Багата кадраў, у тым ліку датаваных ваенным часам, з радзімы паэта — вёскі Ушачы.
Самым жа цёплым эпізодам Рыгор Барадулін назваў тыя кадры, дзе гучыць голас ягонай маці, Акуліны Андрэеўны, якая пайшла з жыцця ў 1971 годзе. У фільме гучыць песня ў яе выкананні.
«Ён сагрэў мне душу», — кажа пра фільм паэт.

Пётр РАЗУМОВІЧ