Ганна Севярынец прадставіла сваю методыку навучання рускай літаратуры

У Мінску 13–14 кастрычніка прайшла Другая (не)канфэрэнцыя настаўнікаў EdCamp Belarus 2018, дзе найлепшыя беларускія педагогі прэзентавалі свае мэтодыкі, паведамляе Радыё Свабода

svaboda.org

svaboda.org

Ганна Севярынец выкладае ў Смалявіцкай гімназіі рускую мову, але тэма яе майстар-класы — «Беларускае — перадусім. Беларусізацыя адукацыі як падмурак кардынальных зменаў у сыстэме адукацыі».

1. Быць гаспадаром на сваёй зямлі

Першае пытанне, якое Ганна Канстанцінаўна задае сваім вучням — што дае ім магчымасць адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі?
«Я сваім дзецям гэтую фразу паўтараю пастаянна. Але ў людзей няма адчування гаспадара на сваёй зямлі не па сваёй віне — 300 год гэта пачуццё ў нас выскрабалі, свядома выразалі, знішчалі. І першы твор, які мы вывучаем у 5-м класе — казка „Царэўна-жабка“. Іван-царэвіч па жыцці плыў па цячэнні, Васіліса за яго ўсё вырашала. І тут яму даводзіцца самастойна прымаць рашэнне! Ён кідае скуру жабкі ў агонь — і робіць памылку», — распавядае Ганна Севярынец. — Што адбываецца з чалавекам, калі ён сам прымае рашэнне? Дзеці пытаюцца, што гэта значыць. І другое пытанне — навошта? Бо калі ты гаспадар — гэта цяжка, — працягвае Ганна.
«Дзеці, пакуль іх не пераламалі дарослыя, хацелі б гаспадарыць. Яны прагнуць самі складаць правілы. І ёсць толькі адзін шлях, які выпрабавала шмат дзяржаў — толькі праз нацыянальную культуру. І праз мову.
А ў нашых дзяцей ёсьць унікальная магчымасць. Беларуская культура полілінгвістычная — у нас было 4 мовы: беларуская, руская, польская і ідыш. І творцы мелі магчымасць рабіць гэта на любой з чатырох моваў. Гэта ўнікальная зямля — дзе кожны мае магчымасць быць самім сабой», — перакананая настаўніца.

2. Рускія класікі — праз прызму беларушчыны

На думку Севярынец, бессэнсоўна навязваць дзецям банальныя рэчы кшталту «беларуская мова — матчына мова» (бо для некаторых гэта ўжо няпраўда). Таму на сваіх уроках рускай літаратуры настаўніца шукае «беларускі аспект».
Часьцяком настаўнікі прыводзяць аналогію, што лёс Максіма Багдановіча, які адышоў у 27 гадоў, нагадвае лёс Лермантава. Ганна Севярынец на сваіх уроках адзначае, што лёс Максіма Багдановіча нагадвае лёс Лермантава, хоць гэта і храналагічна няправільна.
Калі настаўніца расказвае дзецям пра Пушкіна, яна заўсёды чытае «Клеветникам России» — верш, за які з ім пасварыўся Адам Міцкевіч (яны былі блізкія сябры, Пушкін нават ставіў Міцкевіча вышэй за сябе). «Менавіта праз гэты верш Пушкін пасварыўся зь Міцкевічам, бо Пушкін ухваліў імпэрскі дух Расеі, выступіў як махровы рэакцыянэр.
Калі мы праходзім Някрасава, я не расказваю, як Някрасаў, насуперак ягоным вершам, перажываў за лёс рускага народу, бо ён быў заможным памешчыкам, меў шмат зямлі. Але, каб выдаваць свой часопіс „Современник“, ён напісаў „Оду“ Мураўёву-вешальніку, які задушыў паўстанне Каліноўскага. Паэт напісаў такую оду, што назаўтра студэнты рвалі ягоныя партрэты і высылалі абрыўкі на ягоны адрас. Някрасаў не чакаў такога грамадскага асуджэння.
І мы размаўляем з дзецьмі не пра ягоную лірыку, а гутарым пра тое, што рускі чалавек будаваў такую сістэму „пад сябе“ — і што здараецца, калі ты не гаспадар на сваёй зямлі.
Калі мы чытаем „Недоросля“ Фанвізіна, то праз прызму імпэратрыцы Кацярыны, якая акупавала Рэч Паспалітую», — прыводзіць яскравыя прыклады Ганна Севярынец.
Што да іншых прадметаў, настаўніца лічыць, што таксама ёсць вельмі шмат нагодаў гаварыць пра Беларусь. Яна прыводзіць прыклад з «Інбелкультам», які за лічаныя гады зрабіў усе падручнікі па-беларуску: людзі, якія не мелі вышэйшай адукацыі, бо Віленскі ўніверсітэт быў закрыты, а ў Беларусі законам было забаронена мець вышэйшую адукацыю, «самавукам, самаходам, самапехам» за 5 год паднялі беларускую адукацыю.


3. Вандроўкі па Беларусі: не толькі раскручаны Нясвіж, але і малавядомыя Манькавічы зь Цімкавічамі.

Ганна арганізуе вандроўкі толькі беларускія, і туды ездзяць толькі тыя дзеці, якія жадаюць — ніякіх дадатковых адзнак, бонусаў за актыўнасць не бывае. Стараюцца мінімізаваць выдаткі — плацяць толькі за аўтобус і за экскурсіі на месцы. Самая ўдалая: Вязынка — Ракуцёшчына — Залессе.
«Вязынка — бо гэта, акрамя Янкі Купалы, вясковы побыт. Ракуцёўшчына — гэта шляхецкі побыт. А Залессе — гэта магнатэрыя. Адначасова глядзім гістарычную перспэктыву — што было і што зрушылася. Музей у Вязынцы інтэрактыўны, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Гэта маршрут па віленскім шляху — пра Вільню асобная тэма. Бо Вільня — наш горад», — кажа Ганна.
Іншыя цікавыя варыянты вандровак: Цімкавічы (з музэем Кузьмы Чорнага) — Нясвіж. Таксама Мядзел — Манькавічы — сядзіба Друцкіх-Любецкіх. Падчас вандровак — наведванне музэяў.
P.S. «Я паказваю дзецям на ўласным прыкладзе, што ў побыце размаўляю па-беларуску»Таксама Ганна, маючы асабістыя кантакты, лёгка арганізуе сустрэчы з самымі рознымі беларускімі літаратарамі — ад класікаў да «трэндавых».
«Мае дзеці ведаюць, што на ўроку я лёгка пераходжу на беларускую мову, калі гэта дарэчы. Я даю дзецям прыклад, што ў побыце размаўляю па-беларуску, па тэлефоне адказваю па-беларуску. З настаўнікамі таксама размаўляю па-беларуску. Таму самае галоўнае — асабісты прыклад», — робіць выснову выкладчыца рускай мовы Ганна Севярынец.