А так можна было? Філолаг напісала дэтэктыў на трасянцы

«Спачатку я хацела напісаць «нармальнай» беларускай мовай, но патом рашыла, што праізведзенія далжны гаварыць языком сваіх персанажаў. Хваціт дурыць людзей», — піша аўтарка твору Каміла Цень.

44376086_10215335465772083_182048897579876352_n.jpg


«Я прыду за табой у аўгусце» — так называецца дэтэктыўная аповесць, якая толькі выйшла, але ўжо нарабіла шуму ў інтэрнэце. Сюжэт кнігі немудрагелісты, але з самага пачатку чапляе такімі пазнавальнымі вобразамі: мінскія ўскраіны, аўтобус-гармошка, жэншчына-кантралёр і, канешне ж, знаёмая кожнаму беларусу трасянка. Аповесць распавядае пра тое, як звычайная кантралёрка грамадскага транспарту Зінаіда Юр’еўна правярае талончыкі, а знаходзіць труп мужчыны. І хаця міліцыя не бачыць у здарэнні ніякага крыміналу, цікаўная і кемлівая супрацоўніца «Мінсктрансу» пачынае ўласнае расследаванне. Аўтарка твору Каміла Цень распавяла «Новаму Часу» пра сваю кнігу, любоў да трасянкі і патэнцыйных чытачоў.  
— Па адукацыі я філолаг і цяпер працую ў дзяржаўным выдавецтве. Але яшчэ ва ўніверсітэце мяне вельмі зацікавіла трасянка. Тым больш я паходжу з невялікага гораду, дзе трасянка гучыць на кожным кроку, мае бацькі гавораць на трасянцы, іхнія суседзі, нават мае школьныя сябры.
Калі я скончыла ўнівер, адпрацавала сваё размеркаванне, то вырашыла вярнуцца ў Мінск, і сталася так, што я пасялілася ў Завадскім раёне, дзе трасянку можна пачуць не радзей, чым у маім родным горадзе. Наогул, мне падаецца, трасянка — вось сапраўдная мова «звычайных» беларусаў.
Яшчэ падлеткам я зачытвалася замежнымі дэтэктывамі і заўжды марыла напісаць свой. Напісаць беларускі дэтэктыў, дзеянне якога адбываецца на вуліцах, па якіх мы ходзім штодня, з пазнавальнымі да болю персанажамі. У беларускай літаратуры мне заўсёды не хапала дэтэктываў, чамусьці іх амаль ніхто не піша. І я вырашыла запоўніць гэты прабел, пачала працаваць над кнігай і зразумела: калі я напішу яе на літаратурнай мове, калі кантралёр будзе гаварыць на чысцюткай беларускай, мне ніхто не паверыць, ды я і сама сабе не паверу. Але варта мне было пераключыцца на трасянку, якую я добра ведаю з дзяцінства, я адчула: вось яна, патрэбная мне мова.
Што да сюжэту, то кожны дзень я еду на працу і з працы, як і большасць жыхароў мінскіх ускраін, і мяне заўжды захапляе гэтая нервовая і ўзбуджаная атмасфера грамадскага транспарту. Аднойчы я забылася дома праязны і мела шыкоўную размову з жанчынай-кантралёрам. Можна сказаць, гэтая простая, але адначасова вельмі няпростая і дасціпная жанчына, умудронная опытам, і натхніла мяне на гэты твор.
Дэтэктыў — гэта, натуральна, жанравая літаратура, даступная ўсім. Мабыць, таму я не ўяўляла сабе нейкага пэўнага чытача. Я пішу для ўсіх. Але акрамя дэтэктыўнай лініі, мне было важна звярнуцца да тых праблемаў, якія хвалююць нашых грамадзянаў і пра якія не пішуць «сур’ёзныя» пісьменнікі: беднасць, жыллёвае пытанне, алкагалізм, адносіны бацькоў і дзяцей, побыт… Тая стыхія, у якой мы насамрэч жывём, хоць і чытаем разумныя кніжкі. Трасянка — адна з моваў гэтай стыхіі. Я не адчуваю трасянку небяспечнай для беларускай мовы, наадварот, яна — важны сродак нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Бо ніводнага «трасянкагаварашчага» чалавека не прымуць за рускага. Трасянка дзікая і жывучая, і таму яна мацнейшая за беларускую мову, якую я цудоўна ведаю і люблю, але і трошачкі шкадую.
Каміла Цень — гэта, натуральна, мой псеўданім. Я не хачу раскрываць сваё сапраўднае імя і месца працы, бо гэта можа пагражаць мне звальненнем ці яшчэ чым нехарошым. Начальства мяне проста не зразумее. Ну вы самі ўсё панімаеце…  
Я вельмі хвалююся і спадзяюся, што чытачы ацэняць маю першую кнігу. Але ў галаве я ўжо маю задуму наступнай.