Чырвоны фламінга, або Мой першы сэкс быў у дзевяностыя
Спроба (а)сінхроннага перакладу кнігі Тані Скарынкінай.
Кнігу эсэ смаргонскай паэткі і публіцысткі Тані Скарынкінай «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» (Edinburgh: Scotland Street Press, 2018) прэзентавалі на Эдынбургскім кніжным фестывалі ў жніўні. На англійскую мову кнігу пераклаў Джым Дынглі. Вашай увазе – беларуская версія intro для англамоўнага выдання. Перад аўтаркай прадмовы Марыяй Мартысевіч стаяла задача раскрыць кантэкст, які спарадзіў тэксты кнігі, для чытача ў Брытаніі.
17 кастрычніка ў 19:00 адбудзецца прэзентацыя кнігі «A Large Czesław Miłosz with a Dash of Elvis Presley» ў Мінскай кнігарні .«Логвінаў».
Гэтыя эсэ штотыдня публікавала на партале budzma.org паэтка Таня Скарынкіна – адна з самых экстравагантных іранічных аўтарак сучаснай Беларусі. Потым рэдактарка Алена Казлова сабрала Таніны тэксты пад адной вокладкай. На вокладку яна вынесла назву аднаго з ключавых тэкстаў. Рэдактарка вырашыла, што культавыя імёны ў назве кнігі прыцягнуць увагу чытача. Асабліва Элвіс Прэслі выглядаў маркетынгава прывабным. Тым цынічнейшым здаваўся факт, што пра яго – як і анансавана на вокладцы – можна прачытаць зусім крышачку.
Магія Мілаша, аднак, спрацавала таксама. Кніга ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца – найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі ў Беларусі, якая ўручаецца ў гонар польскага інтэлектуала, які нарадзіўся ў Мінску. Але калі мы пазней абмяркоўвалі кнігу з Джымам Дынглі, які пераклаў яе на ангельскую мову, той выказаў думку, што чытачу ў Брытаніі, далёкаму ад нюансаў польска-беларускіх літаратурных сувязяў, сутнасць напісанага лепей патлумачыла б назва іншага эсэ Тані – «Акно ў іншае жыццё».
Таня Скарынкіна апісвае сваю штодзённасць творчай асобы ў невялікім беларускім горадзе Смаргонь. Але гэта кніга і пра мяне таксама, таму што яна змяшчае апісанне беларускай (пост)савецкай рэчаіснасці, вельмі знаёмай усім, хто нарадзіўся і рос у маёй краіне ў 1970-х – 1990-х. Так што, як я ні імкнуся напісаць тут пра Таню і яе творчы метад, усё адно выходзіць пра мяне саму. Гэткія законы настальгіі як жанру.
Ёсць такая прафесія – перакладчык-сінхраніст, яна бязмежна захапляе мяне. Але цяпер, калі перада мной стаіць няпростая задача прадставіць гэтую кнігу англамоўнаму чытачу, мне падумалася вось што. І я, і Таня Скарынкіна, і безліч нашых калег у Беларусі, даўно змушана засвоілі супрацьлеглую прафесію. Мы асінхронныя перакладчыкі. Прамаўляючы для заходняй аўдыторыі пра Беларусь і сябе ў ёй, нам трэба не проста тлумачыць кантэкст, але і расказваць нейкія блытаныя гісторыі пра тое, як мы ў гэты кантэкст трапілі. Сучасныя філосафы апісваюць гэта тэрмінам contemporaneity, які беларуская мыслярка Вольга Шпарага інтэрпрэтуе як asynchronicity of the present. Людзі, якія жывуць у розных краінах або нават існуюць розных супольнасцях адной краіны, або існуюць у падобных супольнасцях розных краін і нібыта маюць падобны набор каштоўнасцяў, не могуць паразумецца, таму што абапіраюцца на абсалютна розны сацыяльны, гістарычны, культурны досвед.
* * *Мы сядзелі ў ірландскім пабе ўніверсітэцкага гораду ў ЗША, калі М.М. прамовіў: «Дзевяностыя былі часам, вырваным з жыцця. Нудная музыка, нудная літаратура».
Цяжка апісаць, як мяне здзівілі гэтыя словы. Розніца ў веку паміж мной і М.М. усяго год. Мы дакладна з аднаго пакалення, і мы сустрэліся ў гэтым амерыканскім універсітэцкім горадзе, бо ён і я – паэты. Халера, нават нашыя ініцыялы супадаюць! Хіба што М.М. нарадзіўся і вырас у Вялікабрытаніі, а я – у Беларусі.
«Для мяне ўсё было наадварот! – даволі экзальтавана зрэагавала я. – Дзевяностыя ў Беларусі былі самым цікавым часам і для музыкі, і для літаратуры! І для палітыкі, і для эканомікі, і для жыцця! Ды што там казаць! Як увогуле могуць быць кепскімі гады, калі ў цябе быў першы сэкс?»
М.М. не стаў пярэчыць. Магчыма, сваёй бурлівай рэакцыяй я крыху падпсавала яго салодкую меланхолію. А магчыма, ён проста вырашыў быць ветлівым. Але ў вачах ягоных чытаўся недавер. Мне здалося, ён спрабаваў асэнсаваць, як дзевяностыя гады маглі быць цікавыя хоць каму-кольвек на гэтай планеце.
Шмат адметных, змястоўных і нават знакавых small-talks адбылося паміж пісьменнікамі розных нацый у ірландскім пабе амерыканскага ўніверсітэцкага гораду тае восені, але да гэтага кароткага дыялогу, які мы мелі з М.М., я вяртаюся ўвесь час ужо каторы год.
Спачатку я была шчыра перакананая, што мае падлеткавыя гады ў Беларусі дзевяностых сапраўды былі нейкімі асаблівымі. Але аднойчы, калі на дзвярах нашай кватэры №60 (мы наўмысна не памянялі вінтажныя дзверы, усталяваныя ў 1985 годзе), адваліўся цвічок ад алюмініевай лічбы 6, і атрымалася лічба 90, я раптам усё зразумела.
Беларускія дзевяностыя былі такімі драйвовым для нас, бо выконвалі ў постсавецкіх краінах тую ж ролю, што і 1960-я ў заходнім свеце. Зрэшты, не. Яны былі нават большым. Мы атрымалі ў адным пакеце 60-я, 70-я, 80-я – і актуальную тады ў свеце культуру. Гэта было як бандэролі, якія доўга шукалі адрасата. Людзі культуры былі прагныя да ўсяго і спажывалі любую інфармацыю без разбору – гэта арганічна спалучалася з атмасферай постмадэрнізму, якая панавала тады ў кавярнях і ўніверсітэтах. «Монці Пайтан» і «Мікі-Маўз» атакавалі нас адначасова.
Дзевяностыя так моцна скаланулі грамадства (грамадствы) на прасторах былога СССР, што гэтае рэха гучыць і дагэтуль. Яно аформілася ў своеасаблівы міф пра дзевяностыя, ці, дакладней, два генеральныя міфы.
Першы з іх – маўляў, гэта былі галодныя і дэпрэсіўныя часы. Большасць з тых, хто перажыў іх, кажа, нібы хоча пра іх забыць, хоча, каб яны ніколі не вярталіся. Гэты «страх дзевяностых» эфектыўна выкарыстоўваецца ў нашы дні прапагандыстамі некаторых постсавецкіх рэжымаў. Тое былі часы, калі мільёны людзей страцілі крыніцы фінансавання, маёмасць, статус, надзею на светлую будучыню, якую гарантавалі ім завучаныя з дзяцінства камуністычныя дактрыны. Нават сёння я часам раблюся сведкай спрэчак, хто найбольш галадаў у дзевяностыя. Выйграюць нязменна тыя, хто не меў сваякоў у вёсцы. Мая сям’я мела. Магчыма, таму для мяне больш актуальны другі міф. Міф абсалютнай свабоды, якую мы тады атрымалі.
Тэктанічныя зрухі пачатку дзевяностых вызвалілі неверагодную колькасць сацыяльнай энергіі. Калі сталелі нашыя бацькі, шмат чаго было нельга. Калі яны нараджалі нас, сеё-тое стала можна, але толькі калі ціха. Калі мы падраслі і пайшлі ў школу, стала можна абсалютна ўсё. Ужо не было дырэктывы КПСС, што і як каму належыць рабіць. Настаўнікам, журналістам, палітыкам, якія ўжо не мелі над сабой цэнзараў, заставалася ў новай сітуацыі адно – казаць тое, што яны сапраўды думаюць. А думалі яны вельмі розныя, часам нават супрацьлеглыя рэчы. На адным уроку вам мог расказваць пра заснаванне Полацку прыхільнік нацыянальнага Адраджэння, потым прыходзіла настаўніца рускай мовы – тыповая савецкая дысідэнтка, потым урок праводзіў ваенрук-камуніст. Нівелявала ўсё тое, што і дзеці мелі свабоду лічыць усіх траіх дэбіламі.
Гэта ўсё доўжылася больш-менш да 1999 года, калі Аляксандр Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады на хвалі гэтага неўтаймоўнага плюралізму, увабраўся ў моц і пачаў «закручваць гайкі». Ужо напачатку 2000-х было абвешчана пра стварэнне «дзяржаўнай ідэалогіі». Рэжым ліхаманкава прыдумваў нешта, каб спыніць свабоду думкі, якая захапіла краіну. Каб утаймаваць гэты жыццятворчы хаос, які, трэба думаць, сапраўды шакаваў людзей сталага веку. Для нас – падлеткаў і моладзі – ён быў паветрам, каб дыхаць.
«Яны выглядаюць як мы, апранаюцца як мы, і нават думаюць як мы», – пісаў пасля сустрэчы са мной у 2011 годзе адзін заходні журналіст, супрацьпастаўляючы «прагрэсіўную моладзь» маёй краіны маім жа ўладам, якія пасадзілі яго ў турму на пяць сутак. Але, магчыма, ён палічыў мяне надта асцярожнай і запужанай, калі я прадказвала яму, што з ім можа здарыцца, калі ён будзе трымацца свайго плану, якім са мной падзяліўся. Тое, што падалося яму блізкім ува мне, паходзіць з маіх дзевяностых. Тое, чаго ён так і не зразумеў, – з маіх двухтысячных.
Нічога з гэтага вы не прачытаеце ў кнізе Тані Скарынкінай. Яе асноўная каштоўнасць для літаратуры акурат у адарванасці ад любога палітычнага кантэксту. Але напісанае мной, магчыма, дапаможа зразумець, чаму адзін з любімых маіх тэкстаў тут – «Рэстараннае прадчуванне Амерыкі», у якім аўтарка называе Смаргонь дзевяностых «маленькім Чыкага» і фліртуе ў бары з бандытамі. Я тады была школьніцай, не хадзіла па барах, вучыла ангельскую мову, але зусім не для таго, каб зрабіцца валютнай прастытуткай (зараз я цытую клішэ з таго першага, менш сімпатычнага мне міфу пра дзевяностыя). Танін досвед не супадае з маім, але мне блізка тое, што і ў ейным выпадку (з некаторых дэталяў мы можам зразумець, што і для яе гэта былі «галодныя часы») важнейшы з двух міфаў той, які пра свабоду.
* * *Таня Скарынкіна піша вершы па-руску і пачуваецца па-свойску ў рускай культуры і літаратуры. І разам з тым яе нельга назваць расійскай пісьменніцай, бо на рускамоўную адукацыю накладаецца заходнебеларускае паходжанне і ўвесь той кантынентальны посткаланіялізм, пра які піша Томпсан. Нельга звесці кнігу Тані Скарынкінай да настальгіі па Савецкай імперыі, як і Смаргонь нельга параўноўваць з адпаведнымі па велічыні гарадамі ў расійскай частцы былога СССР. Гэта старажытны беларускі горад, які меў самакіраванне ў часы Вялікага Княства Літоўскага, быў адным з цэнтраў беларускай рэфармацыі і, як і ўсе беларускія гарады, быў адначасова штэтлам – гэта значыць, змяшчаў габрэйскі кагал. У дадатак менавіта са Смаргонню звязаная гісторыя беларускага цыганства. Прынамсі, першае, пра што вам раскажа любы экскурсавод, – гэта «мядзьведжая акадэмія». Уся гэтая спадчына таксама фармуе светапогляд Тані Скрынкінай. Хоць для яе гэта пазнейшае напластаванне: чытачы калонак на сайце budzma.org былі сведкамі гэтага спазнання аўтаркай сваёй мінуўшчыны ў рэжыме жывога часу. Пра Чэслава Мілаша яна даведалася прыкладна тады ж, калі паглядзела першыя фільмы з Мікі Руркам (а Мікі ў гэтай кнізе, вядома ж, поўны сінонім Элвіса).
Менавіта таму эсэ, у якім аўтарка апісвае сваю вандроўку да Чэслава Мілаша, такое важнае. Адкрыццё асобы і творчасці набеліста Мілаша ў дзевяностыя было для многіх інтэлектуалаў у Беларусі важным сведчаннем таго, што існуе іншае вымярэнне нашай краіны, што мы не «савок», з якім так не хацелася асацыявацца. Прынамсі, што мы не заўсёды былі ім. Сапраўды: Пабачыць Мілаша ў тыя часы магло быць для студэнткі супастаўна з тым экстазам, які зазнавалі ў паненкі ў ЗША, слухаючы «Love me tender…»
Можна было б лічыць гэтую фанацкую паездку дзівацтвам, якое добра характарызуе аўтарку, але я ведаю прынамсі яшчэ адзін выпадак з нашай прасторы. Калі літоўскі паэт Эўгеніюс Алішанка быў у 1995 годзе ў ЗША, ён узяў машыну і з Аёвы, дзе знаходзіўся на літаратурнай стыпендыі, праз паўкантыненту паехаў у Каліфорнію, дзе тады жыў Мілаш. Сустрэўся і гаварыў з ім.
Але Таніна гісторыя ўсё-ткі больш феерычная. І, нягледзячы на тое, што ў ёй аспісаная дакументальная праўда, мне падабаецца сюррэалістычны антураж, у якім Чэслаў Мілаш спачатку параўноўваецца з Элвісам Прэслі, а ў выніку ўвогуле падмяняецца аўтаркай на Кшыштафа Занусі. Можа быць таму, што я ў свой час таксама была «групіз» тых жа асобаў. І ў доме Мілаша ў Кракаве нават пабывала, але праз колькі гадоў пасля смерці гаспадара, калі кватэра стала мемарыяльнай. А на згаданую сустрэчу з Занусі не трапіла, бо традыцыйна для сябе спазнілася, стаяла на прыступках, і нават пачуць нічога не здолела.
* * *Мне і таму майму атачэнню, з якім я сінхранізуюся ў Беларусі, цяжка чытаць «Час сэканд хэнд» набелісткі і нашай зямлячкі Святланы Алексіевіч. Найперш – па той жа прычыне, у якой мы сінхранізуемся з усім светам. Гэта вельмі цяжкае чытво. У запісаных аўтаркай гутарках – шмат гора і страшных падрабязнасцяў пра часы СССР ад тых, хто пажыў у гэтай вялікай імперыі.
Другую прычыну цяжэй патлумачыць. Праблема, відаць, у тым, што мы вельмі ўважліва шукаем у гэтай кнізе сябе, але чамусьці не знаходзім. Бо, паводле азначэння, мы – таксама чырвоныя людзі. Мы нарадзіліся або нават выраслі ў СССР (каму як «пашанцавала»), і таму феномен «чырвонага чалавека» мусіць быць і пра нас таксама. Але мы не знаходзім там сябе. Дакладней, не знаходзім хоць нейкай часткі досведу, якая супадае з нашым. Часам мы спрабуем патлумачыць сваю пазіцыю, але адразу ж разумеем, што ўсё гэта гучыць непераканаўча, бо мы і самі яшчэ не да канца ўсвядомілі, адрэфлексавалі сваё мінулае і пагатоў сваю сучаснасць. І калі мы ніякавеем і ў выніку здаемся, на выручку прыходзяць стэрэатыпы.
У гурта «Ундэрвуд» (гэта інды-гурт, які спявае песні на рускай мове, два фронтмэны якога – украінцы, што выраслі ў крымскім Севастопалі), ёсць песня «Очень хочется в Советский Союз». Мне яна не падабаецца. Гэта вельмі шчырая песня, якая цісне на вельмі чуллівыя спружыны маёй настальгіі. У ёй спяваецца пра тое, што апроч атамнай зброі ў нас былі кранальныя героі мультфільмаў кшталту Вожыка ў Тумане ці Чабурашкі. Але інтэрпрэтацыя гэтай песні ў сённяшніх 20-30 гадовых беларусаў часам стварае ўражанне, што Чабурашка неяк апраўдвае існаванне ГУЛАГу. Вось жа, на маю думку – ніяк не апраўдвае. З іншага боку, цалкам магчыма, любоў да гэтай песні сярод моладзі – рэакцыя на тое, як успрымаюць выхадцаў з СССР у свеце, нейкая змова ўсіх, хто пачуваецца паддоследнымі трусікамі «саветолагаў». Трапляючы ў заходнія краіны – на пэўны час або назаўсёды – беларусы нязменна атрымліваюць цэтлік «чырвонага чалавека» і па-рознаму рэагуюць на яго. Некаторыя спрабуюць не ствараць людзям нязручнасцяў і адпавядаць гэтаму цэтліку, некаторыя з усіх сілаў імкнуцца яго абвергнуць. Так ці іначай, калі сёлета ў Мінску гурт «Ундэрвуд» праспяваў сваю песню пра Чабурашку і Савецкі Саюз, у клубе гучалі асаблівыя воплескі. Гэта былі воплескі ўдзячныя і нейкія змоўніцкія.
На дэбютнай кнізе вершаў Тані Скарынкінай выяўлены чырвоны фламінга. Сябры падарылі Тані швэдар з падобным фламінга, і ў год выхаду кнігі яна чытала вершы толькі ў ім. Для мяне кніга эсэістыкі Тані Скарынкінай, якую вы трымаеце ў руках, – гэта нешта накшталт таго, што спяваецца ў той песні пра Чабурашку, з той розніцай, што напісанае Таняй ніяк не адмаўляе ГУЛАГу, а ў нейкай ступені нават тлумачыць яго. Чырвоны фламінга – гэты patronus Скарынкінай для мяне – тая блізкая, адпаведная мне інкарнацыя «чырвонага чалавека», якую я дагэтуль шукала і не знаходзіла.
Чытач вольны шукаць (і знаходзіць!) у кнізе Тані Скарынкінай звычныя яму стэрэатыпы пра жанчын з Усходняй Еўропы, або ўспрыняць яе як акно без фіранак, якое аднойчы ў навагоднюю ноч пабачыла па дарозе дадому Таня.