Прэмію Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад уручаць 25 кастрычніка
Сёлета на прэмію Шэрмана намінаваліся 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моваў.
Уручэнне прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад на беларускую мову адбудзецца 25-га кастрычніка ў музеі Максіма Бадановіча (вул. М.Багдановіча, 7а) а 19:00.
У кароткі спіс прэміі ўвайшлі:
Вера Бурлак з перакладам з англійскай мовы. Льюіс Кэрал «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». «Галіяфы», Мінск.
Аляксей Знаткевіч з перакладам з англійскай мовы. Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі». «Янушкевіч», Мінск.
Надзея Кандрусевіч з перакладам са шведскай мовы. Свэн Нурдквіст «Калядная каша», «Паляванне на ліса», «Пэтсан сумуе», «Фіндус з’язджае». «Кнігазбор», Мінск.
Ігар Крэбс з перакладам з нямецкай мовы. Г. А. Бюргер, Р. Э. Распэ «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна». «Кнігазбор», Мінск.
Максім Мудроў з перакладам з албанскай мовы. Ісмаіль Кадарэ «Хроніка ў камені». «Янушкевіч», Мінск.
Васіль Сёмуха з перакладам з латышскай мовы. Аляксандр Чакс «Выбраныя вершы». «Зміцер Колас», Мінск.
У склад журы прэміі ў гэтым годзе ўвайшлі:
Лявон Баршчэўскі, перакладчык, літаратуразнаўца;
Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ;
Аксана Данільчык, паэтка, перакладчыца;
Дзмітрый Плакс, перакладчык, паэт, празаік;
Марына Шода, літаратуразнаўца, перакладчыца.
Сябры журы не маюць права галасаваць за кнігі, рэдактарамі якіх яны былі.
Прэмія за найлепшую мастацкую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны Фонд «Вяртанне». Пераможца прэміі атрымлівае ад Дабрачыннага фонда «Вяртанне» чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
У 2016 г. лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу «Калевала»; у 2017 — Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.
Паводле прэс-рэлізу