За збіццё беларусаў палякаў асудзілі на 1 год турмы
«Ім не спадабалася размова на расейскай мове».
Суд у Сувалках асудзіў Лукаша Ц. на год турмы, а Крыстыяна Ц. і Норберта О. на 10 месяцаў пазбаўлення волі за збіццё на нацыянальнай глебе, паведамляе Радыё Ольштын.
У мясцовасці Голдап працуе каля 200 беларусаў. Інцыдэнт адбыўся ў красавіку, калі некалькі рабочых з Беларусі выйшлі прайсціся, на іх напалі трое маладых мужчын. Яны тлумачылі, што іх нервавала размова на расейскай мове. Дваім пабітым была патрэбная медычная дапамога.
Суддзя Мацей Раматоўскі не сумняваўся ў віне абвінавачаных і дадаў, што гэта ганебныя паводзіны.
Усе абвінавачаныя прызналіся да віны. У абгрунтаванні суддзя перасцярог перад такога тыпу паводзінамі і зазначыў, што кожны мае права адчуваць сябе ў Польшчы бяспечным. Паводле суддзі, пакаранне павінна мець выхаваўчы характар.
Асуджаныя павінны заплаціць кожнаму пацярпеламу па 300 злотых. Прысуд не з'яўляецца канчатковым. У суд не прыйшлі ні абвінавачаныя, ні пацярпелыя.
radyjo.net