У Мінску абмеркавалі беларускія пераклады Бібліі
Ці можа дзяржава кантраляваць з’яўленне ці ўніфікаваць тэксты перакладаў Бібліі? Гэтае і іншыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала «Беларускія пераклады Бібліі: гісторыя і сучаснасць».
У межах дзейнасці міжнароднай выставы «Беларусь і Біблія» 12 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску адбыўся навуковы круглы стол «Беларускія пераклады Бібліі: гісторыя і сучаснасць» з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага касцёла, пратэстанцкіх супольнасцяў, выкладчыкаў БДУ, спецыялістаў Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, распачынаючы дзейнасць круглага стала, распавёў пра шматлікія плённыя навуковыя мерапрыемствы, лекцыі і ініцыятывы, якія суправаджаюць дзейнасць выставы “Беларусь і Біблія” і прыцягваюць вялікую колькасць наведвальнікаў.
Доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота адзначыў, што пераклады Бібліі маюць аб’ектыўную запатрабаванасць у кожную канкрэтную эпоху. Гэта традыцыя, якая ахоплівае гісторыю, культуру і богаслужэнне. Сёння на Беларусі існуюць 18 перакладаў Новага Запавету. Выступоўцы адзначылі факт існавання перакладаў, якія маюць літургічны ужытак і тэкстаў, якімі людзі карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці.
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры замежнай літаратуры БДУ Галіна Сініла выказала пажаданне, каб чытачы адчувалі эмацыйную ўзнёсласць, прысутную біблійнаму тэксту, і каб яны ўсёй душой успрымалі паэтычнае хараство Кнігі кніг. 9 кастрычніка Галіна Веньямінаўна выступіла з адкрытай лекцыяй, прысвечанай сучаснаму беларускаму перакладу “Песні Песняў” і яе выступленне мела шырокі рэзананс сярод студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. «Біблія – жывая кніга, якая моцна ўздзейнічае і фармуе чытачоў», — сказала Галіна Сініла.
Доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Прыгодзіч, загадчык кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выказаў пажаданне, каб паступова была выпрацавана адзіная платформа для перакладу тэкстаў Святога Пісьма, бо для выкладання студэнтам важна адзіная форма ўжытку рэлігійнай тэрміналогіі.
У якасці супрацьлеглай думкі доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая падзялілася сваім досведам. У 2010 годзе яна ўжо рабіла спробу сабраць перакладчыкаў Бібліі розных канфесій у цэнтры святога Язэпа з мэтай уніфікавання перакладу. Спадарыня Ірына лічыць, што прыйсці да адзінага падыходу перакладу немагчыма і ўласцівая Беларусі разнастайнасць з’яўляецца традыцыйнай і служыць на карысць. “Кожны перакладчык Бібліі ХХ стагоддзя – герой”, — лічыць Ірына Дубянецкая.
Доктар біблейскай тэалогіі Марына Пашук распавяла пра дзейнасць Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Пастар Антоній Бокун адзначыў важнасць пашырэння актыўнай хрысціянскай супольнасці, якая пастаянна карыстаецца біблейскім тэкстам, для якой ёсць патрэба мець Кнігу кнігаў заўсёды пад рукой.
Доктар багаслоўя ксёндз Ян Крэміс, старшыня секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, падкрэсліў, што Біблія з’яўляецца перш за ўсё кнігай веры, з якой моладзь павінна жыць, і якая павінна яе фарміраваць.
Доктар філасофіі і доктар тэалогіі, рэктар тэалагічнага інстытута хрысціян веры Евангельскай Сяргей Паднюк падкрэсліў важнасць выкарыстання роднай мовы падчас набажэнстваў.
Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што дзяржава альбо штучна створаная вышэйшая інстытуцыя не можа кантраляваць з’яўленне ці ўніфікаваць тэксты перакладаў Бібліі, як немагчыма кантраляваць стварэнне перакладаў твораў Шэкспіра ці іншых выдатных шэдэўраў сусветнай літаратуры.
Аўтарытэтны госць круглага стала доктар Скот Кэрал на падсумаванне параіў усім прысутным змірэнна вывучаць далей Біблію, перакінуць масты паміж выспамі розных канфесій і супольна працаваць над сучаснымі перакладамі Святога Пісьма, а таксама рыхтаваць новае пакаленне спецыялістаў, якія б валодалі яго першакрыніцамі (іўрытам, грэчаскай і лацінскай мовамі).
krynica.info