Як магдэбургскія гербы беларускіх гарадоў замянілі на сімвалы Расійскай імперыі
Дзевятнаццаць гадоў таму статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў здабыў герб часоў Расійскай імперыі, хоць горад меў яшчэ магдэбургскую сімволіку, што датуецца 1634 годам. У гэты ж час старадаўні Прапойск, а цяперашні Слаўгарад, атрымлівае жоўта-блакітны герб, што сімвалічна звязаны з часамі Паўночнай вайны.
Слаўгарадская сімволіка адлюстроўвае падзеі бітвы пад Лясной — важнай падзеі рускай гісторыі ў Паўночнай вайне. У сваю чаргу, чавускі герб таксама сімвалізуе пераможную бітву рускага войска над шведамі пад Лясной. Абодва гэтыя гарадскія сімвалы ілюструюць выключна рускі погляд на Паўночную вайну, але слаба звязаны з лакальнай гісторыяй саміх райцэнтраў.
Старадаўні герб Чавусаў
Невялікі раённы цэнтр Магілёўскай вобласці Чавусы не надта багаты на падзеі мінуўшчыны. Аднак у горада ёсць важная старонка гісторыі – атрыманне паселішчам магдэбургскага права разам з гарадскім гербам. Гістарычны сімвал Чавусам быў нададзены разам з правам на самакіраванне каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам Вазам 12 жніўня 1634 года. Ён выглядаў наступным чынам: «у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Прычым гэты герб варта адносіць да шэрагу гарадскіх знакаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцей.
У цэнтры герба выяўлены Святы Марцін — адзін з самых улюбёных святых з агульнаеўрапейскім культам. Выява Святога Марціна была гербам шмат якіх еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку і нашых Чавусаў – паводле прывілея Уладзіслава Вазы на магдэбургскае права 1634 года: «...таму месту нашаму Чаусаўскаму герб прызначаем Св. Марціна на кані, мячом узброенага».
Гэты герб — наўпроставае сведчанне таго, што Беларусь была інтэгральнай часткай заходняга свету, і культ Марціна быў пашыраны ў нас, асабліва сярод каталіцкага насельніцтва, бо важным святым ён лічыўся перадусім у гэтай хрысціянскай канфесіі.
Магдэбургскі сімвал Чавусаў замянілі на імперскі
Аднак старадаўні герб так і не стаў сімвалам цяперашніх Чавусаў, а старонка магдэбургскага горада дагэтуль застаецца напаўзабытай, якую ў райцэнтры згадваюць рэдка.
Калі ў 2001 годзе паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала ва ўсходнебеларускіх Чавусах, то мясцовы райвыканкам на чале з яго старшынёй А. Мацюліным аддаў перавагу гербу часоў Расійскай імперыі як «больш адпаведнаму менталітэту грамадзян». Таму, пачынаючы са студзеня 2005 года, статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў герб горада, дадзены яму ў часы Расійскай імперыі.
Прыняты ў 2005 годзе герб вядзе сваё паходжанне з XVIII стагоддзя, калі ў часы расійскага панавання на беларускіх землях расійская імператрыца Кацярына ІІ 16 жніўня 1781 года даравала Чавусам новы герб замест ранейшага магдэбургскага: «У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — у чырвоным полі шпага, пакладзеная крыжападобна з мячом, злучаныя лаўровым вянком, у памяць слаўнай перамогі, здабытай над шведамі, у наваколлях гэтага горада пад Лясным». Гэта наўпрост сведчыць, што такі сімвал фактычна не адлюстроўвае лакальную гісторыю рэгіёна і наогул слаба звязаны з мінуўшчынай горада.
Цяперашні геральдычны сімвал Чавусаў крыху відазменены ў параўнанні з часамі Расійскай імперыі: уяўляе сабой выяву на чырвоным полі французскага шчыта, шпагі і мяча, размешчаных крыжападобна і злучаных лаўровым вянком. Гэта значыць, што ад сімволікі, створанай у часы Расійскай імперыі, засталася яго ніжняя частка, якая і стала гербам Чавусаў. Зразумела, што цяперашні герб імперскага паходжання выкарыстоўваецца на ўсіх афіцыйных дакументах, а таксама размешчаны на ўязных знаках Чавусаў.
Жоўта-блакітны герб Слаўгарада, які ўслаўляе бітву пад Лясной
Сённяшні герб горада Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна ўяўляе сабой выяву на блакітным полі іспанскага шчыта залатой капліцы. Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Слаўгарадчыны былі зацверджаны загадам ад 3 студзеня 2005 года, то-бок роўна дзевятнаццаць гадоў таму. Гэта наваствораны герб, які быў прыдуманы ўжо ў сучаснай Беларусі, бо ў ранейшыя часы старадаўні Прапойск сваёй уласнай сімволікі не меў.
Што цікава, каларыстыка сучаснага сімвала Слаўгарада жоўта-блакітная: поле шчыта мае блакітны колер, а сам храм выяўлены жоўта-залацістым. Прычым сімволіка герба Слаўгарада тлумачыцца наступным чынам: мемарыяльная капліца адлюстроўвае яскравую гістарычную падзею раёна, а блакітны колер увасабляе рэкі Проню і Сож, на месцы сутоку якіх і ўзнік горад.
На гербе Слаўгарада размешчана выява мураванага храма, што быў закладзены з нагоды 200-гадовага юбілею перамогі пры Лясной расійскімі войскамі пад кіраўніцтвам Пятра І над шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. Як вядома, знакаміты рускі палкаводзец назваў бітву пад Лясной і яе вынік «маці Палтаўскай перамогі». Мураваны храм ля вёскі Лясная адпаведна быў закладзены ў 1908 годзе, што стаў прататыпам ранейшай драўлянай царквы і адкрыты 12 ліпеня 1912 года ў дзень свята Святога Пятра. Стыль Свята-Петрапаўлаўскай мемарыяльнай капліцы-храма даследчыкі культавай архітэктуры вызначаюць як псеўдарускі. Дарэчы, адным з найбольш удалых помнікаў псеўдарускага стылю ў Беларусі лічыцца якраз мемарыяльны храм у вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна.
Між іншым на сённяшні момант Свята-Петрапаўлаўскі мемарыяльны храм стаў практычна брэндам раёна праз выкарыстанне яго ў афіцыйнай сімволіцы Слаўгарадчыны. Больш за тое, па ўсім Слаўгарадзе развешаны «патрыятычныя» банеры з надпісам «Вместе мы Беларусь». На банерах выяўлены храм-помнік і манумент, на якім бронзавы арол, што ўвасабляе войска-пераможцаў, стаіць на зрынутым шведскім сцягу.
Паўночная вайна, якую праслаўляюць гербы гарадоў, трагедыя для беларусаў
Такім чынам, абодва гербы рознага часу паходжання праслаўляюць бітву пад Лясной, якая адбылася падчас Паўночнай вайны паміж Швецыяй і Расійскай імперыяй, дзе тэрыторыя Беларусі была толькі арэнай узброенага змагання. З пункту гледжання беларускай гісторыі, Паўночная вайна з’яўлялася страшным выпрабаваннем, бо ні рускія, ні шведскія войскі не шкадавалі мясцовае беларускае насельніцтва, вынішчаючы цэлыя паселішчы. Як сведчаць тагачасныя гістарычныя крыніцы, пасля сыходу рускага і шведскага войскаў Усходняя Беларусь (Магілёўшчына і Мсціслаўшчына) уяўляла сабой выпаленыя землі. Усе гарады, апроч Шклова, былі зруйнаваны, вёскі спалены.
Тысячы непахаваных трупаў жаўнераў абодвух войскаў прынеслі пошасць, перадусім чуму, ад якой у Беларусі памерла 34 тысячы чалавек. Голад быў страшнейшы, людзі елі сабак, з’явілася нават людажэрства. Больш за тое, Паўночная вайна мела і прыкметы грамадзянскага вайсковага канфлікту, бо мясцовая шляхта падзялілася ў падтрымцы ваюючых бакоў. Пагэтаму, што з’яўляецца слаўнай і гераічнай старонкай у мінуўшчыне Расіі, адначасна з’яўляецца трагічнай падзеяй для беларускіх зямель.
Вядома, бітва пад Лясной —цікавы факт нашай гісторыі, але важнай і легендарнай падзеяй яна з’яўляецца для гісторыі расійскай. Для беларускага насельніцтва рознага сацыяльнага паходжання яна не была гераічнай і значнай падзеяй, бо сама вайна насельніцтву беларускіх зямель не прынесла нічога добрага і хутчэй была часам страшнага ваеннага ліхалецця. Разам з тым Свята-Петрапаўлаўскі мемарыяльны храм з’яўляецца яскравым сведчаннем і своеасаблівай ілюстрацыяй падзей Пайночнай вайны на беларускіх землях пачатку XVIІІ стагоддзя.