Як рускага з хасідам пераблыталі, ці Чаму я супраць спорту

Аўтобусік павольна пхнуўся праз вузенькія вуліцы, калі ў яго ўскочыў гіперактыўны дзядзечка. З выгляду ён быў індус, з манеры паводзін — халерык з куляй у філеі.



3cbxnh34_800x562.jpg

За тры хвіліны ён тры разы змяніў месца — тут яму дзьмула, там нічога не было бачна, нарэшце ўладкаваўся ля мяне. Канечне ж, ён загаварыў — гэта было прадказальна. Канечне ж, ён жыве ў Нью-Ёрку — гэта таксама можна было зразумець па той хуткасці, з якой ён выпальваў па сто словаў у дзесяць секунд.

— Я быў паўсюль! — урачыста паведаміў ён мне. — Ва ўсіх краінах свету! Вандроўкі — маё захапленне. Я вельмі люблю вандраваць! Я быў у Кітаі, у Індыі, у Турцыі — паўсюль!

Я памылкова пазнаў у ім родную душу, такога ж валацугу, як сам, і выказаў цікаўнасць.

— А ў якіх гарадах вы былі ў Індыі?

— Я быў у 10 штатах Амерыкі! — ён не ўмеў адказваць на пытанні, проста не чуў іх. — У ЗША 50 штатаў, you know!

— Так, нам у школе на геаграфіі тлумачылі. — усміхнуўся я.

— Я быў у 10 штатах. І яшчэ два штаты запланаваў да канца года. У верасні я паеду ў Агаё, а зімой — у Алабаму. Я ўжо набыў квіткі! Таму што танна, калі набываць загадзя!

Тым часам наш бусік прыпыніўся, і зайшоў праваслаўны манах у суправаджэнні дзвюх сясцёр: чорная рыза, сівая барада, стомлены твар, сціпленькі зашмальцаваны чамаданчык.

— Я быў у Кітаі! — працягваў малаціць мой суразмоўца. Вельмі танна атрымалася пабыць у Кітаі! Я зайшоў на сайт вандровак са скідкамі і там быў special offer: 5 начэй у гатэлі плюс пералёт! І ўсяго за $900! Я паспрабаваў купіць праз інтэрнэт, але нічога не атрымалася! Яно прапанавала новую цану: $1300! Я тады прыехаў да іх у офіс, пытаюся: “Чаму такая цана?!” А яны мне: “Таму што special offer толькі для пар! Каб у вас быў яшчэ чалавек, тады б было $900!” Ну, я тады хуценька знайшоў сябра, які хацеў у Кітай, і мы набылі квіткі за $900! І я пабыў у Кітаі!

— А што вы бачылі ў Кітаі? — зноўку запытаўся я. Гэтым разам ён мяне пачуў. Я нават здзівіўся.

— Я быў на Вялікім кітайскім муры! Кітай жа — гэта мур, там болей нічога няма! Ну, я прыляцеў і адразу ў гатэлі замовіў экскурсію на мур! Прыехаў, а на муры ліфт не працуе! І шмат хто не палез! А я стаў караскацца — там шмат прыступак, было цяжка, але забраўся! Залез! Скарыў мур! Я быў на муры!

— Як цікава! А ў Індыі ўсё ж дзе былі? — запытаўся я зноў.

— У Індыі — у Тадж-Махале! У Індыі галоўнае — гэта Тадж-Махал. Там болей нічога няма!

— Няўжо? — здзівіўся я — чалавек, які спецыяльна не ездзіў у Тадж-Махал падчас вандроўкі па Індыі (гэтаксама як скіпнуў я і Ангкор Ват, як быў у Камбоджы — не люблю быць там, дзе былі ўсе).

— Дакладна вам кажу! І я наўпрост з гатэля замовіў тур у Тадж-Махал. Прыехаў туды, пастаяў, сфатаграфаваў!

Я заўважыў, што, расказваючы пра краіны, ён проста пералічвае тыя месцы, дзе быў, — так, быццам займаецца спартыўным арыентаваннем, а не глядзіць вакол. Ён налічвае сабе ачкі: быў у Індыі — залік, быў у Кітаі, забраўся на мур — залік. Спартыўны падыход. Амерыканскі лад жыцця.

— Я з Гаяны! Маленькай краіны ў Лацінскай Амерыцы! Але мае продкі ў чацвёртым калене былі з Індыі, — працягваў паліваць ён словамі.

— Як жа так атрымалася, што вашыя продкі трапілі ў Гаяну з Індыі?

Ён паціснуў плячыма і задумаўся. Было бачна, што ён ніколі не задаваў сабе гэтага пытання.

— Яны вандравалі! Людзі шмат вандруюць, you know! Мне вось не падабаецца ні ў Індыі, ні ў Гаяне. Таму я жыву ў Нью-Ёрку!!!

Стала зразумела, што да свайго жыцця, сваёй асабістай гісторыі, сваіх каранёў дзядзечка ставіцца гэтаксама як да краін, якія ён “наведаў”, “зразумеў” і “спасціг”.

— А яшчэ я быў у Расіі! — раптам ажывіўся ён. — Мне там вельмі не спадабалася! Рускія — вельмі непрыязныя людзі! Я прыехаў у Маскву і хацеў схадзіць на Красную плошчу!

— Бо болей у Маскве нічога няма? — працягнуў я за яго. Ён кіўнуў.

— Але гэтыя рускія запатрабавалі $350 за візу! — сказаў суразмоўца. — Разумееце? $350! І я запытаўся, як адсюль, з аэрапорта, даехаць да Краснай плошчы без таксоўкі, на грамадскім транспарце. А яны мне не патлумачылі! Вельмі непрыязныя людзі! І віза тая $350! Дык я, карацей, вырашыў наведаць Расію, не выходзячы з аэрапорта. Пераначаваў і паляцеў сабе. Але мне вельмі не спадабалася.

І вось тут пачалося самае цікавае. Голас падаў праваслаўны манах.

— Не ўсе рускія непрыязныя, — сказаў ён на каструбаватай англійскай мове. — Вы, мабыць, натрапілі на дрэнных, не сардэчных людзей. Я сам з манастыра пад Екацерынбургам. Гэта месца, дзе расстралялі рускага цара.

Я адразу зразумеў, што гэтыя падрабязнасці залішнія, бо зараз нашаму гаянцу трэба будзе тлумачыць, хто такірускі цар. Манах расшпіліў чамадан і дастаў каляровы фотаздымак прыстанку, у якім служыў Богу, — старыя вежачкі, мураваныя сценкі. — Вось, вазьміце, калі ласка, з блаславеннем, — падаў ён фатаграфію суразмоўцу. — Хай вас Бог беражэ!

Амерыканскі гаянец разглядаў фотку пэўны час і потым зразумеў усё па-свойму:

— Гэта ваш гатэль? Гатэль, якім вы валодаеце? І вы мне прапануеце спыніцца ў ім? А колькі каштуе?

Манах, натуральна, папярхнуўся.

Тут у размову ўключыўся я:

— Ён не ўладар гатэля. Ён праваслаўны манах. Гэта манастыр, у якім ён жыве і моліцца Богу.

— Дык ён рускі? — дайшло да гаянца.

Манах кіўнуў.

— Я думаў, вы яўрэй!

Манах зноўку папярхнуўся.

— Я быў упэўнены, што вы яўрэй! — паўтарыў замежнік. — А вы дакладна не яўрэй? Бо вы выглядаеце як яўрэй! Барада! Чорная вопратка! Яўрэі таксама ўсе ў чорным і з бародамі! Як іх завуць? Не памятаю! А, вось! Успомніў! Хасіды! Вы ўпэўнены, што вы не яўрэй? Можа, вы рускі яўрэй? Бо яўрэі ж могуць быць і амерыканцамі, і рускімі!

Гэта быў моцны, відавочны, страсны фэйспалм. Мне было няёмка проста сядзець побач. Пасля, ужо пайшоўшы з бусіка, я рагатаў без спыну некалькі хвілін — уголас, закінуўшы галаву. Але тут, унутры, побач з амерыканцам і “хасідам”, мне было няёмка. Гаянец жа працягваў бажыць:

— А гэтыя дзяўчаты — вашыя жонка і дачка, так?

— Праваслаўныя манахі не маюць права… — спрабаваў растлумачыць духоўны чалавек.

— Ох, якія прыгажуні! Зайздрошчу! — бляяў знаўца Расіі, Кітая і Індыі.

Перад тым як сесці расказваць вам гэты выпадак, я шмат думаў, якія высновы можна зрабіць з усёй гісторыі. І вось што мне прыйшло ў галаву.

Калі чалавек ператварае сваё жыццё ў спорт, у пагоню за вынікам, за лічбамі, за статыстыкай (ён ужо “наведаў” 10 штатаў з 50-ці ў ЗША!), ён не бачыць нічога навокал. Ён “быў” у Расіі, але ён не зразумеў ні халеры ні пра яе рэлігію, ні пра яе духавенства, ні пра яе царкву. І таму ён не быў ні ў Індыі, ні ў Кітаі, ні ў Расіі. І таму ён неабазнаны небарака, які нічога не ведае пра геаграфію і антрапалогію, не нашмат лепшы за жыхара Тэхаса, які ніколі не выязджаў за межы штата.

Тое ж датычыць людзей, якія ператвараюць у спорт іншыя аспекты свайго быцця, напрыклад, мяняюць дзяўчат нібы тачкі, вядуць падлік вынікаў і спаборнічаюць з іншымі такімі ж паўдуркамі на спецыяльных форумах. Вы не ведаеце дзяўчат, якіх спакушаеце. Вам не хапае часу пацікавіцца тым, што за межамі Тадж-Махалаў і кітайскіх муроў, на якія вы хуценька ўзбіраецеся.

У той час як жыццё — сапраўднае жыццё і сапраўдная глыбіня — пачынаюцца там, адкуль Тадж-Махала ўжо не бачна.

Віктар Марціновіч, budzma.by