Яўген Зак і яго парыжская галерэя

Ніводзін з мастакоў, што прыязджаў з Заходняй Беларусі ў 1930-я гады ў горад сваёй мары і мастацкай свабоды — Парыж, не мог абмінуць невялічкую галерэю, што месцілася на плошчы Сен-Жэрмэн-дэ-Прэ. І лічылі за гонар і абавязак выставіць тут свае творчыя набыткі.



Група мастакоў на тэрасе Ратонды. У цэнтры — Яўген Зак. 1925

Група мастакоў на тэрасе Ратонды. У цэнтры — Яўген Зак. 1925

Мсціслаў Дабужынскі — мастак, які шмат бываў у Парыжы, а ў 1930-я гады меў тут сваю мастацкую школу. Па заканчэнні Кракаўскай Акадэміі дэманстраваў у галерэі свае дасягненні мастак з Тракенікаў Мар’ян Богуш-Шышка. Бываў і выстаўляўся тут некалькі разоў Язэп Горыд. Сваю павагу засведчыў галерэі і дыпламант Віленскага ўніверсітэта Кузьма Чурыла з Крутога Берага, што пад Новым Сновам.

Чым тлумачыцца той магнетызм, які прывабліваў мастакоў да гэтага месца, знанага як галерэя «Зак»? Задужа проста было б вытлумачыць гэта адзіна вабнай постаццю маладой гаспадыні, мілавіднай шэравокай брунеткі Ядвігі Кон — мастачкі з Чэнстахова. З ёй Яўген Зак пабраўся шлюбам у 1913 годзе — годзе свайго «амерыканскага турнэ» — Нью-Ёрк, Чыкага, Дэтройт.

Ад вытокаў Нёмана

Дзіця, народжанае ў чароўных мясцінах ля вытокаў Нёмана, што на Уздзеншчыне, рана, не паспеўшы наталіцца сокамі пупавіны, было адлучана ад маці. Здарылася бяда — заўчасная смерць бацькі, інжынера Савелія. І маці, Адаліна, уроджаная Кроненберг, у 1892 годзе мусіла адвезці малога з мястэчка Магільнае да сваякоў у Варшаву. Там ён і атрымаў першыя ўрокі малявання.

Далей мігціць коламі вельмі насычаны, ярка індывідуальны шлях Яўгена Зака: адукацыя ў Школе вытанчаных мастацтваў у акадэміста Жэрома, навучанне ў Акадэміі Каларосі ў Альбера Бенара. Паездка ў Італію, вучоба ў мюнхенскай школе Антона Ашбэ. Зноў Парыж.

І шчаслівы карагод выстаў, з года ў год, па жыцці. Першыя з іх — выстава ў Восеньскім салоне, Салоне незалежных. Стварэнне серыі карцін у Брэтані і ўступленне ў Таварыства польскіх мастакоў, удзел у іх выставе «Мастацтва».

Пераможны ўдзел у Берлінскім Сэцэсіёне ў 1910 годзе і персанальная выстава ў галерэі «Друэ» ў Парыжы ў 1911 годзе. Аб грамадскім прызнанні Яўгена Зака сведчыць прызначэнне прафесарам Барселонскай і Мюнхенскай Акадэміяў у 1912 годзе.

Ён спрабуе трохі ўтаймаваць сябе і час. Вызначыўшы мастацкую творчасць як асноўны накірунак, Яўген Зак ідзе наперад, сцвярджаючы асноўную тэму сваёй творчасці. Не істотна, з якой хуткасцю вы крочыце да мэты, галоўнае, што крочыце без перапынку!

Бунтоўны ўсплёск натуры з раптоўным ад’ездам сям’і ў Чэнстахоў, як і творчыя стасункі з «фармістамі» і кракаўскімі экспрэсіяністамі, не прынеслі жаданага заспакаення і ўтаймавання.

Неўзабаве Зак з сям’ёю вяртаецца ў стаўшы яму родным Парыж. Перад тым, як у агульных рысах акрэсліць яго галоўны творчы плён, адзначым, што першая польская манаграфія (аўт. Стэфан Загорскі) аб творцы — вытанчаным эстэце і інтэлектуале, які зазвычай быў у гуморы і хіба зрэдзь паддаваўся меланхоліі ды настальгіі, выйшла ў 1927 годзе. У 1936 годзе манаграфіяй Максімільяна Гаўзэра ўганараваў Яўгена Зака і родны Парыж.

Вяртанне на Манмартр

З’ехаўшы з Польшчы назаўжды ў 1922 годзе, у горад мрояў Яўген Зак трапіў не адразу. Вядомасць, якой ён валодаў, змусіла яго спыніцца ў Берліне, наведаць Бон, пакантактаваць з супрацоўнікамі рэдакцыі «Deutsche Kunst und Dekoration» і інш. Карацей, з калегамі і сябрамі — Маркам Шагалам і Зігмунтам Менкесам — ён пабачыўся толькі ў 1923 годзе. Тады ж здолеў працягнуць «філасофскія пасяджэнні» ў вольнай майстэрні пад назвай «Ратонда».

Наўрад ці варта даваць веры Іллі Эрэнбургу, які казаў, што яны цягнуліся ў славутую кавярню адзін да аднаго «бо іх радніла пачуццё агульнага недабрабыту». Іншым часам славутую «Ратонду», што месцілася ля чыгуначнага вакзала на бульвары Манпарнас, у вытоках вуліцы Мэн, літаральна паланіла так званая польская калонія. «Польская» не па этнічна-канфесійным вызначэнні, але традыцыйна «польская», у піку «рускай». Бо чым растлумачыць прысутнасць сярод польскіх «каланістаў» знанага французскага скульптара Эміля-Антонія Бурдэля ці літаратара з-пад Койданава Антона Патоцкага? З 1923 года сябрам польскай калоніі быў мастак, народжаны ў 1896 годзе ў Гародні — Іосіф Любіч.

Яўген Зак у гэтым асяродку адчуваў сябе камфортна.

Яўген Зак

Яўген Зак

Плён 

Яшчэ ў 1925 годзе адзін з тагачасных крытыкаў заўважыў, што вобразы, створаныя Закам, як след не арыентаваны на публічны паказ у музеях. Хоць і знаходзяцца яны ў дзяржаўных сховішчах Польшчы, Мастацкім інстытуце Чыкага, Цэнтры Пампіду і Музеі сучаснага мастацтва ў Парыжы, у Музеі Ізраіля ў Іерусаліме і Мастацкім музеі ў кібуцы Эйн Харод.

З аналізам творчасці Яўгена Зака да 1923 года можна пазнаёміцца ў першай паваеннай манаграфіі, падрыхтаванай Артурам Танікоўскім пры падтрымцы фонду Касцюшкі і фонду «Памежжа», што ў Сейнах, а таксама ў выданні «Гісторыя польскага жывапісу» Тадэвуша Дабравольскага. Нас жа цікавіць іншае…

Як пісаў беларускі гісторык мастацтва пра Яўгена Зака: «Мастак, які быў пад уплывам сімвалістаў і «Les Nabis» пад кіраўніцтвам Марыса Дэні… у сваёй творчасці аддаваў належнае і неакласіцызму, і арт-дэко, і, урэшце, экспрэсіянізму, праз які, у канчатковым выніку, прыйшоў да ўласнага кшталту. …Амаль не малюючы з натуры, усё зробленае ім, ён вынаходзіў у лабірынтах памяці і ўяўленнях».

За вакном

У 1920-я гады заходні інтэлектуал, «агульны дабрабыт» якога пагрозліва хіснуўся, не на жарт унурыўся ў пошук тэарэтычнага, інтэлектуальна-філасофскага грунту свайго існавання.

Маладыя і прагныя да ведаў, сквапныя на рэфлексіі заходнія інтэлектуалы і папоўніўшыя іх шэрагі неафіты з усяго свету досыць хутка заўважылі неабжыты абсяг, які вельмі і вельмі мог бы сысці за рэальны падмурак жыцця. Яны ўжо нацешыліся прагматычным «разумнікам» — Homo Sapiens, нагуляліся з філасофскай парадыгмай Homo Faber (Чалавек-Творца, Мудрэц), сцверджанага ў рабоце «Творчая Эвалюцыя» А. Берсана, якая дала магутны імпульс усяму еўрапейскаму мастацтву пачатку ХХ стагоддзя.

У 1920 гады грамадска-інтэлектуальныя сімпатыі схіліліся да Чалавека Гуляючага (Homo Ludens) прапанаванага канцэпцыяй нідэрландскага гісторыка і культуролага. Фундаментальныя доследы Ёхана Хейзінга (Johan Huizinga, 1872–1945) сцвердзілі глабальную канцэпцыю гульні ў якасці культурна-гістарычнай універсаліі і замацавалі яе непрамінальны сэнс у чалавечай цывілізацыі.

Герой

«Гульня» як абсалютна дамінуючы (непрамінальны) фактар ва ўтварэнні культуры вымагае адпаведнага героя, які сам па сабе супрацьстаўляецца штодзённасці, прагматызму і чалавечай пошасці.

Яўген Зак знаходзіць яго ў «лабірынтах памяці і ўяўленняў». Яго герой — гэта паяц. Не толькі сцверджаны характар і схільны да ўсемажлівых дэфармацыяў у часе і прасторы, але і ўвогуле — герой сімвалічны, першапачаткова блізкі любому народнаму характару, у тым ліку сугучны і героям той зямлі, з якой паходзіў мастак.

Яўген Зак, творца стылізаваных еўрапейскіх побытавых сюжэтаў, усім сваім героям надае характэрныя рысы, што збліжаюць іх з правобразам, цэнтральным героем творчасці — Арлекінам.

Паяц-Арлекін — вясёлы і прасцякаваты слуга. Арлекін вельмі натуральна робіць глупствы і гэтак жа стаічна-ўсмешліва ўспрымае за іх пакаранне, мо таму ён і вымагае спачування да сябе і сваіх нягод і дзіцячых злыбедаў. На галаве ў яго востракутны капялюшык (шапачка), на поясе — кашэль. Абуты ў лёгкія чаравікі, якія дазваляюць яму нязмушана перасоўвацца ў прасторы і вырабляць акрабатычныя штучкі. Тыпалагічна блізкі да яго вобраз П’еро, таксама персанаж французскага народнага ярмарачнага тэатра. Але параўноўваць (тым больш атаясамліваць гэтых герояў) наўрад ці мажліва з прычыны прыналежнасці іх да розных нацсубкультураў. Занятак гэты можа стацца асобнай працай. У Францыі ХІХ стагоддзя Арлекін — сімвал шчаслівага кахання ў супрацьлегласць нешчасліваму П’еро.

Арлекін — самая папулярная маска італійскага тэатра плошчаў (камедыі дэль артэ), што трывала ўвайшла ў еўрапейскую поп-культуру. Нездарма яго вобраз мае шырокую распаўсюджанасць. У тым ліку ў такіх мастакоў, як Гоя, Ферэці, Сезан.

Зразумела, агульную змену інтэлектуальна-філасофскай парадыгмы нельга лічыць адзінавызначальнай. Выбар героя — больш складаны працэс.

Літаральна за некалькі гадоў сваёй апантанай творчасці ў гэтым накірунку Яўген Зак падараваў свету столькі Арлекінаў, што, калі б яны разам сабраліся з калекцыяў Мінска, Варшавы, Вроцлава, Познані і Шчэціна ды іншых прыватных і дзяржаўных збораў Еўропы і ЗША, дык атрымалася б ладная каманда. А калі дадаць да таго, што шэраг побытавых герояў Зака, якія дваістасцю сваіх характараў нагадваюць Арлекіна, тыпам вопраткі ці асобнымі яе элементамі непасрэдна паўтараюць яе (атрыбутуюць), то сувязь з культавым раманам ХХ стагоддзя «Гульня ў бісер» Германа Гесэ навідавоку. Нягледзячы на тое, што да выхаду рамана было яшчэ блізка 20 гадоў.

Крокі, зробленыя Яўгенам Закам, еўрапейскім мастаком з Заходняй Беларусі, не толькі значна прасунулі мастацтва наперад, але і вымагаюць больш грунтоўна засяродзіцца на вывучэнні яго творчасці. 

Артыкул упершыню апублікаваны ў «Новым Часе» 15.06.2013