Юры Пэн у Якуба Коласа

Выстава Юрыя Пэна стала першай з тых, якія музей Я. Коласа будзе ладзіць рэгулярна. Дом пісьменніка расчыніць дзверы для набыткаў як беларускіх музеяў, так і замежных. (На здымку: Зінаіда Камароўская, дырэктар музея Я. Коласа і Анатоль Грэкаў, сябра музея)



228b25587479f2fc7570428e8bcbabdc.jpg

Выстава Юрыя Пэна стала першай з тых, якія музей Я. Коласа будзе ладзіць рэгулярна. Дом пісьменніка расчыніць дзверы для набыткаў як беларускіх музеяў, так і замежных.

(На здымку: Зінаіда Камароўская, дырэктар музея Я. Коласа і Анатоль Грэкаў, сябра музея)


Пад экспазіцыю адведзены пакой старэйшага сына пісьменніка, Данілы Канстанцінавіча. «У нас заўсёды бракавала плошчы, —    адзначыў старшы навуковы супрацоўнік музея Анатоль Трафімчык. — Музей маленькі, бо гэта дом Якуба Коласа. Паколькі пастаянна былі прапановы арганізаваць выставы, бачачы запатрабаванасць, мы адкрылі гэту выставачную залу. Яна стала ўпершыню задзейнічаная менавіта дзякуючы Пэну».
«Маё жыццё—карціны» — пад такой назвай будзе доўжыцца да 15 снежня выстава. Карціны прыехалі з Віцебскага мастацкага музею. І менавіта гэтыя творы яшчэ ні разу не бачылі ў Мінску. На 23 палотнах дэманструюцца партрэты і пейзажы. «Тут мы можам знайсці менавіта таго Пэна, якім яго ведаюць. З характэрнай творчай манерай. Карціны невялікія, але з таго разраду, калі кажуць, што малы залатнік, ды дарагі», — лічыць Анатоль Трафімчык.
А Нацыянальны гістарычны музей падрыхтаваў для гэтай выставы экспазіцыю паштовак. На іх адлюстраваныя віцебскія краявіды пачатку ХХ стагоддзя. Нагадаем, што вучнямі Юрыя Пэна былі вядомыя майстры, сярод якіх і мастак Марк Шагал.
«Нам хацелася пачаць высокім мастацтвам, — адзначыла дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — І каб менавіта гэта выстава была пачаткам цудоўнай серыі мастацкіх экспазіцый. Карціны вельмі падыходзяць да нашай невялікай плошчы. А паколькі гэта дом Коласа, то мы стараемся любую выставу стварыць ва ўтульнай хатняй атмасферы».
Музей Я. Коласа шмат экспанаваў на Віцебшчыне. Не толькі ў музеях Віцебска, але і Оршы, Полацка.
Якуб Колас некалі шмат дапамагаў людзям. У тым ліку станавіцца на ногі таленавітай моладзі. Сярод іх і скульптару Заіру Азгуру. Пакуль той вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні, Колас дапамагаў яму матэрыяльна. Як і яшчэ аднаму навучэнцу гэтай установы, Івану Лабкоўскаму. «У нас маецца вельмі шмат квіткоў пераводаў грошай, якія ён пералічваў людзям нават незнаёмым, якія папросту звярталіся да яго адразу пасля вайны. Цяпер такіх мецэнатаў вельмі цяжка знайсці»,—сказала Зінаіда Камароўская.
Да новага года музей зладзіць яшчэ і выставу календараў. Якуб Колас, дарэчы, вельмі іх любіў. Свае выставы ўжо прапанавалі шмат якія музеі, у тым ліку і з Украіны. Музей Я. Коласа будзе адкрываць і свае фонды, і прымаць гасцявыя выставы.

Альбіна ВІШНЕЎСКАЯ