Каляда на дуб — да наступнага года

На большай частцы Беларусі Каляды заканчваліся Вадохрышчам, але ў некаторых лакальных традыцыях цягнуліся яшчэ 1–2 дні і маглі завяршацца праводнымі абрадамі. 21 студзеня адбываецца канчатковае вырашэнне каляднага пытання.

2013_01_21_noviny_0050_a.ljaszkevicz_logo.jpg


Каляды, як любое іншае свята, прымалі, святкавалі і праваджалі. Абрады провадаў Калядаў на Беларусі адбываліся ў асноўным на Тры Каралі 6 студзеня (католікі)/ Вадохрышча 19 студзеня (праваслаўныя). У некаторых рэгіёнах Беларусі, аднак, каляднымі лічылася яшчэ ад паўтара да трох дзён, і абрады провадаў Калядаў прыпадалі на 21 ці 22 студзеня.


На мяжы Магілёўскай і Мінскай абласцей (Клічаўскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі, Асіповіцкі раёны) казалі “цягнуць Каляду на дуб” і праводзілі абрад, у большасці выпадкаў, 21 студзеня.

У якасці Каляды на дрэва маглі зацягваць кола, барану, калоду, гаршчок з куццёй, ступу, снапок жыта (часам у выглядзе лялькі жаночай іпастасі), рэшткі накалядаваных пачастункаў…

У жывой традыцыі захоўваецца абрад вёскі Новіны Бярэзінскага раёна. Вось як гэта адбываецца: з жытняга снапка робяць ляльку-Каляду, “апранаюць” у жаночае адзенне — спадніцу, кофту, фартух, хустку. Каляду ставяць на старое кола і вязуць на санях да дуба за вёскай. Бяруць з сабой таксама гаршчок з куццёй, ставяць яго на сена ў рэшата.

Усё гэта трымае старэйшая паважаная жанчына. Яе з усімі атрыбутамі нібыта незнарок апракідваюць на зямлю, у снег, каб куцця рассыпалася. Потым Каляду з колам зацягваюць на дуб. З дуба скідаюць леташнюю Каляду і тут жа спальваюць. Вакол дуба водзяць карагоды з песнямі.

Абрад аднавіла ў пачатку 1990-х гадоў загадчыца вясковага клуба Ніна Клімовіч. У 2011 годзе абрад унесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Каляду на дуба цягнуць таксама ў вёсках Чыжаха і Любушаны Бярэзінскага раёна, у Клічаве. Вядома, што яго даўней абрад спраўлялі і ў некаторых вёсках каля Магілёва.

2013_01_21_noviny_0047_a.ljaszkevicz_logo.jpg



Экспедыцыя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў Клічаўскі раён у 2011-м годзе паказала, што мясцовыя варыянты абраду “Цягнуць Каляду на дуба” вельмі разнастайныя:

У вёсцы Арэхаўка 21 студзеня “на правод Калядаў” цягнулі каляду на дуба: збіраліся ў госці, гулялі. Пяклі булачкі — “булавушкі”. Стругалі лучынкі, рабілі з іх крыжыкі, кідалі ў калодзеж, каб было на працягу года досыць дажджу. Моладзь цягнула барану (адну на ўсю вёску) на дуб (штогод на адзін і той жа), “каб добра баранавалася”.

У вёсцы Буднева 21 студзеня збіраліся, гулялі. Бытавала прымаўка: “Каўбасу спячы, барану да дуба дацягні”. Пасля застолля (“каўбасу спяклі, паелі, выпілі”) садзілі старую бабу на барану, цягнулі барану ўніз зубамі да дуба па-за межамі вёскі. Там пелі і танчылі, частаваліся, абдымалі дуб, беручыся ўсе разам за рукі (“паспасібавалі дубу”, “пажалелі дуба”). Ежу і барану пакідалі ля дуба на ноч, прысланіўшы да ствала зубамі. На развітанне крычалі кожны сваё, напрыклад: “Пакідаем табе барану, каб было здароўе, як у цябе, дуб, крэпкае, і ў нас”. Адбягалі ўсе разам (“кучай”) ад дуба на пэўную адлегласць, крычалі нешта кшталту “Гу-у, жджы да другога года, зноў прыдэм!”. Назаўтра руплівы гаспадар забіраў сваю барану дадому.

У вёсцы Орліна ў канцы Калядаў маленькую драўляную імітацыю бараны зацягвалі на любое дрэва, якому для гэтага ссякалі верхаліну. На гэткай “баране” потым гняздзіліся буслы.

2013_01_21_noviny_0039_a.ljaszkevicz_logo.jpg



У вёсцы Дулебня на “правод Калядаў” 21 ці 20 студзеня для кожнай узроставай катэгорыі быў свой занятак. Моладзь збіралася на танцы, старэйшыя (магчыма, выключна жанатыя) ладзілі застолле, дзеці і падлеткі бегалі ў лес, дзе дурэлі, бегалі, гулялі ў снежкі. Казалі “каляду павязём у лес”. Бытавала прымаўка “Што далей пройдзеш (праводзіш Каляды), то лепшы лён будзе расці”.

У вёсцы Дзмітраўка на апошні дзень Калядаў моладзь увечары жартавала — маглі падвесіць санкі на вяроўцы на дрэва насупраць вакна.

У вёсцы Коўбча 21 студзеня прывязвалі бутэльку на цвік да бэлькі, налівалі з чаркі гарэлку, назаўтра выпівалі. Таксама ўсцягвалі на дрэва кола, каб у ім гнездаваліся буслы.

У вёсцы Закуцце мужчыны з накалядаванага ладзілі застолле, якое працягвалася да самага ранку.

2013_01_21_noviny_0041_a.ljaszkevicz_logo.jpg



У вёсцы Закуцкі дварок існавала некалькі варыянтаў абраду. 19 студзеня жанчыны рабілі вялікую саламяную ляльку, апраналі яе і абувалі (сукенка, хуста, чырвоныя боты). Ляльку маглі каму-небудзь падкінуць, такім чынам пажартаваўшы. У адзін год вазілі бабу на баране, на другі вешалі барану на сук дуба. Жанатыя рабілі застолле ў складчыну. Жартавалі: кралі што-небудзь, зацягвалі куды-небудзь (“цягнуць каляду на дуба”) і хавалі.

У вёсцы Курганнена провады Калядаў” два чалавекі цягнулі барану на дуба, паставіўшы да дрэва драбіны. На барану саджалі ляльку са стужак, якой малявалі тварык. Барана вісела да вясны, гаспадар забіраў яе, калі прыходзіў час ёй карыстацца.

У вёсцы Новая Слабодка жартавалі з дзяцей, казалі, што трэба бегчы да дуба, “бацінкі каляда прынесла”, але дасць толькі калі прыбяжыш басанож.

Хлопчыка з вёскі Даўжанка, што побач з вёскай Новая Слабодка, за савецкім часам у школе спыталі, ці бачыў ён Бога. Той адказаў: “Так, бачыў. На дубе сядзеў, каўбасу еў”. Мабыць, у Даўжанцы, як і ў Новай Слабодцы, жартавалі з дзяцей на тэму таго, хто сядзіць на дубе ў апошні дзень Калядаў.

2013_01_21_noviny_0046_a.ljaszkevicz_logo.jpg



У вёсцы Востраў пажылую бабу цягнулі на санках, паставіўшы да яе графін самагонкі з закускай. Цягнучы, увесь час спявалі пад гармонік песню “Калядкі, Калядкі, паелі бліны ды аладкі”. Зацягвалі бабу да каго-небудзь у двор, там прымалі, частавалі.

Калядой звалі гаршчок з куццёй, што стаяў на сене на покуці па працягу ўсяго каляднага перыяду. Аднак звестак, што яго кудысьці адвозілі, не зафіксавана (аддавалі курам). У той жа вёсцы іншая інфармантка распавядала, што на Багатую Каляду (13 студзеня) нашчадраванае вазілі на санках да дуба ў канцы вёскі. Казалі “цягнуць к дубу каляду”. Ля дуба спявалі, потым вярталіся ў вёску і з’ядалі ўсё разам. Мабыць, гэта было своеасаблівае асвячэнне ежы ля дуба.

У вёсцы Патокаяк канец Калядам” хлопцы каталі дзевак на санках і пераварочвалі іх.

У вёсцы Ваевічы на Посную Каляду на кожным дварэ ля брамы палілі пудзіла — куль саломы, які звалі “Святая”, ці “Посная” Каляда. Прыгаворвалі, каб Бог даў здароўя, прыбылі, скаціна каб вялася, чыталі “Ойча наш”. 6 студзеня на кут ставілі “каляду” — сноп з саломы, упрыгожаны стужкамі, магчыма, зажыначны. Там жа, на куце, засцілалі надзежнік, клалі сена, на яго ставілі куццю. Прыказвалі, што 21 студзеня трэба выносіць каляду (сноп і куццю) з хаты і ставіць высока — на дуб ці якое іншае дрэва, каб усё высокае расло, каб моладзь бралася шлюбам. Каляду зацягвалі хлопцы, трэба было, каб дуб рос на растаньках. Былі спецыяльныя песні на правод Калядаў.

2013_01_21_noviny_0062_a.ljaszkevicz_logo.jpg



У вёсцы Драні 21 студзеня зацягвалі барану на дуб ці на любое іншае дрэва “каб буслы вяліся”. У дрэва папярэдне зразалі верхаліну. Быў выпадак, калі зацягнулі на дрэва, што стаяла на могілках, там буслам не спадабалася, не сталі гнездавацца.

У вёсцы Брусы таксама ўсцягвалі на дуб старую барану для буслоў.

У вёсцы Чарвякі казалі “провады Каляды”. Рабілі пудзіла з саломы (сноп) у чалавечы рост, апраналі ў стары кажух, цягнулі ў лес па дарозе нагамі наперад, у лесе (ці за вёскай) палілі. Пасля Вадохрышча рабілі застолле для суседзяў.

У вёсцы Новыя Набаркі (на мяжы з Бярэзінскім раёнам) 6 студзеня старыя бабы з усёй вёскі разам рабілі ляльку (“чычала”, “каляду”) з саломы, ставілі на куце ў адной з хат, на паліцу пад абразамі. 21 студзеня лічылася апошнім днём Калядаў, у гэты дзень з лялькай усе развітваліся, і мужчыны спальвалі яе за вёскай, штогод на адной і той жа пляцоўцы. Калі ўжо лялька гарэла, рыхтавалі скаромны стол у складчыну. За стол, як правіла, збіралася ўся вёска, але былі людзі, якія не хадзілі. За сталом спявалі бяседныя (застольныя) песні. З 1970-х гадоў сталі рабіць застоллі асобна ў розных хатах, збіраліся, хто з кім сябруе. Ляльку ўжо не рабілі.“Цягнуць каляду на дуба” значыла “добра святкаваць”.

У вёсцы ДоўгаеКаляда на дуба” — гэта застолле. Па розных звестках, на гэта застолле збіраліся толькі жанатыя ці толькі мужчыны. “Калядой” звалі скручанае сена, што ляжала на покуці падчас Калядаў. Пасля святочнага перыяду гэта сена скормлівалі жывёле. Цягалі на саначках старую бабу-Каляду, якая за гэта частавала ўдзельнікаў абраду.



_2013_01_21_noviny_0065_a.ljaszkevicz_logo.jpg


У вёсцы Замікітка ў апошні дзень Калядаў рабілі ляльку з ільну (мабыць, няпрадзенага), расфарбоўвалі яе. Моладзь несла ляльку да дуба, чапляла і пакідала там на год. Несучы і чапляючы, спявалі:

На дуба, калядкі, на дуба

Дзевачкам кудзелька ня люба

Каб нам калядак нядзель дзясятак

Нашы праснічкі б настаяліся

Нашы дзевачкі б нагуляліся

У вёсцы Пярэкаль абрад здзяйснялі на Посную Каляду: у абед неслі на руках да дуба драўляную барану з жалезнымі зубамі, якой баранавалі бульбу. На той баране потым гнездаваліся буслы. Дазвалялася цягнуць Каляду “добрай” моладзі, каб разумныя, вернікі, не п’яніцы. Ля дуба спявалі калядкі “Ой, калядачкі, бліны ды аладачкі…”. Казалі, што гэта рабілі “каб на лета <Каляды?> шчэ ўстрачалі”. Цягалі на санках бабу, якая пэўнымі дзеяннямі дапамагала моладзі шлюбнага ўзросту хутчэй стварыць сям’ю.

У шмат якіх вёсках Клічаўскага раёну пад “Калядой на дуба” разумеюць застолле: Гонча, Клічаўскія пасёлкі, Каўбчанская Слабада (21 студзеня), Суша (“на паследні дзень Каляд”), Закуцце (21 ці 22 студзеня), Стаялы (21 ці 22 студзеня), Церыхаў Бор (21 студзеня). У вёсцы Клічаўскія пасёлкі на застолле збіраліся ў асноўным сваякі, суседзяў запрашалі “калі харошыя”. У вёсцы Стаялы запрашалі толькі сваякоў. У вёсцы Церыхаў Бор пелі песні, якія ўтрымлівалі словы “Ой, калядачкі, вы на дуб, на дуб”.

У памежных з Клічаўскім вёсках Бярэзінскага раёна:

У вёсцы Мацевічы 20 студзеня збіраліся выпіць-пагуляць, гэтае застолле звалася “цягнуць Каляду на дуба”.

У вёсцы Кавяза зацягвалі барану на дуб.

У вёсцы Каменны Барок 20 ці 21 студзеня ладзілі застолле, хлопцы везлі на санках ці неслі на руках вялікі снапок-ляльку, вешалі на дуб. Потым вакол дуба вадзілі карагоды, спявалі. Лялька вісела прыкладна 2 тыдні, потым яе здымалі і спальвалі.

У вёсцы Асавец памежнага з Клічаўскім Бялыніцкага раёна была запісана песня:

Ай, Калядачкі, а на дуб, на дуб,

Ой, люлі, рана, а на дуб, на дуб.

А нам, дзевачкам, а ніхто ня люб,

Ні старэнькія, ні маленькія,

Адно хлопчыкі маладзенькія.

Песні з падобнымі словамі шырока пашыраны ў Паўночнай Беларусі, у Сенненскім, Талочынскім, Аршанскім, Чашніцкім, Крупскім раёнах.

2013_01_21_noviny_0084_a.ljaszkevicz_logo.jpg



На захадзе Мінскай вобласці завяршэнне свята звалася “Паабед-Каляды (-а)”, казалі таксама “праводзіць Каляду” і “Каляду ха хвост цягнуць”.

У Гомельскай вобласці сустракаліся назвы “Раскрашчэнны дзень”, “Раждзьвенскі дзень”, “Расшчап(л)е́нне Каляд”, “Прасціцель”, “Развадзіцель”.

Падобныя абрады сустракаюцца і ў Заходняй Беларусі.

У вёсцы Бярдовічы Слонімскага раёна чыгунок з рэшткамі куцці ставілі на дрэва.

У некаторых вёсках Лідскага раёна на апошнюю куццю ў праваслаўных маскіраваны персанаж Дзед Мароз на санях “адвозіў Каляду”. Дзед Мароз казаў дарослым: “Кіньце каляду, я з сабою павяду” — яму давалі булкі, кілбасы, баранкі, грошы. Ён прыходзіў дахаты і разам з жонкай клікаў да сябе суседзяў, потым усе разам гулялі. Казалі “Як Дзед Мароз праедзе, гэта ўжэ ні будзе Каляд, Каляды пойдуць ужэ”.

Як бы ні зваліся і ні праходзілі провады Калядаў, файна, што можна святкаваць “лішнія” два — тры дні!

 

Фота Алены Ляшкевіч з абраду “Цягнуць Каляду на дуба” ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна, 2013 года.