«Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі» Алега Трусава днямі паступіць у продаж

У кнігарні Мінска днямі паступіць новая кніга вядомага айчыннага даследчыка мінулага Алега Трусава «Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі». Гэтае 464-старонкавае багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне, надрукаванае накладам у 1 тыс. асобнікаў, нядаўна пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Харвест» у рэдакцыі Анатоля Тараса.



khab_trusau.jpg

У выданні шмат чаго ўпершыню. Упершыню гаворка ідзе пра гісторыю дойлідства ад эпохі палеаліту (24-26 тыс. гадоў таму, Юравіцкая і Бердыжская стаянкі нашых продкаў адпаведна ў Калінкавіцкім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці) да распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Трэба мець на ўвазе, што ўсе ранейшыя выданні па гісторыі айчыннай архітэктуры звычайна пачыналіся ад Полацкай Сафіі XII стагоддзя. Гэта адбывалася таму, што кнігі па гісторыі дойлідства пісалі даследчыкі архітэктуры, якія не ведалі археалогію. А спецыялісты па археалогіі не ведалі архітэктуру і таму не маглі напісаць даследаванне пра мінулае дойлідства.
Стварыць кнігу па гісторыі архітэктуры ад старажытнасці да сучаснасці пад сілу навукоўцу, менавіта добра абазнанаму ў археалогіі і архітэктуры. Такім навукоўцам і з’яўляецца Алег Трусаў. Яму пашэнціла нарадзіцца ў старажытным Мсціславе (Магілёўская вобласць), дзке захавалася шмат помнікаў дойлідства. Ягоны прадзед — архітэктар Васіль Радзівонавіч Драздоўскі на пачатку XX стагоддзя збудаваў у горадзе мужчынскую гіманазію. Дзякуючы сваёй першай настаўніцы Дамініке Сямёнаўне Казлоўскай — маці знакамітага даследчыка беларускіх замкаў Міхася Ткачова, дарэчы сябры Алега Трусава — хлопчыкам ён патрапіў на экскурсію ў раскоп старажытнага Мсціслаўскага замчышча і вырашыў стаць археолагам.
Пасля вучобы на гістфаку Белдзяржуніверсітэта, а таксама штолетніх археалаг ічных раскопак і экспедыцый Алег Трусаў — вучань вядомага даследчыка старажытных артэфактаў Эдуарда Загарульскага — працуе археолагам у Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР. На раскопках у Полацку малады археолаг знаёміцца з вопытнымі расійскімі даследчыкамі старажытнай архітэктуры Валянцінам Булкіным, Паўлам Рапапортам і Рыгорам Штэндарам. Менавіта пры іх непасрэднай дапамозе Алег Трусаў напісаў першую ў СССР дысертацыю па методыцы архітэктурна-археалагічных даследаванняў на прыкладзе помнікаў беларускага дойлідства XI-XVII стагоддзяў. Затым адбылося знаёмства з архітэктурай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай праз стажыроўкі ў літоўскіх і польскіх дойлідаў, археолагаў і рэстаўратараў ў Вільнюсе, Каўнасе, Кракаве і Варшаве. І, урэшце, самастойныя цягам 17 гадоў раскопкі замкаў, ратуш, храмаў, кляштараў і манастыроў XII-XVII стагоддзяў у розных гарадах і мястэчках роднай Беларусі.
Шмат часу навукоўца патраціў на вывучэнне і вяртанне ў штодзённы ўжытак старажытнай беларускай архітэктурнай тэрміналогіі. Так, слова «дахоўка» (замест рускай «черепицы») было вернутае ў шырокі навуковы ўжытак толькі праз 10 год спрэчак і дыскусій. А тэрміны «руб» і «стырчак» (адпаведна доўгі і кароткі бок цагліны) замянілі рускія словы «ложок» і «тычок». Разам з тым, навукоўца адрадзіў нацыянальны старажытны архітэктурны тэрмін «муроўка», які выціснуў навязаную беларусам рускую «каменную кладку». Тым больш, што ў беларускай мове «кладка» азначае «масточак праз рэчку». Апроч таго, Алег Трусаў вярнуў ва ўжытак такі тэрмін старадаўніх айчынных муляраў, як «муроўка са схаваным шэрагам» замест рускай «каменной кладки со спрятанным рядом».
З 1996 года Алег Трусаў выкладае гісторыю айчыннага дойлідства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Сваю першую кнігу па гісторыі беларускай архітэктуры навукоўца напісаў па-беларуску і выдаў 25 год таму. Двойчы хацеў яе перавыдаць, але не ўдалося. І вось у 2013 годзе папулярызатар айчыннай гісторыі і выдавец Анатоль Тарас прапанаваў аўтару напісаць новую кнігу пра мінулае айчыннага дойлідства менавіта ад каменнага веку да распаду СССР. Апроч таго, Анатоль Тарас прапанаваў зусім новую структуру і тэматыку выдання.
У чым яшчэ яго навізна. У тым, што ўпершыню падрабязна апісана гісторыя архітэктуры Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы з 1921 па 1939 гады. Апроч таго, Алег Трусаў упершыню прадставіў лёс культавага дойлідства ў Савецкім Саюзе — ад разбурэння да аднаўлення, у тым ліку Верхняга гораду ў Мінску з дапамогай грамадскасці, а таксама лёс помнікаў ваеннай архітэктуры XIX-XX стагоддзяў — дотаў і дзотаў, як савецкіх і нямецкіх, так і польскіх.
Разам з тым, упершыню аўтар робіць параўнальны аналіз жылля вяскоўцаў і гараджанаў у розныя эпохі, сістэмна разглядае гісторыю культавага і абарончага дойлідства, а таксама мінулае грамадзянскай і прамысловай архітэктуры, у тым ліку будаўніцтва прадпрыемстваў, мастоў, дарог і каналаў.
Нагадаем, што прэзентацыя кнігі адбудзецца 26 лютага а 18.30 у мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (вул. Румянцава, 13).