Кастусь Селіханаў і Андрэй Шчукін пакажуць свой мастацкі праект у Маскве

Беларускія мастакі – скульптар Кастусь Селіханаў і фотамастак Андрэй Шчукін пакажуць свой праект «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу» на V Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва, што адбудзецца з 24 верасня па 19 кастрычніка ў залах Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі па вуліцы Цвярской (былога Музея Кастрычніцкай рэвалюцыі).



czarha_logo.jpg

Пра гэта ў інтэрвью карэспандэнту «Новага Часу» паведаміла дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску Наталля Шаранговіч. Паводле яе слоў, выбар сюжэту праекту адпавядае філасофскай тэме біенале «Прастора і час», якая павінна разглядацца праз нейкі сацыяльны аспект.

decode_logo.jpg


«Хаця Селіханаў і Шчукін вельмі розныя мастакі па свайму творчаму мысленню і візуальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, іх працы (манументальная бронзавая скульптура і эфемерныя чорна-белыя здымкі) узаемна дапаўняюць праект і робяць яго даволі цэльным і гарманічным.
У сваіх разважаннях пра пераломны час другой паловы мінулага і пачатку цяперашняга стагоддзяў мастакі скіроўваюць людзей да разваг пра вельмі складаныя суадносіны паміж чалавекам і людзьмі – натоўпам і грамадствам, а таксама з горадам і дзяржавай. Аснова экспазіцыі – вялікая бронзавая кампазіцыя Селіханава “Чарга” даўжынёю 410 і вышынёю 100 санціметраў, якая зверху нагадвае бясконцую ленту Мёбіуса. Бо гэтая доўгая грамада людзей візуальна нашмат павялічваецца ад таго, што ўпіраецца ў два вялікія люстэркі, якія забяспечваюць чарзе бясконцы працяг.
Чалавек увесь час жыве ў чарзе, у натоўпе і губляе свой твар, сваю індывідуальнасць. Чалавек і грамадства нясумяшчальныя – у гэтым галоўны пасыл праекту. Яго дапаўняюць 24 вялікіх (памерам 90 х 80 санціметраў) фотаздымкаў Шчукіна, выкананых аналагавым спосабам, што нясе пэўную рукатворнасць майстра і адбітак мінулага стагоддзя, якое яшчэ не ведала лічбавага фота.
Прычым, на здымках няма людзей, а толькі старыя прадметы, якія захавалі дотык і цеплыню чалавечых рук, а таксама адбіткі неўмольнага часу – расколіны, драпіны, пацёртасці, увагнутасці і адколіны. І гэтыя знакі часу, што сведчыць пра жыццё прадметаў побач з людзьмі, часам могуць сказаць пра сутнасць жыцця і індывідуальнасць чалавека нашмат больш, чым ягоны твар», — сказала мастацтвазнаўца.

decode_1_logo.jpg


Паводле яе слоў, экспазіцыя музея сучаснай гісторыі Расіі з’яўляецца добрым фонам для канцэптуальнага праекту і актуалізуе пачуцці чалавека ў гістарычным маштабе.
Дарэчы, ў біенале прымуць удзел 50 праектаў, прычым беларускі размесціцца ў дзвюх залах агульнай плошчай 200 квадратных метраў, адзначыла Наталля Шаранговіч.
Яна нагадала, што Беларусь другі раз запар прымае ўдзел у Маскоўскай біенале, якая будзе праводзіцца адначасна з знакамітай Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва ў Італіі і па сваёй значнасці амаль не саступае апошняй.
Напрыканцы году праект, арганізаваны Музеям сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы яго генеральнага спонсару ААТ «Прыорбанк» і Міністэрства культуры Беларусі, будзе дэманстравацца ў Мінску.