Леанід Уцёсаў: яго не было бы без Гомеля
Першы народны артыст на эстрадзе, спявак, кінаакцёр, паэт, кіраўнік аркестра, канферансье, чытальнік і сапраўдны адэсіт. Пра Леаніда Уцёсава цяжка было не пачуць у ранейшыя гады. Але мала хто ведае, што на лёс Уцёсава вельмі паўплываў беларускі горад над Сожам.
«Мова Гомель» знайшла цікавыя факты з жыцця і творчасці знакамітай легенды эстрады і піянера джаза ў СССР.
Першыя сцэнічныя крокі і Гомель
Леанід Восіпавіч Уцёсаў (сапраўднае імя Лазар або Лэйзер Вайсбэйн) нарадзіўся 21 сакавіка (па новым стылі) 1895 года ў Адэсе ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і, а скончыў сваё жыццё 9 сакавіка 1982 года ў Маскве. Там і пахаваны на Новадзявочых могілках.
Лэйзер з дзяцінства браў урокі музыкі. Праўда, ён так і не скончыў камерцыйнае вучылішча Файга ў Адэсе, яго адлічылі за непаспяховасць і адсутнасць дысцыпліны. Таму малады Ледзя (так яго называлі ў сям’і) некаторы час працаваў у брадзячым цырку гімнастам і зазывалам. І вось у 1912 годзе яго пагадзіліся ўзяць у Крэменчугскі тэатр мініяцюр, але з адной умовай: «Ніякіх Вайсбэйнаў!» Так з’явіўся Леанід Уцёсаў, які ў 1917 годзе вырашыў пашукаць шчасця ў… Гомелі.
У біяграфіі Уцёсава асобным радком заўсёды пазначаецца, што ў 1917 годзе ён перамог у конкурсе куплетыстаў у Гомелі. У якасці ўзнагароды малады Уцёсаў атрымаў залаты партабак, які папярэдне быў выстаўлены для ўсеагульнага агляду ў вітрыне гомельскай гасцініцы «Савой». І хоць звычайна іншых падрабязнасцей не паведамляецца, але менавіта гэтая перамога стала першым прызнаннем у публікі, і менавіта пасля Гомеля Уцёсаў набраўся храбрасці, каб сабраць у Маскве невялікі аркестр і выступаць з ім у садзе «Эрмітаж».
Так пачалася ашаламляльная кар’ера раней нікому невядомага адэсіта.
Гомель раз і яшчэ раз
Роўна праз год, у 1918-м, Леанід Уцёсаў наведаў адну з забаўляльных устаноў Гомеля, а свае ўражанні ад гэтай паездкі ён падрабязна апісаў у аўтабіяграфічнай кнізе «Дзякуй, сэрца!»:
«Гэта было ў васямнаццатым годзе. Я запрошаны ў Гомель, мы рыхтуем праграму для адкрыцця рэстарана-кабарэ, штосьці кшталту «Лятучай мышы». Усё ідзе добра, але раптам антрэпрэнэр прыгадвае, што ў яго няма белых абрусаў і сурвэтак.
Дастаць гэты рэстаранны інвентар, ды яшчэ ў такой колькасці, у той час было немагчыма. Антрэпрэнэр у адчаі: з-за такой дробязі можа ўсё сарвацца. І тут мяне асяніла думка. Я спытаў у гаспадара:
— А белую паперу вы можаце дастаць?
— Можна дастаць газетную.
— Выдатна! Накрыйце сталы белай паперай і буйна прыгожа на ёй напішыце: «Лепш чыстая папера, чым брудны абрус!»
Наведвальнікі ўспрынялі гэта як забаўны кабарэтны трук, цалкам адпаведны часу.
Але Гомель запомніўся мне не толькі гэтым эпізодам. Тут адбылося маё знаёмства з Аркадзем Цімафеевічам Аверчанкам, якога я ведаў і любіў па яго дасціпным апавяданням. Ён прыехаў у Гомель з цэлай групай журналістаў і адразу ж прыйшоў у тэатр, у якім прытулілася наша кабарэ. Спачатку ішлі спектаклі тэатра, а пасля адзінаццаці пачыналі мы. (Зрэшты, я гуляў і да адзінаццаці.)
Гомель быў перапоўнены, прыезджым уладкавацца было амаль немагчыма. Я запрасіў Аверчанку да сябе, і ён некалькі дзён жыў са мной у маленькім пакойчыку. Маленькія пакойчыкі дзіўна збліжаюць людзей! […]
З часу нашага знаёмства прайшло 53 гады. Аверчанкі даўно ўжо няма на свеце. Але яго партрэт з кранальным надпісам: «Таленавітаму Уцёсаву з удзячнасцю за цёплы, ласкавы прыём і вячэрнія песні. Аркадзь Аверчанка» — заўсёды вісіць у маім пакоі».
Яшчэ раз у Гомель Леанід Уцёсаў прыехаў у 1923 годзе ў складзе сатырычнай тэатральнай трупы «Гратэск» Мікалая Фарэгера. Пра гэтыя гастролі ўзгадваў Леў Выгоцкі, будучы сусветнай славы псіхолаг, які ў 1920-х шмат пісаў пра культурнае жыццё Гомеля ў газетах «Наш панядзелак» і «Палеская праўда». Вось урывак з артыкула выдання «Наш панядзелак», №45 ад 1923 года:
«…Уцёсаўшчына — гэта, вядома, адэсітызацыя тэатра. Але пры ўсёй нязноснасці жанру, Уцёсаў — сапраўдны майстар эстраднага мастацтва — куплета, танца, шаржа. Яго свіст, храп, рохканне, зласлівасць у «Газеце», якія перадаюць у сатыры тон і дух эмігранцкай прэсы, зроблены пранізліва і з дасканаласцю гадзіннікавага механізма. Яго адэсіты — у сцэнках — выклікаюць смех ды слёзы. Гэта віртуозная анекдатычная гульня. Каранямі гэты жанр сыходзіць, вядома, у афіцэрскі яўрэйскі анекдот, але ўвесь камізм сучаснага дзялка і спекулянта перададзены ў такіх грымасах, крыўляннях і такой солі шчырых, глыбокіх інтанацый, што заразліва смяшыць. Злабадзённасць, анекдот, віртуозная тэхніка — на службе ў гэтага майстра адэскай стыхіі жыцця і тэатра».
Зайздросціў Эдзі Рознэру
Выбітны джазмэн Эдзі Рознэр, пасля сталінскіх лагераў і моцнай цэнзуры, у пачатку 1970-х пераехаў з Масквы ў Гомель.
«У мясцовай філармоніі яму прапанавалі добрыя ўмовы. Праўда, джазавы аркестр Рознэра ў складзе Гомельскай філармоніі праіснаваў менш за год. Сярод больш-менш вядомых удзельнікаў таго складу аркестра варта ўзгадаць Роберта Балотнага, які потым стварыў ВИА «Синяя птица» і сам паходзіў з Гомеля», — распавядаў нам у матэрыяле пра Рознэра паэт, журналіст і даследчык Віктар Сямашка.
Паводле даследчыка, «…кажуць, што Эдзі Рознэру зайздросціў сам Уцёсаў. Рознэр прынёс з сабою сапраўдную джазавую школу, кантынентальны ўзровень».
«Бывайце здаровы, жывіце багата»
Гэтая знакамітая песня хоць і не звязаная непасрэдна з Гомелем, але не памылімся, сцвярджаючы, што яе ведае амаль кожны гамяльчук.
Беларуская песня «Бывайце здаровы, жывіце багата…» была напісана ў 1930-х гадах. Яе аўтары: кампазітар Ісаак Любан, ураджэнец Чэрыкава на Магілёўшчыне, і паэт-песеннік Адам Русак, ураджэнец вёскі Пясочнае на Міншчыне. Гэтая песня стала галоўнай тэмай фестывалю беларускага мастацтва, які праходзіў у Маскве ў 1940 годзе. Паэт Міхаіл Ісакоўскі перавёў яе на рускую мову (што праўда, «прыпісаўшы» тэкст сабе, за што пазней яму давялося прабачацца), і такім чынам яна ўвайшла ў рэпертуар Леаніда Уцёсава і яго дачкі Эдыт, якая 17 гадоў адпрацавала ў аркестры свайго бацькі.
Затое непасрэдна з Гомелем звязаная іншая песня ў выкананні Леаніда Уцёсава. У лістападзе 1943 года паэт Яўген Далматоўскі знаходзіўся ў толькі што вызваленым Гомелі і напісаў невялікі верш, апублікаваны пад назвай «Вуліцы-дарогі». Кампазітар Марк Фрадкін напісаў да гэтых слоў музыку спецыяльна для Уцёсава ды яго аркестра. Што праўда, Уцёсаў дапісваў гэтую песню сам з увагі на тое, што вызваляліся іншыя гарады, так і паўстала ў выніку «Дарога на Берлін». У пачатковым варыянце Далматоўскага ў трэцюю страфу ўсталяўся радок пра Гомель, у канчатковым варыянце Уцёсава яго не было.
Паводле «Штодзень»