Ад кіраўніцтва джазавым аркестрам БССР да 10-гадовай высылкі. Неверагоднае жыццё Эдзі Рознера

У гэты дзень нарадзіўся Эдзі Рознер — джазмен, якога называлі «белым Луі Армстрангам». Ягоны лёс з’яўляецца гатовым сцэнаром для фільма пра чалавека, які любым коштам імкнецца жыць і граць сваю музыку на фоне трагедый XX стагоддзя. Так склалася, што яго лёс надзвычай цесна звязаны з Беларуссю.

Эдзі Рознер

Эдзі Рознер

Адольф Рознер нарадзіўся ў Нямеччыне, у сям’і польскіх габрэяў

Факт нараджэння надзвычай таленавітага хлопчыка габрэйскага паходжання ў Берліне ў 1910 годзе, ды яшчэ і з імём Адольф, сам па сабе з’яўляецца прысудам. У 6 гадоў Рознер паступіў у кансерваторыю Штэрна, дзе навучаўся па класе скрыпкі. Але сэрца маладога чалавека заўсёды палала джазам, і ў 20-ці гадовым узросце ён зрабіў канчатковы выбар на карысць трубы, што і дазволіла яму ў хуткім часе стаць «белым Луі Армстрангам».

У Берліне Адольф Рознер пачаў граць з музыкамі польскага паходжання ў аркестры пад кіраўніцтвам Марэка Вэбера (Вэбер, дарэчы, джаз ненавідзеў, меў кансерватыўны музычны густ, але як кіраўнік аркестра не мог супрацьстаяць сучасным тэндэнцыям. Вядома, што кожны раз, калі аркестр пачынаў джазавую інтэрмедыю, ён дэманстратыўна сыходзіў з дырыжорскай трыбуны і выпіваў у бары). Аднак вернемся да лёсу Рознера, які ў 1930-х, вельмі своечасова, у складзе ансамбля «Syncopators» адправіўся ў турнэ па Еўропе і выступаў на параходзе «New York» падчас рэйсаў паміж Гамбургам і Нью-Ёркам.

З прыходам Гітлера да ўлады Адольф Рознер пакінуў Радзіму

З прыходам Гітлера да ўлады Адольф Рознер зразумеў, што шлях на радзіму яму — габрэю польскага паходжання, джазмену — закрыты

scale_1200_73.webp

Ён змяніў сваё імя на Эдзі, каб не асацыявацца з нацысцкім лідарам, і паспрабаваў атрымаць від на жыхарства ў Бельгіі, аднак атрымаў адмову. Тады Эдзі Рознер пераехаў у Польшчу і сабраў там надзвычай паспяховы джазавы ансамбль.

Ажаніўся з дачкой знакамінай рэжысёркі Іды Камінскай

У Варшаве Эдзі знаёміцца з актрысай габрэйскага мастацкага тэатра Рут Камінскай (дачкой знакамітай рэжысёркі Іды Камінскай). Паміж джазменам і рэжысёркай успыхвае каханне. Лёс падорыць ім некалькі шчаслівых гадоў і дачку Эрыку, але не вечнае каханне.

Эдзі Рознер, яго жонка Рут і дачка Эрыка

Эдзі Рознер, яго жонка Рут і дачка Эрыка

Пасля нацысцкага ўварвання ў Польшчу ў 1939 годзе аркестр Рознера і трупа Камінскай былі вымушаны збегчы ў беларускі Беласток.

Быў абавязаны поспехам у краіне саветаў Панцеляймону Панамарэнку  

У нашай краіне малады джазмен знаёміцца з 1-м сакратаром ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймонам Панамарэнкам.

Панамарэнка вырашае паспрыяць поспеху Рознера — так Эдзі стаў кіраўніком Дзяржаўнага джазавага аркестра БССР і нават атрымаў у распараджэнне аркестра цэлы цягнік, на якім гастраляваў.

У верасні 1940-га Рознер з аркестрам быў запрошаны ў Сочы і граў для пустой залы, у якой, аднак, быў адзін слухач — Сталін, якому, як кажуць, канцэрт спадабаўся.

Эдзі Рознер з аркестрам

Эдзі Рознер з аркестрам

Між тым варта нагадаць чытачам, што стаўленне да джазавай музыкі ў сталінскім СССР было не нашмат лепшым, чым у гітлераўскай Германіі. Але калі Гітлер дзейнічаў наўпрост, не хаваючы сваіх вычварэнскіх матываў, савецкія кіраўнікі адной рукой друкавалі ў газетах артыкулы, дзе называлі джаз «музыкай тоўстых», «мастацтвам вар’ятаў», канстатавалі знакамітае «сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст»… А другой рукой стваралі цэлыя джазавыя Дзяржаркестры, у якіх, аднак, замест сапраўднай музыкі вольных людзей гучала толькі пралетарская на яе пародыя. 

Рознер з гэтага шэрагу каля-джазавых музыкаў, бясспрэчна, вылучаўся, за што і быў пакараны.

Разам з жонкай і дачкой спрабаваў збегчы ў Польшчу праз Украіну

Улетку 1946 года аркестр Эдзі Рознера, што быў тады на ўздыме кар’еры, прыехаў у Маскву са сваёй новай праграмай. У сталіцы краіны саветаў былі запланаваны некалькі канцэртаў, усе квіткі былі раскуплены.

Але пасля першага выступлення, 18 жніўня, у газеце «Известия» быў надрукаваны артыкул Алены Грошавай «Пошласць на эстрадзе», які абражаў ідэалагічна-няправільны аркестр Рознера ў лепшых камуністычных тардыцыях. Самога Эдзі, аднаго з найлепшых трубачоў стагоддзя, аўтарка не доўга думаючы «трэцясортным трубачом з кабарэ».

Пасля публікацыі гастролі аркестра Рознера былі сарваны — вось яна, сапраўдная пятая ўлада!

Баючыся пераследу, Эдзі Рознер разам з жонкай Рут і дачкой Эрыкай вырашыў збегчы ў Польшчу праз украінскі Львоў, аднак быў арыштаваны Львоўскім упраўленнем НКУС.

Быў асуджаны на 10 гадоў высылкі ў Хабараўскі край

За кратамі, у стане шоку не дасведчаны ў падобных справах Рознер падпісаў усё, чаго патрабавала следства, і нават больш. Паказанняў хапіла на абвінавачанне ў «здрадзе радзіме» (найперш праз прызнанне джазмена ў тым, што хацеў праз Польшчу трапіць у Амерыку).

Эдзі Рознер спрабаваў звярнуцца да міністра дзяржбяспекі Віктара Абакумава, абяцаючы выправіцца, аднак гэта не дапамагло.

Учорашняга кіраўніка дзяржаўнага джазавага аркестра прысудзілі да 10-ці гадоў высылкі ў Хабараўскі край. Яго жонка Рут была асуджана на 5 гадоў лагераў і выслана ў казахстанскія стэпы, пад Какшэтаўу

Дачку Эдзі і Рут, чатырохгадовую Эрыку, забрала ў Маскву сяброўка іх сям’і.

eddie_rosner.jpg

Нават у высылцы няспынны Эдзі здолеў сабраць лагерны аркестр. Пазней жа Рознер быў пераведзены на Калыму.

Брак з Рут не перажыў высылкі

Эдзі Рознер быў вызвалены ў 1954 годзе. На волі яго чакалі жонка і дачка. 

849167.jpg

Сям’я пражыла разам толькі некалькі месяцаў і распалася пасля таго, як Рознер прызнаўся — у лагеры ён пакахаў танцорку Марыну Бойка, якая нарадзіла яму дачку Ірыну. Тое, што з Марынай Бойка джазмен закончыў адносіны яшчэ да вызвалення, брак з Рут не ўратавала. Рут разам з дачкой Эрыкай вярнулася ў Варшаву, да сваёй маці. А Эдзі Рознер пазней знойдзе шчасце з яшчэ адной танцоркай — Галінай Ходас.

Пасля вызвалення Рознер стварыў у краіне саветаў Эстрадны аркестр і нават зняўся з ім у фільме «Карнавальная ноч»

036bc7e4317e4a60cac7e6979a3c91b7.webp

Ізноў аркестр Рознера з поспехам і аншлагамі гастраляваў па СССР. Вядома ж, свінгавыя, джазавыя кампазіцыі даводзілася міксаваць са зразумелымі пралетарыям песенькамі. Вядома ж, аркестр быў невыязным.

Напрыканцы 1960-х быў новы віток савецкай барацьбы са свабоднай музыкай. Савецкай прэсе і крытыкам было загадана не ўзгадваць Рознера ў публікацыях. Улады забаранілі яму выступаць у буйных канцэртных залах Саюза. А ў 1971-м Рознера ўсё ж прымусілі пайсці на пенсію.

Свой апошні джазавы ансамбль «белы Луі Армстранг» сабраў у Гомелі.

Памёр у 1976-м годзе, у родным Берліне

У 1970-х Эдзі Рознер звярнуўся да савецкіх улад па дазвол іміграваць на радзіму. У 1973-м яму ўсё ж дазволілі вярнуцца ў родны Берлін, дзе праз тры гады выбітный джазмен памёр у галечы.

rozner_3.jpg