Знічка каралевы. Нялёгкі зямны шлях легендарнай Ціны Цёрнер

Зоркі таксама плачуць, і Ціна Цёрнер ведала гэта як ніхто іншы. Яе лёс не назавеш лёгкім — у ім хапала нагод для слёз.

Ціна Цёрнер памерла ўчора на 84-м годзе жыцця

Ціна Цёрнер памерла ўчора на 84-м годзе жыцця


Жыццё пачало выпрабоўваць Анну Мэй Булак ад нараджэння. Будучая спявачка нарадзілася ў сям’і простых рабочых у невялікім гарадку Натбуш, што ў штаце Тэнэсі. Бацька сышоў з сям’і, калі Анне было 10 гадоў, — тады яна разам са старэйшай сястрой засталася жыць у бабулі. Калі бабуля памерла, дзяўчат забрала маці да сябе ў іншы горад.

Прыкладна тады ж Анна пачала спяваць — спевамі ў клубах яны з сястрой зараблялі на жыццё. У адным з такіх клубаў лёс звёў Анну Мэй з Айкам Цёрнерам, і гэтае знаёмства стала той самай сустрэчай, якая вызначыла ўсё далейшае жыццё будучай «каралевы рок-н-рола». Як і ўсе падобныя гісторыі, знаёмства Анны і Айка было даволі кінематаграфічным: ён спяваў на сцэне клуба «Imperial», ёй захацелася спець з ім разам, але Айку гэтая ідэя не спадабалася — і тады Анна выхапіла ў яго мікрафон і стала спяваць сама. Праз два гады пасля таго вечара свет пабачыў (ці, дакладней, пачуў) іх афіцыйны дуэт, у якім, уласна, і з’явілася спачатку Літл Энн, а пасля Ціна Цёрнер — такімі былі псеўданімы Анны, прыдуманыя Айкам. Яшчэ праз два гады пара пабралася шлюбам у Мексіцы.

Так пачалася адначасова светлая і цёмная паласа ў жыцці Цёрнер. Дуэт «Ike & Tina Turner Revue» набіраў папулярнасць, кар’ера ішла ўгору, а вось сямейнае жыццё трашчала па швах: Айк аказаўся аб’юзерам. Ён пастаянна збіваў Ціну (так, што аднойчы зламаў ёй сківіцу), здзекаваўся з яе, на сямейныя грошы купляў наркотыкі, здраджваў ёй з яе сяброўкамі (вядома, што спявачка зрабіла спарон, даведаўшыся, што яе сяброўка таксама зацяжарала ад Айка) і давёў да спробы суіцыду. Праз 14 гадоў кашмару, пасля збіцця перад самым канцэртам, Ціна не вытрымала і сышла ад Айка — літаральна ў нікуды, без грошай, сувязей і падтрымкі.

На гэтым магла б скончыцца гісторыя зоркі — і пачалася б гісторыя звычайнай жанчыны, на чыёй шыі віселі чацвёра дзяцей, дваіх з якіх яна забрала ад мужа-тырана, каб выхоўваць як сваіх. Але Ціна Цёрнер была жанчынай незвычайнай — яна была той, каго сусвет спачатку доўга выпрабоўваў, каб потым зрабіць каралевай. Два гады Цёрнер з дзецьмі перабіралася ад сяброў да сяброў, падпрацоўвала ў нізкасортных клубах і харчавалася па талонах. Аднаму Богу вядома, з якімі думкамі яна тады жыла і што трымала яе на плыву. Пасля 14 гадоў гвалту, без працы і з галоднымі дзецьмі на руках складана ўбачыць святло ў канцы тунэлю — але, відаць, яна бачыла. Яна бачыла і трымалася за хвост уласнай каметы, якая пасля панесла яе да зор.

Яе святло разгаралася павольна. Ціна Цёрнер вярталася на сцэну спакойна, упэўнена і не спяшаючыся: напрыканцы 70-х яна ўжо была даволі вядомай спявачкай, але камерцыйнага поспеху яшчэ не мела. Поспех прыйшоў пазней — пасля выпуску альбома «Private Dancer» (1984), які разышоўся тыражом як мінімум у 11 мільёнаў копій і, уласна, зрабіў яе «каралевай рок-н-рола». Пасля гэтага было першае сусветнае турнэ, канцэрт у Рыа-дэ-Жанейра для 188 тысяч чалавек і «Кніга рэкордаў Гінеса» — гэты выступ спявачкі пабіў рэкорд Фрэнка Сінатры.

Цёрнер паспрабавала сябе і ў ролі акторкі: яна знялася ў трэцяй частцы серыі фільмаў «Mad Max», дзе персанажа сцэнарысты прыдумалі спецыяльна дзеля яе, а партнёрам па здымачнай пляцоўцы быў Мэл Гібсан. Адмыслова для гэтага фільма яна запісала саўндтрэк «We Don’t Need Another Hero», які адкрыў ёй дарогу да такіх прэстыжных прэмій, як «Грэмі» і «Залаты глобус».

Усяго за сваё жыццё яна атрымала 12 «Грэмі» і была адзінай артысткай, адначасова намінавай на гэтую прэмію як поп-, рок- і r’n’b-спявачка. Таксама ў капілку «ўнікальнасцей» Ціны Цёрнер варта дадаць той факт, што яна мае дзве зоркі на «Алеі славы»: адну — за дуэт з Айкам, а другую — як сольная артыстка.

У гонар знакамістасцей прынята называць вуліцы, школы, паркі і розныя іншыя аб’екты. Талент і слава Ціны Цёрнер былі настолькі вялікімі, што ў яе гонар федэральныя ўлады штата Тэнесі назвалі адно з буйных шасэ: Tina Turner Highway (траса 19), — працягласцю ў 69 кіламетраў.

Ціна была першай цемнаскурай спявачкай, фота якой часопіс «Rolling Stone» змясціў на вокладку. Па версіі гэтага часопіса Цёрнер уваходзіць у «100 найвялікшых артыстаў усіх часоў» — у спісе яна займае 63-ю пазіцыю.

Акрамя таго, спявачка напісала і выдала дзве аўтабіяграфічныя кнігі: «Я, Ціна» (пра жыццё з Айкам Цёрнерам і сыход ад яго) і «Гісторыя майго кахання», прысвечаная другому мужу.

Як бачым, лёс узнагародзіў вялікую спявачку за яе талент. Але не перастаў выпрабоўваць. Ціна Цёрнер выйшла замуж другі раз за германца Эдвіна Баха, з якім да таго сустракалася 27 гадоў і пражыла да апошняга дня ў Швейцарыі. Дзесяць гадоў таму спявачка перанесла інсульт, пасля якога ёй давялося зноў вучыцца хадзіць. У 2016 годзе ў Цёрнер знайшлі рак кішачніка, які яна не захацела лячыць хіміятэрапіяй і прымала гамеапатычныя сродкі, праз што развілася ныркавая недастатковасць.

Пра гэта таксама можна зняць прыгожы і сумны фільм. Пакутуючы на хваробу, Цёрнер зноў стала задумвацца пра самагубства. Чарга на донараў, якія маглі б выратаваць яе, была вялікай, лекі не дапамагалі, паратунку чакаць не было адкуль. Ціну выратаваў муж: ён аддаў каханай сваю нырку. Аперацыя прайшла паспяхова, нырка прыжылася, але толькі часткова — і таму часам стварала нязручнасці для жыцця. 

Пасля аперацыі Ціна паспела пахаваць дваіх сваіх сыноў, адзін з якіх скончыў жыццё самагубствам у 2018 годзе, а другі памёр летась у снежні. Побач заставаліся яшчэ двое дзяцей — тыя самыя, якіх Цёрнер забрала ў першага мужа. І, канечне, Эдвін.

Так пара і пражыла да таго моманту, пакуль камета легендарнай спявачкі не стамілася ляцець.

Учора яе не стала. Ціна Цёрнер была з намі 83 гады і пакінула па сабе больш за дзясятак альбомаў, каля двух дзясяткаў сінглаў, якія ў свой час сталі хітамі, і мноства запісаў канцэртаў і выступленняў. Але галоўнае — гэта голас, унікальны голас, які застанецца назаўжды ў сэрцах яшчэ не аднаго пакалення меламанаў, здольных адчуваць прыгажосць і ўнутраную сілу гэтай неверагоднай жанчыны.

Дзякуй, дарагая Ціна.