Памылкі ўлады — гэта проста памылкі, а не геніяльныя тактычныя хады

Прыжыццёвая веліч — штука тонкая. Таму што жыццё доўгае і непрадказальнае. І не ўсе дасягненні ўлады, роўна як і іх памылкі — іх заслуга. Бо на гісторыю можна глядзець і пад іншым вуглом. Не з пазіцыі дзей богападобных вяршыцеляў лёсаў, а з пазіцыі няўмольнай гістарычнай логікі.

Мастак Нікас Сафронаў з партрэтам Лукашэнкі. Фота sputnik.by

Мастак Нікас Сафронаў з партрэтам Лукашэнкі. Фота sputnik.by

Аднойчы я сумаваў у дзяржустанове і гартаў біяграфію Лукашэнкі. Не пытайцеся, чаму, піша Валерый Віктаравіч у Plan B.

Пачынаўся гэты важкі літаратурны твор прыкладна так: «Гісторыкі часта шукаюць і заўсёды знаходзяць у ранніх дэталях біяграфій выбітных людзей прыкметы іх велічы». Нічога дрэннага не хачу сказаць пра аўтараў, але інтрыгу яны забілі ў яшчэ ў самой завязцы твору.

Бо прыжыццёвая веліч — штука тонкая. Таму што жыццё доўгае і непрадказальнае.

Гісторыю робяць вялікія?

Добра быць вялікім, калі ты ўжо памёр. Пажадана, досыць даўно, каб нельга было спытаць сучаснікаў, ці сапраўды ты быў вялікім, ці толькі выбітным.

Сярод памерлых вялікіх поўна. І Чынгісхан, і Гай Юлій Цэзар, і Аляксандр Македонскі (aka Вялікі, уласна).

У прынцыпе, на лёсавызначальную гістарычную ролю падыходзіць любы кіраўнік або ваенны начальнік (часам два ў адным), які на нейкім этапе пашырыў межы сваёй дзяржавы. Прасцей кажучы, спадарожнічала чалавеку ваенная ўдача, атрымліваліся інтрыгі, магчыма, яшчэ і дынастычнымі шлюбамі не грэбаваў.

І ўся сусветная гісторыя, калі гартаць падручнік за сёмы клас, рухаецца дзякуючы гэтым выключным асобам.

Без іх не было б ні Шумерскага царства, ні Старажытнага Егіпта, ні імперыі франкаў і гэтак далей.

Так? Ці не…

Бо на гісторыю можна глядзець і пад іншым вуглом. Не з пазіцыі дзей богападобных вяршыцеляў лёсаў, а з пазіцыі няўмольнай гістарычнай логікі.

Я што маю на ўвазе?

Глядзіце таксама

Патокам прынесла

Вось, скажам, Гітлер — чалавек па-свойму цікавы, энергічны, захоплены. А таксама выдатна выцяты лёсам, без чаго нельга, мне здаецца, стаць прыдатным дыктатарам. Але змог бы гэты чалавек у адзіночку завабіць марай аб светлай будучыні ўвесь нямецкі народ у дзікую вайну, калі б народ гэтага не хацеў?

Бо заклікі Гітлера ляглі на добрую глебу. Нацыя марыла пра рэванш пасля ўсіх знявагаў і няшчасцяў, што рушылі за паразай у Першай сусветнай вайне.

Ці, напрыклад, Напалеон. Як бы ні быў ён добры сабой, наўрад ці атрымаў бы ад французаў пасаду імператара і магчымасць ваяваць, з кім уздумаецца, калі б не з'явіўся пасля жудаснай (праўда таксама Вялікай) Французскай рэвалюцыі. Народ прагнуў парадку і росквіту, Банапарт ім гэта даў.

Таму заўсёды застаецца гэтае пытанне. Вялікі чалавек — ён вялікі сам па сабе, або яго проста выносіць на гэты п'едэстал патокам гісторыі, якому, па сутнасці, усё роўна, каго ўзвышаць?

Сучасным прэтэндэнтам на веліч такія ідэі, вядома, недаспадобы. Ім хочацца ўвайсці ў гісторыю ўпэўненай хадой і ўстаць у адзін шэраг з вялікімі мінулага. А тое й наперад трошкі вылучыцца.

Хочацца думаць, што выключна дзякуючы сваёй геніяльнасці яны сталі такімі вялікімі і важнымі.

І міфы пра сябе любімых

Для стварэння міфа пра сваю веліч любыя сродкі добрыя, але асабліва дапамагае стары добры тэлевізар. Калі яго пастаянна глядзець, то ўсякія сумневы ў тым, што нам з вамі пашчасціла жыць у адзін час з вялікімі, адвальваюцца за непатрэбнасцю.

Пуцін там — і выбітны стратэг, і геніяльны шпіён, і амфары знаходзіць, і стэрхаў лётаць вучыць, і амурскім тыграм размнажацца дапамагае.

Наш «вялікі» таксама не адстае. Дасканала асвоіў усе мажлівыя прафесіі, накарміў Беларусь трыма хлябамі, абуў двума лапцямі і ўмее прадказваць напады. Што з картамі, што без.

Узвысіцца над штодзённасцю канчаткова, перайшоўшы ў статус жывога бога, яму перашкаджае, мне здаецца, толькі жаданне заставацца зразумелым глыбіннаму народу. Бо ў нас прэзідэнт — ён адначасова і вялікі, але адначасова і як бы зямны, зразумелы. Моркву для Стывена Сігала вырошчвае, за кароўнікамі сочыць, дровы сячэ (і шпіцу кідае).

Калі б не гэтае жаданне заставацца ў нейкай частцы простым мужыком, думаю, стаялі б ужо на кожным куце залатыя статуі, як у Туркменістане.

Глядзіце таксама

Дзядуля, а чаму ў цябе такая вялікая харызма?

Прапагандысты што ў Расіі, што ў Беларусі наперабой паўтараюць аб бязгрэшнасці, выключнасці і звышчалавечых здольнасцях да прэзідэнцтва двух братоў-лідараў.

Самае пацешнае, народ у выніку сам пачынае ў стварэнні міфа ўдзельнічаць.

І калі адбываецца нешта дзіўнае, незапланаванае, нават шкоднае (скажам, мяцеж Прыгожына), то народ пачынае прыдумляць, які ж мудрагелісты план лідара за гэтым стаяў. Маўляў, Пуцін мяцеж сам прыдумаў, каб мудрагеліста выявіць патэнцыйных здраднікаў.

Але, мне здаецца, ніколі нельга выключаць самае простае тлумачэнне.

Памылкі ўлады — гэта проста памылкі, а не геніяльныя тактычныя хады і выбітныя стратагемы.

Сядзяць у сваіх прэзідэнцкіх крэслах два стомленых, хворых дзядулі. Выцятых лёсам (без чаго немагчыма стаць прыдатным дыктатарам), але далёка не вялікіх. Яны старыя, недаверлівыя, адзінокія і няшчасныя.

Яны хочуць вярнуць сваю маладосць, калі ўсё было ясна і гарэлка была па 3,62. І цягнуць яны свае краіны назад, у ім зразумелае мінулае.

Але паток гісторыі абыякавы і бязлітасны.

Як выпадкова вынесла іх калісьці на вяршыню ўлады, гэтак жа сама іх і змые.