«Лятучы галандзец»: без авангарду, але з густам
Уверцюра да оперы «Лятучы галандзец» сімвалізуе начны шторм, а потым супакаенне і ўрэшце пачатак новага, лагоднага дня. Усё гэта пакліканая перадаць нашаму ўяўленню вялікая музыка ХІХ стагоддзя. Але стагоддзе ХХІ не давярае такім ненадзейным рэчам, як чалавечае ўяўленне, аддаючы перавагу тэхналогіям.
Сцэна з оперы «Лятучы галандзец»
У Мінскай оперы падчас уверцюры на спецыяльны экран-сетку праецыруюць відэашэраг марскога шторму... 10–11 снежня ў рамках Мінскага міжнароднага каляднага форуму адбылася відовішчная
прэм’ера рамантычнай оперы Рыхарда Вагнера.
Дэфіцытная класіка
Для аматараў музыкі Вагнер (1813–1883) — без перабольшання, самая прыцягальная постаць у сусветнай опернай класіцы. Безумоўна, не ў апошнюю чаргу праз рэпутацыю
“забароненага плоду”, які яго творчая спадчына займела адразу пасля Другой сусветнай вайны. Агульнавядома, што Вагнер быў любімым кампазітарам Адольфа Гітлера і фактычна афіцыйным
саўндтрэкам Трэцяга Рэйху. На зямлі Ізраілю музыка Вагнера, аўтара антысеміцкага артыкула “Яўрэйства ў музыцы”, не выконвалася з 1938 года, а калі выконвалася, то з вялікім
скандалам. Таму нядзіва, што многія оперныя меламаны перакананыя: у СССР творчасць Вагнера была катэгарычна нон-грата. Пастаноўку на мінскай сцэне вагнераўскай оперы “Лаэнгрын”
канца 1970-х некаторыя тэатралы са стажам называюць “унікальнай”, “беспрэцэдэнтнай”, “адзінай у Савецкім Саюзе”.
На справе ўсё было не зусім так. Як сцвярджаюць гісторыкі музыкі, афіцыйнай забароны творчасці Вагнера ў СССР не існавала. Не было нават антывагнераўскай рыторыкі ў прэсе ці падручніках, а яго сімфоніі бесперашкодна трансляваліся па радыё.
Малапашыранасць Вагнера ў СССР відавочна мае іншыя карані. Мала хто памятае, што оперны рэпертуар, як і ўсё ў тагачаснай культуры, строга рэгламентаваўся партыйнай ідэалогіяй, галоўным аргументам якой было “просты глядач гэтага не зразумее”. “Аіда”, “Чыа-Чыа-Сан”, “Рыгалета”, “Тоска”, “Травіята” ды крыху Моцарта — вось амаль усё, што спускалася саюзным операм зверху. Усё астатняе было “крокам улева — крокам управа”, на які ставала адвагі і імпэту не ва ўсіх тэатральных калектываў.
Таго ж “Лаэнгрына” ды “Лятучага галандца” ставілі ў Бальшым тэатры ў Маскве; традыцыйна Вагнер ішоў у Латвійскай оперы: у Рызе як важным асяродку нямецкай
культуры Вагнер працаваў пэўны час пры жыцці.
Рарытэтнасць пастановак Вагнера на нашых шыротах можна таксама звязаць са складанасцю яго музыкі не толькі для “простага гледача”, але і для выканання. Рыхард Вагнер - вышэйшы
оперны пілатаж, выклік для дырыжораў, акрестру і спевакоў. Зваротны бок медаля — пастаноўка Вагнера ў якім-кольвек тэатры аўтаматычна падымае ўзровень тэатру.
Да апошняга часу, каб паслухаць оперы Вагнера ўжывую, беларусам даводзілася ехаць у Еўропу, пажадана — Заходнюю. Тэатралы з удзячнасцю згадваюць гастрольны выступ Сафійскай оперы, якая ў 2012 прывезла ў Мінск “Зігфрыда”. Але ў 2013 годзе ўсё змянілася: у свеце адзначаюць 200-годдзе вялікага кампазітара.
Пастаноўка “Лятучага галандца” ў Мінскай оперы — цалкам лагічны крок у рамках рэпертуарнага еўрарамонту, прадпрынятага дырэкцыяй пасля еўрарамонту звычайнага. Вагнера
паставілі ў Оперным, як дарагі стылёвы камод нямецкай вытворчасці ў новыя апартаменты: з помпай, на заўважным месцы — каб было што паказаць гасцям.
Выбуховы матэрыял
“Лятучы галандзец” — візітная картка Вагнера: гэта першая опера, дзе той праявіў творчую самабытнасць як кампазітар-наватар, які лічыў, што музыка мусіць вельмі дакладна
перадаваць характары оперных герояў. Па ўласным сведчанні, Вагнер натхніўся на “Галандца” ў 1839 годзе, калі плывучы з Рыгі ў Лондан, трапіў у буру і ў выніку апынуўся між
ф’ёрдаў Нарвегіі. За аснову лібрэта Вагнер узяў вядомую еўрапейскую легенду пра карабель-прывід у інтэрпрэтацыі Генрыха Гайнэ (цікава, што Гайнэ быў адзіным нямецкім творцам, якому Вагнер
дараваў яўрэйскае паходжанне).
Сюжэт, на які Вагнер уласнаручна напісаў лібрэта: карабель нарвежскага капітана Даланда збіваецца з курсу, трапіўшы ў шторм, і сустракае яшчэ адзін, змрочны і загадкавы карабель. Яго капітан
— Галандзец — быў калісьці пракляты за пыху. Раз на сем год ён і яго інфернальная каманда выходзяць на бераг. Вось і цяпер Галандзец з’яўляецца між людзей з царства ценяў.
Ён спадзяецца, што гэтым разам ён зможа знайсці каханне, якое выратуе яго ад пракляцця і даруе спакой.
Сцэна з оперы «Лятучы галандзец»
Ён купляе ў хцівага капітана права на шлюб з яго дачкой Сэнтай. Але рамантычная Сэнта без усялякіх грошай гатовая пакахаць прывіднага капітана. Яна верыць, што яе прызначэнне — уратаваць
яго ад закляцця. Але паміж ёй і яе пакліканнем становіцца спакуса простага зямнога шчасця — закаханы ў яе егер Эрык. Спакойнае жыццё і непрадказальнасць марской стыхіі — такі выбар
мусіць зрабіць Сэнта. Сама дзяўчына без вагання робіць гэты выбар, але Галандзец не верыць у яе каханне. Ён зноў знікае ў моры, а роспачная Сэнта кідаецца з ф’ёрда і хоць бы такім чынам
захоўвае вернасць вандроўнаму духу.
Цікава, напрыклад, што маскоўская пастаноўка “Лятучага галандца”, якая адбываецца ў сучасных дэкарацыях, педалюе змрочны канец, даводзячы яго да гратэску: Сэнта здзяйсняе тэракт,
падрываючы дынамітам усіх удзельнікаў фіналу. Мінскі пастаноўшчык оперы Ханс-Яахім Фрай (Германія), наадварот, пабачыў у сюжэце патэнцыял для адноснага хэпі-энду: Сэнта вызваляе каханага ад
пракляцця, і яны разам выпраўляюцца на прывідным караблі ў штосьці накшталт светлай будучыні.
Рамантычны іншасвет
Гледача беларускіх оперы і балета часта называюць непадрыхтаваным, намякаючы і на аднабаковасць беларускага опернага рэпертуару, і невысокія патрабаванні публікі да спектакляў. І, маўляў, менавіта
такога непадрыхтаванага гледача можа адштурхнуць незвычайны ў нашых умовах Рыхард Вагнер. Нават калі гэты стэрэатып адпавядае рэчаіснасці, даём падказку: да “Лятучага галандца”
Вагнера, даволі лёгка падрыхтавацца. “Лятучы галандзец” пераносіць нас у кантэкст нямецкага рамантызму з яго жарсцямі, памкненнем у царства ілюзій і меланхалічнай іроніяй. Канцэпцыя
оперы — рамантычнае двусвецце.
Свет мараў і бураў (Галандзец, Сэнта) супрацьпастаўляецца свету простых абываталяў (капітан Даланд, карміцелька Марыя, егер Эрык). Для гэтага супрацьпастаўлення рэжысёру, відаць, і спатрэбілася эфектная сцэна перацягвання канату паміж нарвежскімі матросамі з плоці і крыві — і дэманічнай галандскай камандай у камзолах XVII стагоддзя (відаць, першы прэцэдэнт у гісторыі Мінскай оперы, калі хор зрываў авацыі, не адкрываючы роту. Хоць, мяркуючы па рэакцыі публікі, усе харавыя партыі “Галандца” былі ацэненыя публікай вельмі высока).
У рамантычную ж канвенцыю ўпісваецца кранальны рэжысёрскі прыём, паводле якога па сцэне перыядычна бегаюць хлопчык і дзяўчынка — копіі галоўных герояў, увасабленне згаданай дваістасці, сімвалы, у якія кожнаму гледачу спектаклю прапануецца ўкласці сваё прачытанне. З усяго відаць, рэжысёр-немец наўмысна засяроджваўся на сута рамантычным прачытанні матэрыялу.
З аднаго боку, усё гэта ўпісваецца ў жаданне сучасных немцаў як мага далей адвесці спадчыну кампазітара-рамантыка ад непрыемных асацыяцый з арыйскасцю ды нацызмам. З іншага датрыманне рамантычных канонаў пазбаўляе мінскія падмосткі ад залішняга постмадэрнізму, якога так страшацца нашы чыноўнікі ад культуры. Першая асацыяцыя з Вагнерам сёння - гэта оперны авангард, самыя смелыя прачытанні музыкі і лібрэта, эстэтычныя рэвалюцыі, наватарства і эксперыменты, ад якіх заходняя публіка парадкам ужо стамілася. Нічога “гэткага” кансерватар ад оперы на Траецкай гары не пабачыць.
Нямецкая зборка
Але гэта не азначае, што “Лятучы галандзец” у Мінску не варты ўвагі дасведчанага тэатрала. Прэм’ерная пастаноўка — чысты бальзам на раны на фоне псеўдабарочнага кічу, якія зазвычай вядзе рэй у нашых тэатрах.
І тут, безумоўна, апроч рэжысёра Фрая, варта падзякаваць Віктару і Марыі Вольскім (Расія), якія адказвалі за візуальную частку спектаклю. Пры простасці касцюмаў і дэкарацый асноўныя прыёмы
рэжысуры — рух і святло. Хор ніколі не стаіць на месцы, перасоўваючыся па сцэне ў даволі мудрагелістых камбінацыях, а злавесныя пражэктары, якія падсвечваюць артыстаў аднекуль знізу, радняць
дзеянне з марскімі пейзажамі нямецкіх і галандскіх майстроў, тым самым ствараючы гармонію паміж карцінкай і гукам. Відавочна, рэжысёр намагаўся зрабіць дзеянне як найбольш дынамічным —
прынамсі, гэтым я растлумачыла сабе сцэну, калі жаночы хор у поўным складзе сінхронна гайдаецца на крэслах-гушкалках: гэтаму мернаму, сінхроннаму руху не падпарадкоўваецца хаатычная і неспакойная
Сэнта. Часам нават складаецца ўражанне, што галоўная дзейная асоба оперы — хор. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што на салістаў ускладзеная вялікая вакальная нагрузка і ім не да
мізансцэнаў.
Зрэшты, усё вышэйапісанае — хутчэй нюансы. Дзеля чаго сапраўды варта ісці на прэм’еру, дык гэта дырыжорская праца аўстрыйца Манфрэда Маерховера.
Снобаў ад нямецкай мовы, магчыма, збянтэжыць італьянскі пранонс беларускіх салістаў, але акурат дыкцыя - рэч папраўная. Дзеля чаго варта рэкамендаваць новую пастаноўку - дык гэта сапраўды захапляльная, у бездакорным выкананні, музыка. На прэм’еры дырыжыраваў сам пастаноўшчык - аўстрыец Манфрэд Маерхофер, які шмат працаваў у нямецкіх тэатрах. Неяк так склалася, што венцы лепей ведаюць, як менавіта мусіць гучаць Вагнер. Так што заходняя каманда пастаноўчыкаў - безумоўная ўдача для Вагнера ў Беларусі.
...На штогадовы фестываль Вагнера ў баварскім горадзе Байройт — заснаваны яшчэ пры жыцці вялікага кампазітара культурным прадпрыемстве, якім дагэтуль апекуюцца яго нашчадкі, — білеты онлайн браніруюцца на некалькі год наперад. У электроннай форме, апроч звычайных дадзеных, трэба пазначыць свой тытул: прынц, барон, граф або герцаг. Чалавеку з Беларусі — калі вы толькі не з роду Радзівілаў — рэальна трапіць туды хіба па акрэдытацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Варта чакаць, што і новая пастаноўка ў Мінскай оперы абрасце супастаўным культам — няхай і без Ангелы Меркель у ложы і баварскай арыстакратаў у чарзе па шампанскае ў буфеце. Прынамсі, для гэтага ёсць усе перадумовы.