Людзі замест кніг: «Жывая Бібліятэка» адсвяткавала свае 4 гады

У сталічнай прасторы «Корпус» 6 кастрычніка сацыяльны праект адзначыў чацвёрты год сваёй дзейнасці. На працягу 10 гадзін тут праходзілі лекцыі, варкшопы, майстар-класы, нэтворкінг і, канешне, сама «Жывая Бібліятэка». Кульмінацыяй падзеі стаў выступ гурта «РСП».

zyvaja_biblijateka__pavel_aksinovicz____5__logo.jpg

Сола-вандроўніца, анархіст, майнер, феміністка, квір, чайлдфры ды шмат іншых «кнігаў» тут можна «прачытаць» і нават задаць ім пытанні. «Жывая Бібліятэка» працуе так жа, як і звычайная: «чытачы» прыходзяць і атрымліваюць адмысловую «картку», выбіраюць «кнігу», запісваюцца і «чытаюць» яе на працягу пэўнага часу. Увесь працэс падзелены на сеcіі па 25-30 хвілін. Да «кнігі» адначасова можа патрапіць не больш за восем чалавек. Бібліятэкар можа запісаць толькі на бліжэйшыя дзве сесіі.
Па словах арганізатараў, раней пабыць «кнігай» запрашалі знаёмых. Тыя прыводзілі іншых прыяцеляў. Цяпер жа людзі часта ідуць самі: праз сайт можна запоўніць форму і прапанаваць сябе ў якасці «кнігі».
Беларуская «Жывая Бібліятэка» запусцілася восенню 2014 года, а сам праект нарадзіўся на музычным фэсце ў Даніі ў 2001 годзе. Цяпер фармат Human Library існуе ў больш за 75 краін свету. Мэта праекта – садзейнічаць развіццю эфектыўнай камунікацыі паміж людзьмі, заснаванай на прынцыпах інклюзіі, роўнасці, недыскрымінацыі і талерантнасці, а таксама разбураць стэрэатыпы і прасоўваць разнастайнасці ў грамадстве.


«Агулам за год прайшло 51 мерапрыемства. Дваццаць з якіх адбылося ў Мінску, – распавядае старшыня праўлення Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка” Марына Штрахава, – але гэта не толькі «Жывыя Бібліятэкі». Яны адбываюцца раз на два ці паўтара месяцы. Іншы наш фармат – «Шчырыя размовы». Ён падобны да “ЖБ”, але заўжды выключна тэматычны і сканцэнтраваны, напрыклад, на людзей з сіндромам Даўна. Таксама праводзім «Сацыяльны гульні» – фармат, дзе можна адчуць сябе на месцы іншага чалавека і абмеркаваць гэты досвед з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі. За 2018 год на нашыя мерапрыемствы ў розных гарадах прыйшло больш за паўтары тысяч чалавек. Нашыя каманды існуюць не толькі ў Мінску, але ў Берасці, Горадне, Віцебску, Бабруйску і Маладзечне. Гэтыя каманды пачынаюць рабіць мерапрыемствы не толькі ў сваіх гарадах, але іх запрашаюць у гарады побач, што, безумоўна, вельмі добра».
«З новых праектаў наша каманда робіць маніторынг даступнасці публічных прастораў Мінска для розных сацыяльных групаў. Гэта не столькі маніторынг фізічнай даступнасці, колькі спроба зафіксаваць у якім стане інклюзіўнасці знаходзіцца гэтыя прасторы для розных групаў. Гэта не толькі, напрыклад, для людзей у вазку, але гэта і для маці з малымі дзецьмі, проста для дзяцей, для людзей з жывёламі, для трансгендарных людзей. Для розных катэгорый груп ёсць пэўныя характарыстыкі прасторы, якія робяць гэтую прастору камфортнай, зручнай, бяспечнай. Людзі тады ў гэтую прастору прыходзяць. Нам хочацца ў межах маніторынгу паглядзець у якім стане зараз знаходзіцца гэта, і праз размовы з адміністратарамі, уладальнікамі і ўладальніцамі гэтых прастораў зразумець, чаму сітуацыя такая і ці ёсць тэндэнцыя на яе змену. То бок у нас няма жадання высветліць хто самы лепшы ці самы горшы».