Мы — таксама друкары, або Першы буквар у свеце
Багатая гісторыя культуры нашай краіны адкрывае шырокай публіцы ўсё новыя імёны, раней вядомыя пераважна спецыялістам. Хто ж такі Спірыдон Собаль?
«Новы Час», як вядома, не толькі інтэрнэт-выданне, але і друкаванае (падпісвайцеся)! Таму абмінуць адкрыццё камернай, але густоўна зробленай выставы «Беларускі друкар Спірыдон Собаль» у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску 10 красавіка нам не выпадала.
Тым больш, што і рабілі яе, не шкадуючы намаганняў, адразу некалькі ўстановаў: апрача гаспадароў пляцоўкі — Музей гісторыі Магілёва, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа НАН Беларусі і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Багатая гісторыя культуры нашай краіны адкрывае шырокай публіцы ўсё новыя імёны (раней вядомыя пераважна спецыялістам). І, як сказаў на адкрыцці дырэктар Інстытута літаратуры НАН Беларусі доктар навук Іван Саверчанка, хаця маскоўскія цары ды іх памагатыя скралі ў Беларусі ды вывезлі амаль усе культурныя каштоўнасці, яны паступова вяртаюцца ў Беларусь.
Як і шыкоўныя выданні Спірыдона Собаля, некаторыя з якіх літаральна ў мінулым годзе былі закупленыя з аўкцыёнаў для Магілёўскага музея і Нацыянальнай бібліятэкі. Частка вернецца (альбо вярнулася), як падкрэсліў Іван Саверчанка, у электронным выглядзе і праз інтэрнэт — што, магчыма, яшчэ зручней. Гэта важна, бо, па словах дырэктара Магілёўскага музея Аляксея Бацюкова, Спірыдон Собаль — па ўзроўні Стыў Джобс ці Біл Гейтс свайго часу.
Прынамсі, выдатны асветнік, дадаў кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.
Хто ж такі Спірыдон Собаль? Адукатар і арыстакрат, сын бурмістра Магілёва. У пачатку XVII стагоддзя — настаўнік, потым рэктар Магілёўскай брацкай школы. З 1624 года, перабраўшыся ў Кіеў, у слаўную Кіева-магілянскую акадэмію, настаўнічаў і там. А з 1628 года пачаў друкарскую працу, выдаўшы некалькі кніг маральна-павучальнага зместу.
Але цягнула на радзіму. Вярнуўся ў Беларусь, і ў 1630 годзе пад Воршай, у Куцейнскім манастыры, заклаў друкарню. Там у 1631 годзе выдаў «Букварь сиречь, начало учения детем, начинающим чтению извыкати». Упершыню ў славянскіх мовах ужыўшы слова «буквар».
А былі яшчэ слоўнікі-«азбукі» («лінгваэнцыклапедыі»), рэлігійныя выданні («Часасловы» ды іншыя). Трохі пазней запачаткаваў «выдавецкі дом» у Буйнічах блізу роднага Магілёва.
З большасцю пладоў творчага і асветнага шляху Собаля, з яго радаводам, з працай асветніка, нашага калегі, і з мастацкімі творамі ў яго гонар і знаёміць выстава.
Фота аўтара