Мінулае і сучаснасць на выставе «Людзі адной зямлі» (+фота і відэа)

У Нацыянальным мастацкім музеі 13 красавіка адкрылася фотавыстава Кацярыны і Міхася Аракчэевых «Людзі адной зямлі». У экспазіцыі чорна-белыя партрэты вяскоўцаў старэйшага веку спалучаныя з каляровымі выявамі гарадской моладзі, што цікавіцца традыцыямі.

2018_04_12_vyst_arakczeevy_a._ljaszkevicz_7_logo.jpg

На выставе ўдала спалучыліся часткі двух праектаў, што раней экспанаваліся паасобку. Чорна-белыя здымкі зроблены падчас этнаграфічных экспедыцый. Яны былі паказаныя ў складзе праекта “Адна зямля — адна памяць” у 2016-м у Музеі Петруся Броўкі. На каляровых партрэтах — сябры грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, сфатаграфаваныя ў сваіх строях на ўзор народнага адзення. “Гэта людзі, для якіх традыцыі так жа істотныя, як для нас з Кацярынай — распавёў Міхась Аракчэеў. — Большасць нашых праектаў апошніх гадоў прысвечанныя менавіта этнаграфічнай тэматыцы”.

2018_04_12_vyst_arakczeevy_a._ljaszkevicz_9_logo.jpg

Серыя “Нашы людзі”, з якой былі адабраныя каляровыя партрэты на цяперашнюю выставу, экспанавалася ў 2015-м на офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, выходзіла ў якасці ілюстрацый для календара.

Два праекты прадстаўлены разам не як супрацьпастаўленне, а як лагічны працяг адзін аднаго. Людзі мінулай эпохі сыходзяць, а на іх месца заступае новае пакаленне адной Культуры і адной Зямлі.

2018_04_12_vyst_arakczeevy_a._ljaszkevicz_8_logo.jpg

Цяжкі лёс старых людзей, маладосць якіх была знявечана ваенным ліхалеццем, і няпростае вясковае жыццё не далі ім магчымасці ўспрыняць родную культуру ў рамантычным святле. Але нават у цяжкіх умовах ствараліся дасканалыя шэдэўры народнага мастацтва. Менавітава яны, сапраўдныя вяскоўцы, з’яўляюцца адзінымі носьбітамі аўтэнтычнай спадчыны. Пасля іх сыходу пра асаблівасці традыцыйнай беларускай культуры магчыма будзе даведацца толькі па кніжках.

Але ёсць тыя, хто не адмовіўся ад свайго адметнага нацыянальнага шляху. Гэта маладое пакаленне, што захапляецца эстэтыкай беларускага народнага строя, вывучае танцавальную і спеўную культуру, выкарыстоўвае традыцыйныя веды ў гарадскім асяроддзі і дае традыцыі другое жыццё.

2018_04_12_vyst_arakczeevy_a._ljaszkevicz_1_logo.jpg

У праекце прадстаўлены зборны вобраз-партрэт людзей, якія ўсвядомілі, што народная аўтэнтычная культура — гэта вялікі скарб, які знікае, лічы, штодня. Дзякуючы менавіта такім апантаным людзям сёння ў грамадстве адчуваецца ўздым цікавасці да спадчыны, і традыцыя працягвае жыць.



На адкрыцці выступіў гурт “Рутвіца”.


Кацярына і Міхась Аракчэевы — фотамастакі і дызайнеры. Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра графічнага дызайну). З 1998 года працуюць над фотапраектамі супольна. З цягам часу тандэм перафарміраваўся ў некамерцыйную арт-студыю PILIGRYM. Асноўным накірункам творчасці з’яўляецца стварэнне партрэтных фотасерый з адмысловым тэматычным складнікам, агучванне мастацкай канцэпцыі праз фотаэксперыменты з пастановачнымі сюжэтамі.




Выстава будзе працаваць да 15 мая 2018 года