Народная мудрасць у аповядах шляхціча з-пад Клімавічаў (фота, відэа)

У Акадэміі навук прайшоў Форум даследчыкаў беларускай казкі. «Цвіком» праграмы сталі выступленні сапраўдных казачнікаў.

2018_05_17_18_forum_kazki_fota_aleny_ljaszkevicz_0129_logo.jpg

Праграма Форума ўключала навуковую канферэнцыю, круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, прэзентацыю тэлевізійных перадач для дзяцей “Калыханка” і "Дабраранак”, дэманстрацыю дзіцячых малюнкаў па тэматыцы форума. Найбольш гледачоў прыцягнулі выступы майстроў казкавага жанру. У Мінск прыехалі Соф’я Міхайлаўна Каток і Сяргей Георгіевіч Выскварка з вёскі Пласток Любанскага раёна, Людміла Фёдараўна Глухатарэнка з вёскі Санюкі Ельскага раёна, Алена Пятроўна Малахава з Омскай вобласці Расіі (яе продкі перасяліліся ў Сібір з Магілёўскай губерніі). Усе яны расказвалі казкі, пачутыя калісьці ад родных і суседзяў.


2018_05_17_18_forum_kazki_fota_aleny_ljaszkevicz_0051_logo.jpg


Ларыса Мікалаеўна Рыжкова, мастацкая кіраўніца фальклорнага гурта “Калыханка” з пасёлка Міханавічы пад Мінскам, засвойвала казкі падчас этнаграфічных экспедыцый па Беларусі. Таццяна Мікалаеўна Цыбульская расказвала казку з песеннымі ўстаўкамі, перанятую ад маці, Лідзіі Міхайлаўны, якой ужо няма сярод жывых. Мастацтву апавядальніцтва Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.


2018_05_17_18_forum_kazki_fota_aleny_ljaszkevicz_0002_logo.jpg


Выступілі маладыя пераймальнікі апавядальных традыцый: Яўгенія Буйко з Пскова, Карына Маўчанава з Асіповіцкага раёна, удзельнікі мінскага гурта “Мілавіца” Рагнеда Акуневіч, Яўген Жыркевіч і Вера Панасенка.


Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі прыехаў з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Казкі ён таксама чуў з маленства ад старэйшых людзей сваёй вёскі. Аляксандр Мікалаевіч валодае ўнікальнай памяццю і ведае не толькі казкі, а і легенды, паданні, былічкі…


Ён спявае абрадавыя і пазаабрадавыя песні сваіх ваколіц. У 2016 годзе на міжнародным кангрэсе «Музычная карта свету», на сцэне Маскоўскай кансерваторыі яму была прысвечаная цэлая вечарына. Асабліва ўразіў ён маскоўскую публіку эпічнай песняй пра змея Нупрэя, якая больш вядомая як казка-легенда пра мужа-вужа і зязюлю. Зазвычай гэтая гісторыя расказваецца, а пад Клімавічамі яшчэ і пяецца, Аляксандр Мікалаевіч некалі пачуў яе ад старой мясцовай лірніцы.


У аповедах Аляксандра Галкоўскага — народная філасофія і мудрасць, адлюстраванне традыцыйнай карціны свету. Напрыклад, сентэнцыя пра тое, што свайго лёсу не пазбегнеш, якая можа падацца сучаснаму чалавеку дзіўнай, усё ж залежыць ад нас!


Аляксандр Галкоўскі лічыць сябе нашчадкам падняпроўскай шляхты і падкрэслівае сваё несялянскае паходжанне. З яго аповедамі шмат працавала даследчыца Алена Міхайлаўна Боганева, тэксты Аляксандра Мікалаевіча апублікаваныя ў разнастайных фальклорных зборніках.
Фота і відэа аўтаркі