Нямецкія СМІ назвалі Мінск «энцыклапедыяй савецкага мадэрнізму»
Журналісты нямецкіх выданняў днямі наведалі Мінск на запрашэнне Інстытуту імя Гётэ, каб азнаёміцца з праектам, прысвечаным савецкай архітэктуры, паведамляе "Радыё Свабода".
«У свой час савецкае горадабудаўніцтва мусіла адлюстроўваць камуністычную ўтопію. Архітэктура Мінску захавала гэтыя творы. Цяпер сталіца Беларусі — гэта сапраўдная энцыклапедыя савецкага мадэрнізму», — піша ўплывовае нямецкае выданне “Die Zeit”.
Другое нямецкае выданне, “Die Welt”, адзначае: «Сёння асобныя цікавыя архітэктурныя рэчы можна ўбачыць толькі ў Мінску».
Журналісты гэтых выданняў днямі наведалі Мінск на запрашэнне Інстытуту імя Гётэ з тым, каб азнаёміцца з праектам, прысвечаным савецкай архітэктуры. Мэта будучай імпрэзы, запланаванай на 2019–2020 гады, — даць імпульс іншым, найперш постсавецкім краінам, дзе захавалася гэтая архітэктурная, адназначна недаацэненая, спадчына і дзе ад яе хочуць найхутчэй пазбавіцца, больш прыгледзецца да гэтага стылю і знайсці ў ім свае цікавыя каштоўнасці.
Як піша аўтар артыкулу ў “Die Zeit”, сярод многіх іншых былых гарадоў СССР, дзе захавалася нямала савецкіх архітэктурных помнікаў, Мінск як месца праекту быў выбраны невыпадкова. Беларуская сталіца лічыцца «выдатна захаванай і добраўпарадкаванай энцыклапедыяй савецкага мадэрнізму» — тут прадстаўленая архітэктура старой эпохі, ад канструктывізму да неакласіцызму, пасляваеннага мадэрну; адноўлены псеўдааўтэнтычны стары горад на беразе ракі Свіслач. А побач з ім — падобныя сваё пампезнасцю да сталінскіх сучасныя, адлітыя ў бетоне жылыя вежы.
Мінскія гіды нямецкіх журналістаў —
філосаф ды пісьменнік Вольга Шпарага
і гісторык архітэктуры і эксперт у пытаннях савецкага масавага жытла Дзмітры Задорын. Дзмітры нарадзіўся ў
1983 годзе ў Мінску; калі яму споўнілася 14, разам з сям’ёй перабраўся ў Нідэрланды,
дзе атрымаў адукацыю ў Тэхнічным універсітэце Дэлфта. Потым некалькі гадоў
працаваў у Маскве і нарэшце вярнуўся на радзіму. Неўзабаве ў берлінскім
выдавецтве выйдзе ягоны архітэктурны даведнік пра Мінск. Дзмітры кажа, што
родны горад «не адпускае яго».
Савецкія цікавінкі Мінску
Цудам уцалелыя помнікі манументальнай (культавай) архітэктуры другой паловы XVIII — пачатку XX стагоддзя, што на плошчы Свабоды ды вуліцы Камсамольскай, гісторыка-архітэктурны комплекс на вуліцы Кастрычніцкай. Усё гэта суседнічае са сталінскімі дамамі ды бліскучымі чорнымі будынкамі-кубамі, з Палацам Рэспублікі, побач з якім на самай высокай у краіне мачце лунае дзяржаўны сцяг.
На фота, змешчаных у нямецкіх выданнях, самыя розныя мінскія цікавінкі.
Музей-майстэрня скульптара Заіра Азгура, дзе сабраныя розных памераў помнікі вядомым савецкім правадырам, уключна са Сталіным.
Універсам «Цэнтральны», які месціцца на цэнтральным мінскім праспекце гораду, які некалі зваўся Сталінскім. У 1950-я гады гэта была ўзорная гастранамічная ўстанова краіны. Сёння супермаркет месціцца на другім паверсе харчовай крамы. На першым — кафетэрый, дзе можна папіць з пластыкавых кубачкаў кавы, гарбаты, піва і нават чагосьці больш моцнага. «Цэнтральны» — месца сустрэчы моладзі ды пажылых людзей. Прадстаўнікоў сярэдняга пакалення сустрэнеш рэдка.
Дом дружбы на вуліцы Захарава, што
непадалёк ад плошчы Перамогі, выглядае як віла ХІХ стагоддзя, якая належыць лаяльнаму
да цара гран-буржуа. Тут і вялізныя жырандолі ў галоўнай зале, і фрэскі, і
выраблены рукамі майстрых габелен з матывам Белавежскай пушчы. Насамрэч будынак
узведзены на пачатку 1950-х гадоў і належыць да стылю так званага савецкага неакласіцызму.
Як можа выглядаць будучая выстава, накіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу адмыслоўцаў, культуролагаў, проста цікаўных грамадзянаў з розных краін былога СССР, прапанаваць ім задумацца пра захаванне гістарычных помнікаў, пра гэта арганізатары пакуль спрачаюцца. Бо для многіх прадстаўнікоў 14 постсавецкіх краін, акрамя Расіі, зварот да савецкай каланіяльнай спадчыны выклікае неадназначнае стаўленне. Яно вар’юецца паміж клопатам аб іх стане ў Мінску, разбурэннем у Кіеве, зносам у Тбілісі, — піша “Die Zeit”.