Ноч музеяў. Сон свядомасці
«Ноч музеяў» — прыдуманая супрацоўнікамі парыжскага Луўра ў 1991 годзе акцыя па прыцягненню ў музейныя залы гледачоў у нестандартны час — прыйшла ў беларускія музейныя ўстановы ў шосты раз. Са 149 беларускіх устаноў — захавальнікаў гісторыі ініцыятарамі паўтарыць французскі досвед у Беларусі выступілі натуральныя лідэры, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. «НЧ» неаднаразова пісаў пра станоўчыя бакі ініцыятывы. З доляй сяброўскай іроніі — пра народжаныя ёй недарэчнасці.
«Ноч музеяў» — прыдуманая супрацоўнікамі парыжскага Луўра ў 1991 годзе акцыя па прыцягненню ў музейныя залы гледачоў у нестандартны час — прыйшла ў беларускія
музейныя ўстановы ў шосты раз. Са 149 беларускіх устаноў — захавальнікаў гісторыі ініцыятарамі паўтарыць французскі досвед у Беларусі выступілі натуральныя лідэры, супрацоўнікі Нацыянальнага
мастацкага музея. «НЧ» неаднаразова пісаў пра станоўчыя бакі ініцыятывы. З доляй сяброўскай іроніі — пра народжаныя ёй недарэчнасці.
Паколькі вясёлы карнавал прыйшоў з Парыжу — у Нацыянальным мастацкім музеі абвясцілі «Вечар у французскім стылі». У якасці эмблемы імпрэзы дэманстравалася поўнае юначай
шчырасці палатно кіраўніка ўстановы, на якім маэстра гойдаўся на месяцы з французскай прыгажуняй. Прывабіць да высокага мастацтва гэтым разам імкнуліся сродкамі простанароднага мастацтва, самага
даступнага для кожнага — кінематографа, дзякуй Богу, таксама вынайдзенага французамі, братамі Люм’ер: раз-пораз на экране дэманстраваліся стужачкі з эпохі народзін сінема.
Уяўленне пра французскі стыль жыцця дапаўнялася наяўнасцю ў залах музея вялікай колькасцю паўаголеных дам і мадэлек. Камусьці гэта нагадвала атмасферу свецкага будуара, камусьці — лазні.
Мадэлькі дэманстравалі ўзоры свайго ўяўлення пра высокую моду. Прыцягваючы ўвагу гасцей з вуліцы, гэтая дэманстрацыя, папраўдзе, ніяк не спрыяла знаёмству выпадковых гасцей з творамі мастацтва, бо
прыгадаць назаўтра тое, што абкружала іх у сценах музея, апрача вадэвільных сюжэцікаў паратэатральных шоу, яны наўрад ці былі здольныя. Убачыць у экспазіцыі музея выставачныя спасылкі на беларускую
культурную прысутнасць у Парыжы пасля паўстанняў ХІХ стагоддзя альбо ў часы эміграцыі ХХ стагоддзя, як нехта спадзяваўся, не ўдалося.
Затое французскі акцэнт — баль у стылі Ваньковіча — паставіў у гэты вечар творчы калектыў «Гісторыка» ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея. Як своеасаблівы
рэквіем па вялікаму беларускаму мастаку, які спачыў у выгнанні ў Парыжы. І, трэба сказаць, на гэтай частцы вячэры хапала і весялосці, і густу, і праўды гістарычных рэмінісцэнцый, якія спрыяюць
выхаванню паўнавартаснага грамадзяніна сучаснай Беларусі. А вось «разынкай» вечара ў Гістарычным музеі абвясцілі дэманстрацыю параднага шыняля расійскага імператара Аляксандра
І.
Чаму атрыбуту імператарскага побыту пачатку пазамінулага стагоддзя была нададзеная выключная ўвага, следам за гаспадарамі музея не зразумелі і яго наведнікі. Першыя рабілі выгляд, што сярод
400-тысячнай калекцыі паважанай установы няма больш вартаснага экспаната, другія — ветліва дэманстравалі, што суконны цуд ім цікавы. Аляксандраўскія лахманы — сімвал эпохі бязладдзя
ў Беларусі, падчас якой Полацкі універсітэт спачатку ператварыўся ў кадэцкі корпус для акупацыйнага войску, а потым ягоныя інтэлектуальныя скарбы былі нахабна скрадзены і звезены за мяжу, у расійскія
сховы. Адначасова была знявечаная ўся краіна.
На жаль, неадэкватны выбар цвіковых аб’ектаў музейнага свята — лагічны працяг экспазіцыйнай палітыкі аднаго з найважнейшых музеяў краіны, у выніку якой ён рызыкуе ператварыцца ў
беларускі варыянт філіялу дысней-лэнду. Днямі ў залах музея адчынілася выстава, у якой не прадстаўлена ніводнага (!) арыгінальнага экспаната — «Орудия наказания
Средневековья» — запазычаная ў Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга «Петрапаўлаўская крэпасць». Адкажыце, у такім выпадку, чым адрозніваецца нацыянальны
музей ад прывакзальнай залі гульнявых аўтаматаў?
Знакам узроўню эфектыўнасці падобнай беззмястоўнай, пазбаўленай адчування сутнасці ўласнай гісторыі арганізацыі музейнага жыцця можа служыць вынік «музейнай ночы» ў Бабруйскім
краязнаўчым музеі. Мясцовыя энтузіясты, апранутыя ў вопратку расійскіх салдат і мяшчан ХІХ стагоддзя, раздавалі ў той вечар наведвальнікам… сухары. Імпрэза прыцягнула ўвагу 50
чалавек.