Пілігрымка мастака Язэпа Горыда
Захавальніца фондаў графікі Мастацкага музея, вытрымаўшы паўзу-інтрыгу, дастала з тэчкі аркуш… «Вось вам ваш Горыд!» Моўчкі назіраю, як у сапраўднага майстра ўсё пераканаўча проста і выразна… (На выяве: Язэп Горыд, студэнт)
Захавальніца фондаў графікі Мастацкага музея, вытрымаўшы паўзу-інтрыгу, дастала з тэчкі аркуш… «Вось вам ваш Горыд!» Моўчкі назіраю, як у сапраўднага майстра ўсё пераканаўча проста і выразна…
(На выяве: Язэп Горыд, студэнт)
Кальварыя
Літаграфскі адбітак твора, што выкананы ў сярэдзіне 1930-х гадоў Язэпам Горыдам, мастаком буйнога і рознабаковага таленту, з імем якога знітаваны росквіт заходнебеларускага перыядычнага друку,
уражвае. Някідкі і немудрагелісты сюжэт, увасоблены ў строгай, лаканічнай кампазіцыі, надзвычай сэнсава ёмісты, апрача майстэрства, палоніць праўдзівай і гранічна шчырай філасафічнасцю.
«Кальварыя» — не адзіная з вядомых станковых работ мастака, аднак мала кім бачаная на Беларусі, дый у цяперашняй Літве. Знаходзіцца яна воддаль людскіх вачэй і іх
мітусліва-прагматычных клопатаў, у музейным сховішчы.
Па-над шатамі дрэваў, што па-гаспадарску апанавалі могілкавы ўзгорак, стромка ляцяць у неба лёгкія ракальныя абрысы белага, двухвежавага касцёлу Знайдзення Святога Крыжа з выявай Збаўцы над ім.
Паўсталы ў ХVII стагоддзі і разбудаваны ў 1755–1772 гадах, будынак быў аддадзены пад апякунства айцам-дамініканам. Касцёл утварае кампазіцыйны цэнтр твора. Абапал — своеасаблівая
рама з клеймамі — выявамі чатырнаццаці капліцаў-мураванак. Не знішчаныя за часамі другой сусветнай вайны, яны без дай прычыны былі ўзарваныя ў «хрушчоўскую адлігу» ў 1963
годзе. Пад 2000-ы год асобныя з іх узноўленыя. Капліцы — Стацыі, мясціны прыпынку, малітвы, роздуму на Крыжовым Шляху Бога і чалавека. (Кальварыя — ад лац. Calvariae locus
«месца чэрапа», Галгофа (старагабр.) — пагорак, на якім укрыжавалі Збаўцу). Апошнія беларускія пілігрымкі па адной з даўжэйшых вуліц горада — Кальварыйскай
— у міжваенныя часы ладзіліся дзякуючы ахвярнасці кс. Адама Станкевіча, яшчэ да яго высылкі ў Слонім.
Прыпынімся на асобных рэчах таленавітага творцы Язэпа Горыда, на вядомых нам імгненнях яго зямнога быцця.
Досвітак
Шлях будучага мастака пачаўся, мяркуючы па вядомых дакументах, досыць шарагова для яго часу. Язэп Горыд прыйшоў на свет 15 ліпеня 1896 года ў Адэсе, у шматдзетнай сям’і. Гарадскую школу
закончыў у Марыупалі, якраз на пярэдадні першай сусветнай вайны.
На Кубані Горыд, вольнапісаны царскага войска, далучыўся да брыгады Люцыяна Жэлігоўскага, у складзе якой — праз Бесарабію і Галіцыю — тройчы паранены стралец Язэп дайшоў да Вільні.
Дакладна не вядома, удзельнічаў ён ці не ў бунце мяцежнага генерала супраць польскага камандавання ў 1921 годзе, у выніку якога на канфедэратках жаўнераў з’явіўся гістарычны знак —
«Пагоня».
Пэўна, наблукаўшыся па Вільні ў пошуках працы, напрыканцы кастрычніка 1923 года Язэп Горыд падаў прашэнне на мастацкі факультэт ВУСБ. Разам з дакументамі (аўтабіяграфіяй, трыма фотакарткамі)
адзначаны і творчыя працы для прагляду камісіі. Сын Браніславы Янкоўскай, рыма-каталік, былы ваяр Язэп Горыд прыйшоў вучыцца, маючы жыццёвы гарт і неблагую першапачатковую мастацкую падрыхтоўку. Пра
гэта гавораць ягоныя першыя з вядомых работ — алейныя краявіды 1924–1925 гадоў — «Нёман з рыбакамі на беразе» ды «Узгорак», што зараз
зберагаюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
З першых курсаў неаднаразова быў адзначаны на справаздачных выставах факультэта ў майстэрнях партрэтнага і дэкарацыйнага жывапісу. Пра ягоную «раннюю мастацкую сталасць» сведчыць і
партрэт трохі старэйшага прыяцеля, мастака Рафала Яўхімовіча.
Партрэт дойліда
Партрэт вядомага ў Вільні скульптара і архітэктара Рафала Яўхімовіча (1893–1961), якога можна лічыць аўтарам першага віленскага перформанса, захоўваецца ў Мастацкім музеі Літоўскай
Рэспублікі. Рафал пасля навучэння ў школе Монтвіда (1913–1915) з 1919 па 1926 вучыўся ў ВУСБ. Стажыраваўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў, вучыўся ў Парыжы. Аўтар праектаў Стацыя (Дарога
на Кальварыю), праектаў помнікаў для Вільні: Уладзіслава Сыракомлі, Адама Міцкевіча, Вітаўта Вялікага.
Партрэт Рафала Яўхімовіча захапляе і бянтэжыць адначасова. На тле зменлівага неба, якое займае ледзьве не ўсю плошчу палатна, перакрываючы сабою ўмоўна азначаную пяшчотную зеляніну рэльефу, амаль ва
ўвесь рост пададзены герой. У лёгка-артыстычным развароце тулава, з раптоўна, але не пафасна павернутай галавой, ён успрымаецца досыць натуральна.
Элегантны малады чалавек, што ўсвядоміў сябе творцам, пададзены ў стане годна-засяроджанага спакою. У не надта дынамічнай кампазіцыі чуецца стрыманая ўнутраная энергія. Стыхія душы мастака
прыцішаецца выхавана-інтэлігентнай паставай мадэлі, ураўнаважваецца спакойным, пранізліва-пільным позіркам вялікіх шэра-блакітных вачэй, пачуццёвымі юнацкімі вуснамі.
Правая рука героя, што натуральна ахапіла калена — сэнсавы акцэнт твора. Сваёй напрацаванасцю яна выдае ў ім моц каменячоса, волата, у той жа час доўгім і пластычным пальцам героя мог бы
пазайздросціць і музыкант-віртуоз. Заварожвае і гармонія ласкава-далікатных фарбаў, якія сведчаць пра адзінства героя з наваколлем. Мройліва-досвіткавая нюансіроўка пяшчотных фарбаў узмацняе агульны
рамантыка-сімвалічны акорд твора.
Вобраз вытанчанага інтэлігента, думнага і мэтанакіраванага творцы, які ўнутрана саспеў, каб неўзабаве рушыць да запаветнага Парыжу, стварыў малады Горыд у 1926 годзе. А «агрэхі» на
паверку з’яўляюцца прадуманым і ўдала скарыстаным мастацкім сродкам. Рэалістычныя суадносіны рознамаштабных дэталяў і вобразаў неўзабаве ўвогуле стануць уласцівым мастаку прыёмам. Аднак у
палітычнай графіцы.
Язэп Горыд. Партрэт скульптара Рафала Яўхімовіча
Асяродак
На зямлі дзядоў, Віленшчыне, і ў самім горадзе «рэпатрыянт-вяртанец» Горыд меў кола знаёмых, сярод якіх было шмат беларусаў розных прафесій і канфесій. Упэўніцца ў гэтым няцяжка.
Варта азірнуцца на яго шлях у кніжнай графіцы.
У 1925 годзе ён аздобіў выданне фалькларыста і музыказнаўцы Антона Грыневіча «Беларускі дзіцячы спеўнік». У снежні 1926 года распрацаваў лагатып Грамадоўскай газеты
«Narodny zwon», надаў лаканічны і жывы твар песеннаму зборніку Рыгора Шырмы, праілюстраваў зборнік чарадзейных казак, укладзены Янкам Станкевічам, аздобіў другое выданне
«Вянка» Максіма Багдановіча і зрабіў яшчэ шмат іншага.
Кантактаваў Горыд і з такімі яркімі асобамі, чые прозвішчы не патрабуюць ніякіх каментараў: Ігнатам Дварчаніным, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Язэпам Драздовічам, Міколам Васілеўскім, Васілём
Сідаровічам. Першы біёграф і даследчык творчасці Горыда Арсен Ліс сцвярджае, што Сымон Рак-Міхайлоўскі, тады дэпутат Польскага Сойму, замовіў перспектыўнаму мастаку партрэты Якуба Коласа і Янкі
Купалы. Лёс гэтых партрэтаў не вядомы, але ў Мінскім музеі Купалы (як і шмат дзе па Літве і Беларусі) захоўваецца графічны адбітак партрэта песняра аўтарства Ніны Сасноўскай і Язэпа Горыда. Спадарыня
Ніна зрабіла алоўкавы малюнак, а малады і гожы Язэп перавёў яго на літаграфскі камень.
Не настойваем, што ў палон «беларушчыны» і пошукі сацыяльнай праўды юнак трапіў не без спрыяння рамантычных студэнтак факультэта выяўленчага мастацтва ВУСБ, але і не абвяргаем.
Хоць, зразумела, былі для гэтага важкія ўнутраныя прычыны.
Зорны час
Спрадвеку смех спадарожнічае жыццю чалавека і народа ўвогуле. Беларусы тут не выключэнне: слоўнік эпітэтаў фіксуе 121 вызначэнне смеху, у той час як вызначэнняў слоў «плач»,
«слёзы» — амаль у два разы меней. Мо і не паказчык, але… Нягледзячы на тое, што смехавыя традыцыі трывалі яшчэ з часоў паганскай абраднасці, перадаваліся
вусна-паэтычнай традыцыяй, жылі ў народным тэатры, знаходзілі ўвасабленне ў пазнейшых творчых праявах душы, беларусаў наўрад ці назавеш нацыяй вясёла-смяшлівай. Не было ні шматтысячных карнавалаў, ні
якой іншай агульнанароднай праявы весялосці. Не спрыялі гэтаму ні зоры, ні гісторыя.
На Гецьманскую № 4, у рэдакцыю часопіса «Маланка», студэнт Горыд, няблага знаны беларускай грамадой, прыйшоў увосень 1926 года. Прыйшоў у сатырычны часопіс не таму, што быў ад
прыроды «жартуном» па жыцці, гэткім «запісным веселуном». Высілкаў Горыда, разгортвання яго таленту на ніве Беларускага Адраджэння вымагаў сам час. У рэпрэсіўных
варунках Заходняй Беларусі смех заставаўся бадай адзіным легальным і дзейсным сродкам абароны годнасці ды пашырэння ідэяў змагання.
Горыд востра бачыў і балюча перажываў хібы сацыяльна-грамадскай рэчаіснасці, і таму быў не толькі ілюстратарам, але і аўтарам актуальных тэмаў часопіса. Хтось заўважыў, што саборныя роспісы
— эмацыйная «біблія для тых, што не ўмеюць чытаць», дык перафразуючы гэта можна сказаць, што энергічныя і прафесійныя, сацыяльна і псіхалагічна трапныя вобразы Горыда
сталіся калі не універсітэтам, то сапраўднай асветна-палітычнай школай для значнай часткі народа.
Ідэйна-мастацкі даробак яго на гэтай ніве досыць поўна і рупліва прааналізаваў беларусіст А. Ліс у эцюдзе да партрэта мастака «Пякучай маланкі след», які ўжо стаў бібліяграфічным
рарытэтам.
Язэп Горыд. Аб’ёмны роспіс каляровымі тынкоўкамі (сграфіта). Будынак на вул. Дамініканская. Захаваўся да гэтага час
Непагадзь
Усё мацней ад вясны 1928 года падціскалі грамадска-палітычныя зазімкі. Чарадой ішлі палітычныя суды... Подых сцюжы для беларускага (ды і для польскага) дэмакратычных рухаў даводзіў да
здранцвення.
Горыд (свядома ці не) працягвае традыцыю сатырычнага рэалізму, запачаткаванага яшчэ Карусём Каганцом. Мастацкая публіцыстыка — адна з палітычных прыладаў будоўлі нацыі — не давала
мастаку поўнага творчага задавальнення. Дый беларускія выданні, якія ледзь трымаліся на плыву, не забяспечвалі элементарнага заробку, як кажуць, «на падтрыманне штаноў». Так
склалася, што жнівеньскі нумар «Маланкі» за 1928 год быў апошнім для Горыда.
Пасля «Маланкі» мы амаль зусім развучыліся смяяцца — зазначыў у сваім дзённіку Максім Танк, які вельмі цаніў мастацкі талент Горыда.
Спакуса
У чэрвені 1928 года Язэпу Горыду прапанавалі паўдзельнічаць у выставе, што мусіла адбыцца ў памяшканні рэстарацыі Урублеўскіх (на рагу Міцкевіча і Арэшкоўскага). Быццам бы нічога надзвычайнага для
сябры WTAP — узяць удзел у справаздачнай імпрэзе суполкі. Але, апрача асноўных, не абы-якіх удзельнікаў: Гапэн, Ямант, Карней, Кулеша, Германовіч, Яўхімовіч і інш. — даслаў у склад
выставы тры жывапісных абразы Людамір Сляндзінскі. Відаць, быў усцешаны сваім статусам «адмыслова запрошанага» і Горыд.
Як і раней, у яго душы жыла Беларусь. Горыд, які ўжо не стала супрацоўнічаў з парэшткамі беларускіх выданняў (як бы ні касавурыліся ў прафесійным асяродку на яго палітызаванасць ды схільнасць да
беларускасці), калі дарма, калі за сімвалічную плату ахвяраваў на карысць ідэалаў юнацтва праменьчыкі таленту. Інакш і не вызначыш шчымліва-лірычную нізку лінарытаў-заставак, гэты Горыдаўскі краявід
настрояў, станаў беларускай прыроды ў «Беларускім Календары» за 1928 год.
Атрымаўшы памяшканне пад часовую майстэрню ў бернардзінскіх мурах, Язэп Горыд выканаў сваю першую манументальную замову, што істотна падмацавала яго фінансавы стан. Падчас выканання гэтай працы ён
паўдзельнічаў яшчэ ў 1929 годзе ў дзвюх выставах: у Вільні і Познані са сваімі станковымі творамі.
Але гэта быў толькі пачатак. Умацоўвалася вера, што ён будзе «першым сярод роўных». У 1928 годзе ён быў запрошаны паказаць свае творы ў парыжскай галерэі.
У кастрычніку таго ж года Горыд сваім трошкі фарсістым, з юнацтва адпрацаваным почыркам — імклівая каліграфія зграбных малых літараў з вытанчанымі завіткамі прапісных і карункамі вялікіх
(загалоўных), піша прашэнне да пана дэкана Рушчыца, якое заканчваецца выразам: «Для майго ад’езду на далейшае навучэнне ў Парыж». Просьба ўчарашняга студэнта была
задаволена.
Да Парыжу
Дабрацца да магнетычна-прыцягальнай «штаб-кватэры еўрапейскага і сусветнага мастацтва» было і не складана, але і не проста. Скарыстоўваючы ўсе мажлівыя (і немажлівыя) нагоды і
падставы, з усёй Еўропы імкнулася туды мастацкая моладзь. Хто дзяржаўным коштам, на якую стажыроўку, хто сваім, хто на грамадскія складкі. Ехалі «павучыцца» на час, а заставаліся на
доўгія гады ці назаўжды. Сваекоштных, да якіх належаў і Горыд, ва ўсе часы была большасць.
Мара не аднаго пакалення творцаў, Луўр, ды іншыя музеі вабілі і спакушалі. Спакушалі традыцыямі ды размаітасцю палітраў творчых школаў, стыляў, найноўшымі мастацкімі павевамі, спакушалі
разняволена-багемным жыццём і вольным паветрам.
Невядома, лёгка ці не было асвоіцца Горыду ў Парыжы, куды ён выправіўся пад канец 1929 года, стаць «не чужым» сярод мастакоў Манпарнасу, судакрануцца з колам заўсёднікаў —
філосафаў «Ратонды».
Цягам амаль года (наведаў тады ён і Італію) спасцігаў Язэп іншае жыццё, набываў новыя веды і ўдасканальваў сваё майстэрства. Але, пэўна, гэтага «не чужога» мастака, так і не
стаўшага для парыжскай багемы «сваім», калаўрот буйнога мегаполіса, раз-пораз падштурхоўваў да роздумаў. Паводле ненадрукаванага артыкула Мсціслава Дабужынскага «Даўно я не
быў у Ратондзе» (1927) можна прыкладна рэканструяваць, пра што разважаў творца. «Грамадзянін свету», вядомы мастак Дабужынскі жыў там да 1929 года, выкладаў у Школе
дэкаратыўнага мастацтва, нават меў уласную мастацкую студыю.
Але больш істотным за супадзенне «часу і месца» знаходжання ў Парыжы двух мастакоў — Горыда і Дабужынскага — бачыцца іх блізкасць ва светаўспрыманні, блізкасць іх
жывапісна-пластычнай мовы. Яны абодва прагна шукалі ўнутранае нацыянальнае апірышча, у тым ліку і ў ліцвінстве (у шырокім трансцэндэнтным сэнсе).
Вытрымаўшы спакусу Парыжам і на развітанне паказаўшы плён сваёй творчасці ў знаёмай ужо Галерэі Зак у 1930 годзе, Язэп Горыд вяртаецца на радзіму.
Цянёты жыцця. Вільня
Калі Горыд зноў ступіў на віленскі брук, яму было трохі за трыццаць. Язэп, «смелы, яркі, як стыхія», «прывёз з Парыжа манеру пісьма яшчэ больш свабодную, лёгкую, каларыт
гранічна праяснены, звонкі», як згадваў Сергіевіч. Сустрэлі мастака прыветна.
З усёй апантанасцю Горыд кінуўся ў прафесійнае і выставачнае жыццё. Можна сказаць, «быў нарасхват». Як сябра WTAP, чатырнаццаццю працамі (жывапіс, графіка, акварэль) удзельнічаў у
адкрытай 14 чэрвеня 1931 года выставе, прымеркаванай да запачаткавання музея сучаснага мастацтва. Разам з іншымі калегамі паказваў свае работы на І Выставе твараў віленскіх мастакоў у
Друскеніках.
У тым жа 1931-м перайшоў у WTNASP, сябрамі якога былі Уладзіслаў Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Яроцкі, Чэслаў Веруш-Кавальскі, Чэслаў Знамяроўскі, Пётр Жынгель і інш. Суполка
«незалежнікаў» у тыя часы была на ўздыме. Першую экспазіцыю «незалежнікі», сярод якіх быў Горыд, не перапыніўшы стасункаў з WTAP, адкрылі 20 верасня 1931 года ў
Бернардзінскіх мурах. У кастрычніку таго ж года ў гарнізонным казіно была зладжана яго персанальная выстава. Саграваў творцу і розгалас, што ішоў пра яго ў Віленскім і Варшаўскім друку.
Зацурчэлі прэстыжныя і грашовыя заказы і іншыя спакуслівыя прапановы. Ад пачатку 1932 года, тры гады запар, яго выставы атрымлівалі рэзананс у Варшаве.
Горыд меў ужо досвед манументальных прац (разьба ў капліцы шпіталя Св. Якуба), калі атрымаў вялікую замову на выкананне вітражу і фрэсак у прэзентацыйнай зале віленскага гарнізоннага казіно. Праца,
якой аддаў год жыцця, рэалізавалася ў сімвалічныя сцэны Вызвалення і Адраджэння Польшчы і была ўспрынята замоўцамі патэтычна.
Напрыканцы кастрычніка 1932 года Язэп Горыд паказаў там жа «сваю творчую кухню» — персанальную выставу з 50-ці твораў. У экспазіцыю ўвайшлі эскізы фрэсак, вітражоў,
графіка, асобныя станковыя рэчы выкананыя майстрам па адмысловай замове кіраўніцтва казіно. У 1932 годзе Язэп паўдзельнічаў сваімі працамі ў выставе WTAP. Наўздагон за ёй атрымаў замову на стварэнне
алегарычных кампазіцыяў і сімволікі для Віленскага гандлёва-прамысловага дому. Тады ж, у 1930-я гады, зрабіў сграфіта на адміністрацыйным будынку, што на вуліцы Дамініканскай. У агульную,
трохколерную кампазіцыю раслінна-дэкаратыўнага арнаменту, побач з нябесным апекуном Вільні, навечна пасяліў Скарынаўскі відарыс, што, дарэчы, захаваўся да сёння.
Паланёны творчасцю, Горыд, відаць, толькі і жыў, што спалучэннямі колераў, іх сугуччамі, дысананснымі выбухамі плямаў, звівамі лініяў, рытмамі, глыбінямі, святлом і ценем.
Апошняя стацыя мастака
Здавалася б, усё здзяйснялася… Надзвычай запатрабаваны мастак еўрапейскага ўзроўню — ілюстратар, графік-станкавіст, жывапісец, манументаліст шырокага абсягу (фрэскі, вітражы,
сграфіта) — Язэп Горыд быў на кані...
Усвядоміўшы з юнацтва, што тэма і змест мастацтва — Чалавек (у якім бы жанры ні працаваў!), Горыд быў схільны да партрэтнага жывапісу. І сярод яго мадэляў былі характары і тыпы розныя, тыя,
хто меў разуменне і мажлівасць годна аддзячыць за зробленую працу. (Ёсць партрэты мастака ў прыватных зборах у Літвы і Польшчы. Партрэты найбольш санавітых замоўцаў — контр-адмірала Ёзэфа
Унруга, віцэ-адмірала Ежы Свірскага — былі напісаныя ў Варшаве і захоўваюцца ў Нацыянальным музеі).
Але Горыда не пакідала адчуванне, што чагосьці не хапала для поўнага трыумфу і душэўнай раўнавагі. Відаць, мастак і сам не мог зразумець, што карцела ў душы… Гэта адчуваецца ў невялічкім
артыстычным, «як бы выпадковым», медзярыце «Аголеная» з аўтарскай пазнакай: «1936 год». Чым ёсць па сутнасці гэтая эмацыянальна імпульсіўная,
спружыністая натурная кампазіцыя? Роздум пра няздзейсненае ці страчанае? Партрэт псіхалагічнага стану? Безумоўна. Вось толькі мадэлі ці мастака?
Нядоўгі век светла-русявага мастака, з дагледжанай фрызурай, трохі вышэй сярэдняга росту, з графічна чыстым, адкрытым і мужным тварам, з якога засяроджана глядзяць пільныя вочы, трагічна абарваўся
пад бомбамі другой сусветнай вайны. У верасні 1939 года.