Па выставачных залах
Фотаграфіка
1 кастрычніка ў Інстытуце Гётэ ў Мінску ў рамках святкавання 50-годдзя народнага фотаклуба «Мінск» адчынілася выстава нямецкага майстра Ёрга Айднера «Фотаграфіка»
(працуе да 15 кастрычніка).
Фотаграфіка
1 кастрычніка ў Інстытуце Гётэ ў Мінску ў рамках святкавання 50-годдзя народнага фотаклуба «Мінск» адчынілася выстава нямецкага майстра Ёрга Айднера «Фотаграфіка»
(працуе да 15 кастрычніка).
Якое дачыненне мае немец да мінскага клуба? Усё вельмі проста: прыехаўшы вучыцца ў мінскай Політэхніцы ў 1970-я, ён захапіўся фотамастацтвам. У 1975 годзе прыйшоў у клуб, дзе асновы рамяства
спасцігаў у Міхаіла Жылінскага... У часы росквіту здымкаў на фотастужку і дамінавання чорна-белай карцінкі выкарыстанне эфектаў графічнага мастацтва вызначыла з’яўленне чатырох экспазіцый
пад аналагічнай назвай «Фотаграфіка».
Фатаграфія Ёрга Айднера
Вартасць тых старых работ, па словах старшыні клуба Яўгена Казюлі, з часам не губляецца, таму ў межах юбілейных мерапрыемстваў хутка адбудзецца рэтрапаказ «Фотаграфіка. Сорак год
пасля». Зараз Ёрг Айднер эксперыментуе з традыцыйнай формай новымі і старымі тэхнічнымі сродкамі: выкарыстоўваючы фоташоп для лічбавых здымкаў, апрацоўваючы адсканаваныя са стужкі выявы,
здымаючы без фільтру, дамагаючыся кантрастаў з рэзкімі абрысамі прадметаў. Чорна-белае фота суседнічае з каляровым, дзе колеравыя гармоніі — элемент стварэння настрою.
Галоўным героямі яго кампазіцый выступае краявід, куткі прыроды і кранутай дзейнасцю чалавека прасторы, ландшафты — Германіі, Італіі, Ісландыі, Індыі і іншых краін, адлюстраваныя з надзвычай
паэтычным пачуццём.
Габелен
У Палацы мастацтваў можна яшчэ паспець наведаць экспазіцыю габеленаў майстроў дома культуры «Zacisze» з Польшчы, твораў, якія пераконваюць, што ткацкае рамяство можа супернічаць з
абсалютна любой тэхнікай выяўленчага мастацтва.
У працах лідэра творчай групоўкі Марыі Красоўскай — і матывы знакамітага мастака чэшскага мадэрну Альфонса Мухі, і варыяцыі на тэмы слуцкіх паясоў, і акварэльная лірыка мяккіх колераў у
адлюстраванні постаці закаханай дзяўчыны на беразе возера за чытаннем паэтычнага зборніка, і ўрбаністыка разнаколерных дамоў тыповага гістарычнага прадмесця.
Яшчэ адзін адметны аўтар, Марыя Кірыляк, пераносіць у габелен выразнасць эстэтыкі касцельных вітражоў. І яшчэ — нацюрморты, краявіды, дэкаратыўныя кампазіцыі. Здаецца, няма тэм і сюжэтаў,
непадуладных выхаванцам школы пад кіраўніцтвам Тэрэсы Шчэпаньскай, якая і паўстала па яе ініцыятыве 22 гады таму. Застаецца падзячыць супрацоўнікам Польскага інстытуту ў Мінску за арганізацыю гэтай
выдатнай выставы.
Тэхна-арт
«Тэхна-Арт» у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» — сёмы паказ серыйнага праекта, прысвечанага тэматыцы сучаснага дызайнерскага мастацтва, звязанага
са светам прамысловасці і тэхнічнай творчасці, які, аднак, не пачынае быць надакучлівым.
Іна Салдатава «Прадукт 2008 года» (“Тэхна-Арт).
Уладзімір Прыгарніцкі «2 светы – 2 знакі» (“Тэхна-Арт)
Нетрадыцыйнае спалучэнне матэрыялаў у інсталяцыях, актуальнасць тэм у плакатных выявах і відавочная прысутнасць жывых ідэй у большасці твораў адпавядаюць слогану гэтага вернісажу пераважна маладых
мастакоў — «Знак якасці». Варта звярнуць увагу хоць бы на працу Уладзіміра Прыгарніцкага «Два светы — два знакі», каб зразумець, што маладое
пакаленне здольнае выказаць сур’ёзны сацыялагічны тэзіс — пра адсутнасць настальгіі па СССР — і зрабіць тое ў надзвычай выразнай форме. Можна пагадзіцца з заявай
арганізатараў, што праект «Тэхна-Арт» ужо больш не даводзіць сваё права называцца мастацтвам, ён сам з’яўляецца знакам якасці.
SOS
У Музеі сучаснага мастацтва з 5 па 24 кастрычніка таксама чарговая — «пятая ці сёмая», па словах дырэкцыі музея — экспазіцыя суполкі «Артэль»,
якую ачольвае Рыгор Несцераў.
Работа Валянціна Губарава (Суполка “Артэль, выстава “SOS)
Гэтым разам калектыўная выстава пад назвай «SOS» прысвячаецца Сусветнаму дню аховы жывёл 4 кастрычніка, чаму, трэба адзначыць, цалкам адпавядаюць анімалістычныя сюжэты самога
Несцерава, выкананыя ў прывідна-пуантылісцкай манеры. Большасць аб’яднаных у суполку жывапісцаў і графікаў — Уладзімір Ганчарук, Валянцін Губараў, Рыгор Іваноў, Сяргей Рымашэўскі,
Алена Шлегель, Сяргей Малішэўскі, Сяргей Пісарэнка, Мацвей Басаў, Аляксандр Забаўчык, Васіль Касцючэнка — творцы добра вядомыя, як тым, што значная іх частка ў той ці іншы перыяд уваходзіла
ў кіраўніцтва Саюза мастакоў, так і тым, што сваімі працамі заўсёды прыцягвала павышаную ўвагу аматараў.
Розныя па стылі і манеры аўтары, чые работы, сабраныя разам, пакідаюць некалькі хаатычнае ўражанне мастацкага салону, тым не менш здольныя задаволіць цікаўнасць наведвальніка. Тут і вострыя
сацыяльна-сатырычныя нэалубкі Губарава, і шчымлівыя інтанацыі Рымашэўскага, і колерава-фактурныя эксперыменты Забаўчыка і Басава. І галоўнае — дэманструюцца выключна свежыя працы
2009–2010 гадоў.