Пагарынская Венецыя ды іншыя скарбы Палескага Загароддзя
Усе ведаюць пра карнавал у Венецыі. Сёлета ён пачынаецца 11 лютага. Але не ўсім вядома, што ў Беларусі ёсць уласная Венецыя са сваім карнавалам.

«Пагарынскай Венецыяй» Уладзімір Караткевіч назваў Давыд-Гарадок, што каля Століна, бо гарадок стаіць на астравах ракі Гарыні, праўдзівей, між яе рэчышчам і старыкамі (падчас паваеннай меліярацыі рэчышча было перанесенае). А карнавал у Давыд-Гарадку таксама ёсць, праўда, не масленічны, як у Венецыі ці Рыа-дэ-Жанэйра, а калядны.

Штогод 13 студзеня здаецца, што ўсе жыхары Давыд-Гарадка ці «бегаюць у Конікі», ці прымаюць тых Конікаў у сябе. «Конікамі» завуць каляднікаў, бо Конь з вершнікам у іх гурце — галоўны персанаж. Калядуе таксама Дзед Мароз, сустракаюцца маскі жывёл, Смерць, Чорт, Анёл, Лекар, Цыганы. Дадаюцца сучасныя вобразы з галівудскага кінематографу, савецкіх і дыснэеўскіх мультфільмаў.
Кажуць «бегаць у конікі», а не «хадзіць», бо калядаванне за савецкім часам не ўхвалялася, гурты «ганяла» міліцыя, ад якой Конікі і «бегалі». Сёння Конікам ніхто не замінае, мясцовыя ўлады запрашаюць усе гурты на плошчу ля помніка князю Давыду, каб выбраць лепшы.
Напярэдадні Старога Новага года з усіх бакоў чуецца «Там стояла cосна тонка, вусока, Шчодры вэчор, тонка, вусока, лісцэйком шырока…» — гэта Конікі віншуюць гаспадароў.

"Вясна"
У Давыд-Гарадку і суседніх вёсках у 1960–1990-х вырошчвалі насенне на продаж, ездзілі з таварам па ўсім СССР. Пра гэта ўраджэнец Давыд-Гарадка Уладзімір Глушакоў напісаў аповесць «Насенне». Гандлявалі ўвесну, утварыўся нават адмысловы дзеяслоў «вэснуваты». Персанаж Вясна ў сучасным калядным гурце ўвасабляе заможнасць і дабрабыт, здабытыя падчас выязднога гандлю.
Этыкеткі з калекцыі Анатоля Арлова, што выстаўляліся ў Раўбічах улетку 2016 г.
Да 1990-х насенне прадавалі ў самаробных палатняных мяшэчках, а пакупнікі арыентаваліся ў тавары, дзякуючы маляваным алейнай фарбай «цікеткам» (фанерным таблічкам). Некаторыя з іх — сапраўдныя шэдэўры інсітнага мастацтва.


Заходняе Палессе, ажно да Століна, некаторыя навукоўцы завуць паэтычна: Загароддзе. Чаму б і не, назва кідкая. Нашмат цікавей прыехаць у Загароддзе, Пагарынне, чым у безаблічны «Столінскі раён». А прыехаць варта. Можа, у вёсцы Альшаны і няма чаго паглядзець, акрамя цяпліц, але слава пра тамашнія гуркі ідзе так жа далёка, як калісьці — пра давыд-гарадоцкія кветкі.
Альшанскія хлопцы ўжо ў 17–18 год «ставяць парніка», каб не браць грошы ў бацькоў. Вырошчваюць, акрамя гуркоў, перац, памідоры, капусту. Дзяўчаты парнікоў не трымаюць. Затое ў 17–18 гадоў выходзяць замуж і дапамагаюць мужу. Хлопцы жэняцца, як толькі заробяць «з парніка» на асобны дом, у 20–22 гады (раней на вяселле жытло маладым даравалі бацькі жонкі, а хлапцы працавалі на «плантацыях» уласных бацькоў да самай жаніцьбы).
Дзяцей прывучаюць да парніковай працы з дашкольнага ўзросту. У сярэдніх сем’ях па 6–7 дзяцей, але бывае і па 15–17. Тлумачыцца гэта ўплывам пратэстанцкай царквы: большая частка 10-тысячнага насельніцтва Альшанаў — хрысціяне-пяцідзясятнікі, хаця ў вёсцы дзейнічае і дзве праваслаўныя царквы.
Парнікі пачынаюць тапіць з лютага, дровамі, на сезон хапае 2–3 прычэпы. У жніўні парнік «засыхае», і тады вяскоўцы выпраўляюцца на заробкі. Амаль ніхто з альшанцаў не з’язджае з малой радзімы назаўсёды. Навошта? Бадай ніякая прафесія, набытая ў сярэдняй ці вышэйшай навучальнай установе, не дасць такога прыбытку, як парнік.
Варта заехаць таксама ў вёску Цярэблічы, дзе самабытны мастак Іван Філіпавіч Супрунчык у былым будынку бібліятэкі стварыў музей з уласных работ і прадметаў даўняга побыту.
У скульптурах і графіцы Супрунчыка — народная філасофія і праўда жыцця. Мастак сваёй творчасцю «адгукаецца» на актуальныя падзеі ў Беларусі і свеце: тут Чарнобыль і амерыканскія прэзідэнты, меліярацыя, урбанізацыя і кам’ютарызацыя…
Пра кожны экспанат гаспадар гатовы распавесці асобную гісторыю. Каб паглядзець музей, можа і дня не хапіць.


Вось дрэва, паднятае са дна
ракі. У дупле — чэрап. Які культ спраўлялі ля яго? Сёння мы ўжо не можам
сказаць пэўна.

А вось цікавая экспазіцыйная
знаходка. Здавалася б, кавалак дрэва. Іван Філіпавіч дадаў два чарапы — і стала
зразумела, што гэта бычынае ярмо.
Аматарам літаратуры варта завітаць у вёску Альпень. Пра яе жыхароў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч напісаў п’есу «Пінская шляхта». У міжваенны перыяд вёскі ў ваколіцах Давыд-Гарадка даследаваў польскі этнограф Станіслаў Дваракоўскі, што і адлюстраваў у кнізе «Szlachta Zagrodowa» («Засцянковая шляхта»).
Людзі ўпарта трымалася праваслаўя і шляхецтва. Яшчэ да 1980-х шляхцюкі жаніліся пераважна са шляхцянкамі. Такі шлюб прынамсі разглядаўся як вельмі пажаданы. Калі хлопец са шляхты пачынаў заляцацца да «мужычкі», былі супраць і яго бацькі («Навошта яна табе?») і яе («Гэтыя шляхцюкі занадта фанабэрыстыя»).
Мясціны вакол Давыд-Гарадка, Століна, Турава адметныя мясцовым строем. Найлепшае ўяўленне пра даўняе адзенне тых мясцін можна атрымаць у Столінскім краязнаўчым музеі. Прыязджайце ў Загароддзе!
Фота аўтаркі