Пастар Бокун: трагедыя, што беларусам даводзіцца шукаць беларускамоўную Біблію

Інфармацыйная кампанія «Пяцісотгоднасць», ініцыіраваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» з нагоды 500-годдзя друку першай беларускай кнігі, стартавала 29 красавіка.

bokun.jpg


 

Першай імпрэзай у шэрагу акцыяў у гонар Францішка Скарыны і беларускай Бібліі стала прэзентацыя ў Палацы мастацтваў новага пераклада на беларускую мову Новага Запавета, здзейсненага пастарам царквы Яна Прадвесніка Хрысціянаў веры Евангельскай Антоніем Бокунам.

 

Удзельнікамі прэзентацыі сталі колішні ўдзельнік ансамбля “Песняры” і гурта Rouble Zone Аляксандр Віслаўскі з песнямі на вершы Рыгора Барадуліна, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка, кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, літаратары Усевалад Сцебурака і Уладзімір Арлоў,загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі, намеснік старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Валерый Герасімаў, паведамляе budzma.by.

 

Пастар і перакладчык Антоній Бокун, здзейсніўшы пераклад Новага Запавета, выдаў кнігу накладам у 10 тысячаў асобнікаў. Адметна, што гэтае выданне прызначанае для інтэнсіўнага карыстання — цвёрдая вокладка, надзейная сшыўка, вялікі памер шрыфта, зручная для перагортвання старонак папера.

 

“Калі я прыйшоў да Хрыста ў пачатку 1990-х гадоў, Біблію па-беларуску можна было купіць у адзіным перакладзе — перавыданні перакладу Антона Луцкевіча і Лукаша Дзекуць-Малея. Неўзабаве кнігі скончыліся. Потым выйшла Біблія Васіля Сёмухі. Кнігі скончыліся. Мы выдалі поўную Біблію ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага. Амаль немагчыма і яе купіць. Таму я і ўзяўся за новы пераклад — хоць канон беларускага перакладу Новага Запавету ўжо фактычна складзены і я мала што дадаў да яго. Папросту мне як пастару трэба, каб у вернікаў маіх было Святое Пісьмо на беларускай мове, і яны маглі свабодна яго прыдбаць. Вось жа, цяпер Слова Божае даступнае зноў. Спадзяюся, на некалькі гадоў гэтых 10 тысяч хопіць. Але, як можна зразумець, беларусы ахвотна купляюць беларускую Біблію. Трагедыя ў тым, што ім даводзіцца яе шукаць — чаго няма ў ніводнай цывілізаванай краіне”, — апавядае пастар Бокун аб сэнсе сваёй працы.

 

“Наша кампанія — яна не толькі пра першую кнігу, не толькі пра яе друкара Францішка Скарыну. Наша кампанія — пра ўвесь пяцісотгадовы шлях беларускай кнігі і пра тых людзей, якія спрычыняліся і спрычыняюцца да гэтага нялёгкага працэсу: гэта і пісьменнікі, і рэдактары, і карэктары, выдаўцы і мастакі, інжынеры і тэхнолагі, якія распрацоўваюць друкарскі рыштунак. Наша кампанія мае на мэце папулярызацыю беларускай культуры праз уздым цікавасці да беларускай кнігі. Што гэта рабіць патрэбна, даводзяць некаторыя лічбы, якія нам дало сацыялагічнае апытанне 2014 года. Так, 57% беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру хаця б раз на месяц, 23% чытаюць яе раз на год, 18% беларусаў не чытаюць яе ўвогуле. Найбольш папулярнае чытво — класіка і дэтэктыў. Абсалютная большасць беларусаў — 94% — аддае перавагу рускай мове ў чытанні. Па-беларуску чытаюць толькі 5%”, — кажа Алена Макоўская

 

 krynica.info