Першыя “Суцінскія чытанні” — пачатак серыі навуковых форумаў пра “Парыжскую школу”
Што страцілі тыя, хто не патрапіў на Першую Міжнародную канферэнцыю “Суцінскія чытанні”?
Першыя “Суцінскія чытанні”, арганізаваныя прыватнай установай культуры “Спадчына і час” (Юрый Абдурахманаў), куратарам галерэі TUT.BY Таццянай Бембель, “Кніжным салонам” Алы Зміевай пры падтрымцы ОАО “Белгазпрамбанк” (у асобе Старшыні Праўлення Віктара Бабарыкі) і з дапамогай Уладзіміра Шчаснага, можна было б назваць досыць камерным мерапрыемствам, калі б не рафінаваная вытанчанасць і навуковая грунтоўнасць.
За тры дні 19 – 21 красавіка 2015 года, якія ўдзельнікі правялі ў Мінску ў канферэнц-зале гатэлю “Беларусь” і ў “Кніжным салоне” на Калініна, 5, а таксама на радзіме галоўных герояў канферэнцыі — Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна — у Смілавічах — прагучала небагата дакладаў. Але яны былі сур’ёзныя, грунтоўныя і цікавыя. Пры гэтым не толькі ў выкананні гасцей з замежжа: дырэктара Парыжскай Пінакатэкі Марка Рэсцеліні, дырэктара Мастацкага музея імя Поля Валеры Маітэ Валес-Блед і аўтара 2 кніг пра Суціна Мішэля Лебрэн-Франзаролі з Францыі.
Цудоўны даклад пра Якава Кругера (першага настаўніка Суціна) зрабіла намеснік дырэктара Мастацкага музея Надзея Усава, аповед пра віленскую школу малявання Івана Трутнева Іаланты Шыркайтэ, дырэктара Інстытута культуры, філасофіі і мастацтва Літвы, быў увогуле вышэй усялякіх кампліментаў. Бо праз навучанне ў Трутнева прайшлі не толькі Суцін і Царфін (другі — трошкі менш вядомы прадстаўнік “Парыжскай школы” мастакоў-габрэяў з Беларусі), але многія іншыя мастакі нашай краіны апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Цікаўныя могуць пазнаёміцца з выкладзенымі матэрыяламі ў зборніку прац канферэнцыі.
Што страцілі тыя, хто не змог трапіць на Першую Міжнародную канферэнцыю “Суцінскія чытанні”? Найперш, магчымасць паглядзець выдатны дакументальны фільм — на цэлую гадзіну — усмешлівай Мірыэль Абітбол-Леві з Францыі “Хаім Суцін” (2007), толькі раз паказаны пірацкім чынам на тэлеканале “Лад”. Пакуль ніхто купляць правы на яго ў нас не збіраецца, таму Беларусь апынулася па-за спісам з 60 краін, дзе гэты фільм легальна і з поспехам дэманструецца.
Яшчэ адзін фільм “Шрага Царфін” знакамітай беларускай рэжысёркі Зоі Катовіч пакуль таксама не выйдзе ў шырокі паказ — ён чакае пакупніка. Апрача класнай дакументалістыкі ўдзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся са сваякамі Шрагі Царфіна, якія прыехалі ў Мінск з Францыі і Ізраілю. Пабачылі прысвечаныя Суціну прэзентацыю і мадэлі памяшканняў, выкананыя маскоўскай творчай студыяй “Вулей”. Студыяй кіруе ўраджэнка Смілавіч Дарына Крук. І таксама з’ездзілі ў Смілавічы, дзе адчынілася новая экспазіцыя пра Шрагу Царфіна, і на адны суткі эксклюзіўна выстаўляліся працы Суціна і Царфіна з калекцыі Белгазпрамбанка. Пра гэта можна паглядзець у сюжэце на канале АНТ.
Нарэшце, гаспадыня “Кніжнага салону” Ала Зміева абвясціла, што з яе ініцыятывы ўвосень 2015 года адбудзецца пленэр “Прастора Суціна” (Мінск
— Смілавічы), у якім возьмуць удзел мастакі з Беларусі (Ганна Балаш і Улад Пятручык), Літвы (Саламон Тэйтэльбаум) і Украіны (Аляксандр Рэпка). На закрыцці канферэнцыі яе дапоўніла
Таццяна Бембель: у будучыні “Суцінскія чытанні” зробяцца рэгулярным навуковым форумам у Мінску.