«Праўда ў віне»: ірландскія спевы па-беларуску ад Алеся Чумакова

На платформе ulej.by распачаты збор сродкаў на выданне альбома Алеся Чумакова «Праўда ў віне» — пераклады карчомных ірландскіх спеваў на беларускую мову.

maxresdefault_59.jpg


«Беларусь і Ірландыя шмат у чым падобныя. У першую чаргу падобныя сваім мінулым, сваім шляхам да незалежнасці, змаганнем за Свабоду, апяваннем у песнях сваіх Герояў і гістарычных падзей. Цікавы эфект атрымліваецца, калі ірландскія гераічныя песні перакласці на беларускую мову. Адразу чуецца рамантызм часоў Касцюшкі, з гонарам узгадваюцца нашыя паўстанні XIX стагоддзя. Гэтую тэму я раскрыў у дыску "Сыны старадаўняй Літвы", які пабачыў свет у 2013 годзе», — піша Алесь Чумакоў на старонцы праекта.
«Праўда ў віне» — працяг гэтай працы, пераклад ірландскіх папулярных спеваў. Альбом пабачыць свет 30 траўня і будзе складацца з 14 трэкаў.
Усе аранжыроўкі выкананыя таленавітымі музыкамі ў традыцыйнай ірландскай манеры на традыцыйных ірландскіх інструментах: акардэоне (Алеся Чумакова), скрыпіцы (Вера Гулюкіна, Лена Амосава, Аліса Хармац), флейтах (Павел Саракалетаў), вістлах (Павел Саракалетаў), банджо (Павел Саракалетаў, Алесь Чумакоў), гітары ў ірландскім строі (Алесь Чумакоў), бойране (Барыс Машкароў), барабанах (Алексей Войцех) і іншых.
Таксама, як і на першым дыску, акрамя голасу Алеся Чумакова ў спевах можна пачуць чароўнае сапрана Таццяны Ячнай.


Алесь Чумакоў — беларускі майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, спадар Чумакоў паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканальванне старажытнай традыцыі гуслярства.
Падтрымаць праект «Праўда ў віне» можна тут.