«Проба грунту ў Казахстане». Між тэатрам і рэальнасцю

Інстытут імя Гётэ і Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ» прадставілі на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра спектакль берлінскага калектыву «Рыміні Пратакол» «Проба грунту ў Казахстане». Рэжысёр пастаноўкі Штэфан Кэгі.



06_geroi_paslja_spektaklju_zleva_naprava_simkin_dusali_panibratava_vibe_bauman_logo.jpg

Героі пасля спектаклю. Злева направа: Сімкін, Дусалі, Панібратава, Вібэ, Баўман.

Уводзіны ў дакументальны тэатр

«Рыміні Пратакол», куды ўваходзяць Даніель Ветцэль, Штэфан Кэгі і Хельгард Хаўг, лічыцца пачынальнікам так званага «тэатра моманту». Выпускнікі Інстытута прыкладных тэатральных даследаванняў у Гісэне сталі канцэптуальна распрацоўваць прастору між тэатрам і рэальнасцю. З 2000 года праект атрымлівае назву «тэатр экспертаў»: у спектаклях удзельнічаюць не прафесійныя акцёры, а рэальныя ўдзельнікі («эксперты») апісаных у пастаноўцы падзей.

Вельмі часта дзеянне разгортваецца не на тэатральнай сцэне, а, напрыклад, на вуліцах гарадоў Заходняй і Усходняй Еўропы. А «экспертамі», якія дзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі, становяцца дальнабойшчыкі, аператары call-цэнтра, супрацоўнікі пахавальных бюро, музыкі, якія граюць на могілках, студэнты-хірургі і папросту звычайныя абывацелі.

У пастаноўках актыўна выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі: мабільная сувязь, «жывое» скайп-злучэнне. Вялікая ўвага надаецца візуальнаму шэрагу: відэасюжэтам, якія суправаджаюць маналогі герояў і ствараюць дыялагічны кантэкст, адметным рэчам, якія нясуць сімвалічнае значэнне, дынамічнаму асвятленню. Усё гэта працуе на збліжэнне тэатра і рэальнасці, пераадоленне дыстанцыі паміж сцэнай і залай, паміж «экспертам» і гледачом.

У 2007 годзе рэжысёры Хаўг, Кэгі і Ветцэль сталі ўладальнікамі прэстыжнай нямецкай тэатральнай узнагароды «Der Faust», у 2008 годзе ў Салоніках яны былі ўганараваныя Еўрапейскай прэміяй «Новая тэатральная рэальнасць», а ў 2011 годзе атрымалі Сярэбранага Льва Венецыянскай біенале выканальніцкіх мастацтваў.

Прадстаўлены беларускай публіцы спектакль «Проба грунту ў Казахстане», прэм’ера якога адбылася 27 красавіка 2011 года, — узор «тэатра моманту». Штэфан Кэгі і ягоныя калегі пачалі пошук удзельнікаў для спектакля яшчэ ў сакавіку 2010 года. Імёны персанажаў п’есы (драматургі — Алёша Бегрыш і Юліанэ Менэль) і імёны «экспертаў» (не блытайма з прафесійнымі акцёрамі) — супадаюць. А значыць, перад гледачамі — рэальныя людзі, якія распавядаюць свае біяграфіі. Пастаноўка ідзе на рускай і нямецкай мовах.

Шляхам нафтаправоду з Германіі ў Казахстан

За гадзіну сорак хвілін (менавіта столькі працягваецца спектакль) глядач мае магчымасць азнаёміцца з пяццю гісторыямі, звязанымі паміж сабой глабальнымі катастрофамі ХХ стагоддзя, прасачыць лёсы пяці людзей рознага пакалення, чые аповеды так ці іначай звязаныя з «чорным золатам».

На шляху нафтаправода з Германіі ў Казахстан сустракаюцца розныя краіны, вялікія і малыя населеныя пункты, буравыя вышкі, засакрэчаныя вайсковыя аб’екты, і з кожным такім месцам звязаныя ўспаміны ўдзельнікаў падзей.

01_udzel_niki_spektaklja_uspaminajuc_minulae_logo.jpg

Удзельнікі спектакля ўспамінаюць мінулае

Героі спектакля — людзі, якія ладную частку свайго жыцця знаходзіліся ў пошуках радзімы, каго — па ўласнай ці не па ўласнай волі — закінула ад месца іх нараджэння на іншы канец еўразійскага кантыненту. Але на іх першай радзіме засталіся родныя і блізкія, або — магілы родных і блізкіх.

Калі геаграфія спектакля распасціраецца, то апавядальнікі цягам спектакля ўсё далей і далей занураюцца ў свае ўспаміны.

Быццам шахцёры, якія спускаюцца ў глыб зямлі, каб апрабаваць грунт і знайсці там нафту, «эксперты» ўздымаюць у сваёй памяці пласты расчараванняў і стратаў, каб адшукаць сябе, справядлівасць, радзіму і любоў да яе. І калі для бізнэсоўцаў нафта — «чорнае золата», то для апавядальнікаў ёсць «чорным золатам» іх незваротнае мінулае.

Матыў няспыннай дарогі, цяжкога мігранцкага шляху і невяртання — адзін з галоўных у спектаклі.

Гісторыя першая. Герд Баўман

02_gerd_bauman_logo.jpg

Герд Баўман

Удзельнік спектакля, які ў межах пастаноўкі гаворыць толькі па-нямецку, — усходнегерманскі інжынер Герд Баўман, які займаўся распрацоўкай здабычы нафты ў Казахстане, Іраку і Тэхасе. З аповедаў Герда пра яго прафесійную дзейнасць можна дазнацца пра зваротны бок нафтавай індустрыі — пра складанасці будзённай працы, пра карумпаванасць гэтага бізнэсу і яго экалагічныя наступствы. Дзякуючы відэасувязі гледачы становяцца сведкамі дыялогу Герда і яго калегі Пітэра: мужчыны абмяркоўваюць заробкі нафтавікоў у розных краінах свету, кошт барэля нафты і свой незайздросны лёс.

Гісторыя другая. Генрых Вібэ

1941-ы. Інструкцыя сталінскага кіраўніцтва «Пра рассяленне немцаў Паволжа ў Казахстане». Сярод расійскіх немцаў былі і бацькі аднаго з удзельнікаў спектакля — Генрыха Вібэ. Яны аказаліся ажно ў Архангельскай вобласці. У 1947 годзе бацьку арыштавалі, абвінаваціўшы ў антыдзяржаўнай прапагандзе. Голад — і маці вымушаная была аддаць Генрыха і яго брата ў дзіцячы дом. Праз восем гадоў бацька выйшаў з турмы, а ў 1957 годзе сям’я перабралася ў Казахстан.

На экране праектара крок за крокам мы бачым пакручасты шлях Генрыха ў Германію (цяпер ён жыве ў Ліхтэнбергу), архіўныя фота яго родных, відэа ваеннага часу, вуліцы і краявіды, дзе ён бываў і дзе ёсць цяпер.

Генрых успамінае, што недалёка ад казахскага мястэчка, дзе ён жыў, выпрабоўвалі атамныя бомбы. І дзеці купаліся і лавілі рыбу ў возеры, што ўтварылася ў катлаване пасля выбухаў. Выпрабаванні рабілі раз на два тыдні, і людзі нават прывыклі да землятрусаў, выкліканых імі. І жыхары рана паміралі ад хваробаў. Бацька Генрыха памёр ад рака лёгкіх.

Ідэя дарогі і руху (усё жыццё Генрых працаваў дальнабойшчыкам, вазіў паліва) суправаджае ягоны аповед. Зрэшты, увесь спектакль прасякнуты ўсеабдымным рухам. Не толькі лінейным, па дарозе з Германіі ў Казахстан, але і ў розных часавых вымярэннях. Відэашэраг, падрыхтаваны Крысам Кондэкам, набліжае апісаныя героем эпізоды да рэальнасці, візуалізуе іх. Безумоўна, спрыяе гэтаму і музыка Крысціяна Гарсія.

Генрых Вібэ — не толькі вадзіцель бензавоза, ён таксама аматар харавых спеваў. Для таго, каб не заснуць ноччу за стырном у доўгай дарозе, ён спяваў. І калі Генрых выконвае песню «Эх, дороги» — на вочы наварочваюцца слёзы.

Гісторыя трэцяя. Алена Панібратава

Дзяцінства Алены Панібратавай, якая цяпер жыве ў Гановеры, прайшло ў невялікім казахскім мястэчку недалёка ад касмадрома Байканур, адкуль Гагарыным быў здзейснены першы палёт у космас. Сям’я Алены, як і сям’я Генрыха Вібэ, з расійскіх немцаў, і таксама ў свой час была пераселеная з Украіны.

Побач з мястэчкам працаваў завод са шкоднай вытворчасцю, Алена і цяпер памятае прысмак медзі на вуснах.

03_alena_panibratava_logo.jpg

 Алена Панібратава

Расчараванне ў «шчаслівым» піянерскім дзяцінстве, калі дзеці ў адным страі маршыравалі пад прапагандысцкія песні і кожны з іх шчыра хацеў стаць касманаўтам, прыйшло пазней. А тады Алена і яе равеснікі бачылі, як запускалі ракеты з Байканура, і радаваліся гэтаму, не ўсведамляючы, наколькі разбуральныя тыя запускі ракет для здароўя мясцовых жыхароў.

Цяпер у гераіні застаўся толькі брат, які па-ранейшаму жыве ў Казахстане.

З экрана ён моўчкі глядзіць на гледачоў, а за ягонай спінай — могілкі, дзе пахаваныя ўсе Аленіны родзічы.

Гісторыя чацвёртая. Нурлан Дусалі

Малады казах, які нарадзіўся і вырас у Астане, у адрозненне ад іншых герояў, з’ехаў з радзімы не вымушана, а па сваім жаданні — у пошуках больш забяспечанага жыцця. Нурлан Дусалі — паспяховы бізнэсмен, які гандляваў спачатку нафтапрадуктамі, а цяпер прадае сонечныя панелі ў Германіі. Ён — прадстаўнік новага пакалення, чалавек постсавецкай фармацыі, які без шкадавання пакідае сваю радзіму і з ходу разлічвае прыбыткі ад продажу тавараў.

Праз відэасувязь Нурлан размаўляе са сваімі дзядулем і бабуляй, і толькі казахская народная песня, якую яны для яго спяваюць, нагадвае хлопцу, хто ён па крыві.

Гісторыя пятая. Хеленэ Сімкін

Дзяцінства трыццацігадовай Хеленэ Сімкін прайшло ў Таджыкістане, у Душанбэ, у разгар грамадзянскай вайны, якая цягнулася пяць гадоў. Многія яе ўспаміны звязаныя з крывёй, пралітай яе суайчыннікамі, з жахам быць забітай, з адчуваннем небяспекі.

04_helene_simkin_i_nurlan_dusali_logo.jpg

Хеленэ Сімкін і Нурлан Дусалі

 

У 1994 годзе яе дзядуля змог выехаць у Германію. Хеленэ атрымала адукацыю банкаўскага служачага, асвоіла касметалогію. Але яе захапленне — танцы і праца артыста. І па вечарах дзяўчына бярэ ўдзел у шоў у нямецкіх клубах.

Сваякі Хеленэ — мусульмане, і ў тым грамадстве яна не змагла б быць самастойнай і актыўнай жанчынай, і, безумоўна, не змагла б займацца ўлюбёнай справай, быць артысткай, паказваць вогненнае шоў. Рэлігія не дазволіла б.

05_simvalichnae_kola_praz_jakoe_prahodzjac_geroi_da_novaga_zhiccja_logo.jpg

Сімвалічнае кола, праз якое праходзяць героі да новага жыцця

З 1993 года дзякуючы Гельмуту Колю многія рускамоўныя немцы змаглі выехаць у Германію. Каля 4 мільёнаў чалавек мусілі пачаць новае жыццё. У спектаклі «Проба грунту ў Казахстане» закранаецца і праблема адаптацыі людзей да нямецкага грамадства. Кожны з герояў праходзіць сімвалічнае «кола пекла» і нарэшце апынаецца ў Германіі. У фінале спектакля Генрых Вібэ, колючы сякерай плашкі, успамінае палітыкаў, рашэнні якіх вызначалі лёсы мільёнаў людзей: А. Гітлера, І. Сталіна, М. Хрушчова, М. Гарбачова, Г. Коля.

Ключ да разумення «тэатра моманту» ад Штэфана Кэгі

16 кастрычніка рэжысёр Штэфан Кэгі прачытаў публічную лекцыю для мінскай публікі. У сустрэчы акрамя Штэфана ўзялі ўдзел філосаф Вольга Шпарага, тэатразнаўца Таццяна Арцімовіч. Перакладчыкам была Вера Дзядок.

Кэгі распавёў пра асноўныя праекты тэатра «Рыміні Пратакол». Спадар Штэфан пачынаў як журналіст. Таму не дзіўна, што яго прывабілі магчымасці дакументальнага тэатра як формы, дзякуючы якой закранаюцца многія сацыяльныя праблемы, даецца зрэз розных грамадстваў і апісанне прадстаўнікоў канкрэтных прафесій. Спектаклі берлінскага тэатра ставяцца па ўсім свеце: у Індыі, Балгарыі, Аўстраліі, Польшчы, Бразіліі, — і часта набіраюцца мясцовыя ўдзельнікі («эксперты») для пастаноўкі спектакля і яго актуалізацыі ў канкрэтнай гарадской прасторы.

— У тэатры я стараюся пазбягаць дыстанцыі паміж гледачамі і ўдзельнікамі спектакля, максімальна наблізіць іх адно да аднаго. Але роля па маім разуменні — не тая, якую нехта напісаў для адмыслова навучанага чалавека, а тая сацыяльная роля, якую бярэ на сябе рэальная асоба. Неабходна, каб людзі, якія не вучыліся акцёрскаму майстэрству, маглі выйсці і расказаць пра сваё жыццё. Для маладога пакалення важней, каб тэатр паказаў, кім чалавек сапраўды ёсць, а не тое, як ён можа сыграць, — лічыць Штэфан Кэгі.

Фота аўтара