«Рускі» — беларускае кіно не для кожнага

Рэжысёр Віктар Аслюк зняў на «Беларусьфільме» мастацкую стужку «Рускі» паводле аднайменнага апавядання класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.



viktar_aslyuk.jpg

Віктар Аслюк

Гэта твор пра тое, «як беларус забіў украінца». Здарэнне адбылося ў часе I сусветнай вайны на расійска-аўстрыйскім фронце. Карпацкія горы здымаліся ў кар’ерах пад Краснасельскім Ваўкавыскага раёну.
«Рускага» пакажуць на Міжнародным кінафэстывалі кароткаметражных фільмаў у горадзе Драма ў Грэцыі. Гэты фестываль — адзін з дзесяці, дзе намінуюць стужкі на прыз еўрапейскай кінаакадэміі.
У апавяданні «Рускі» менш за тры з паловай старонкі. Выпадкова сутыкнуўшыся з аўстрыякам, які аказаўся ўкраінцам, рускі-беларус выпівае з ім «горілкі», а затым забівае. У шпіталі, куды ён трапляе пазней, яго лічаць сымулянтам, а ён сабе ўпарта паўтарае на кожным кроку, што ён «рускі, рускі, рускі!»
Ролю рускага салдата выконвае Міхаіл Барсковіч, аўстрыйскага — Аляксандар Ждановіч. Працягласць стужкі — 25 хвілін.

«Рускага» беларуса не зразумеюць

Віктар Аслюк кажа, што раней два гады запар атрымліваў у Драме Гран-пры. Новы свой фільм, апроч Грэцыі, больш нікуды не пасылаў. Ён тлумачыць:

«З адной прычыны: амаль упэўнены, што зразумець гэты фільм цяжкавата будзе. Я б не сказаў, што ён мае ўніверсальны характар. Там шмат недагаворанага, а гэта ўжо зусім іншае мастацтва, таму яно так і ўспрымаецца. Каб недасказанае перавесці на мову кіно, патрэбны поўнаметражны фільм, і трэба дапісваць: што ў літаратуры можна сказаць двума словамі, у кіно двума кадрамі не пакажаш».
Калісці Віктар Аслюк думаў пачаць з гэтага апавядання сваю кар’еру.
Задума была такая даўней: зрабіць тры навэлы — «Рускі», «Генерал» і апавяданне «Літоўскі хутарок» — і аб’яднаць усё адным героем, кажа ён.
Але ўдалося экранізаваць толькі першы твор. «Атрымаўся пэўны вопыт, — прызнаецца рэжысёр, — часам псіхатэрапія, часам наадварот. Але заўсёды ў такой прафесіі ёсць тэрыторыя рызыкі».
Як ён сам ацэньвае зробленую працу? Хутчэй як удачу, чым як няўдачу, кажа рэжысёр:
«Таму што я зразумеў, наколькі гэта цяжка: калі ты бярэшся ставіць літаратуру, літаратура, як правіла, перамагае кіно. Як правіла. І каб яна не перамагала, трэба зруйнаваць гэты твор да самых падмуркаў і нейкія тайныя выявіць хады, і зрабіць, можа, зусім па-іншаму».

Пастка Гарэцкага


Гарэцкі быў як пастка, якую Аслюк зразумеў адразу.  З літаратурай бывае так: мы давяраем, калі чытаем, захапляемся і дамысліваем. Але калі правяраць літаратурныя сітуацыі рэальнасцю, з якой працуе кіно, нечакана пераконваешся, што ў Гарэцкага ўсё было прыдумана, усе сытуацыі ў апавяданні «штучныя». У гэтым Віктар Аслюк абсалютна ўпэўнены. Ён тлумачыць:

«Каб чалавек узяў і проста так стрэліў, — гэта страшна, патрэбна матывацыя. У кіно павінна быць матывацыя. Я разумею Быкава, калі ён пісаў падобнае апавяданне пра немца і беларуса, якія сядзяць у разбураным доме, людзі, якія зразумелі адзін аднаго. І калі яны выходзяць на паверхню з падвалу, яны адразу становяцца ворагамі: адзін немцам, другі „рускім“ ці савецкім».


Але матывацыя ў Быкава зразумелая: яны ўбачылі, што за імі назіраюць з аднаго боку — немцы, з другога — савецкія салдаты. І беларус страляе ў немца, таму што той кінуў у яго гранату... Быкаў знайшоў патрэбную для апавядання матывацыю, і яна больш рэалістычная, зазначае рэжысёр:


«А тая, якая ёсць у Гарэцкага — „Ах, які я ваяка!“ — гэта хутчэй каб паказаць наш нацыянальны характар. І гэта не столькі псіхалагічны твор, як, можна сказаць, ідэалагічны. І з псіхалагічнага боку я з першага дня пачаў цярпець паразу: што б я ні спрабаваў, гэта здавалася штучным. Нават „рускі, я маю горілку!“ ператваралася ці ў камедыю, ці проста ў нейкую нерэальную сітуацыю».


Забіць, нават на вайне, бывае няпроста, тым больш калі абстаноўка не баявая: спачатку мірная размова, гарэлка, развітанне, а потым нечаканы стрэл. І як перакласці гэта на мову кіно? Рэжысёр працягвае разважаць:


«Стрэліць матывацыі няма. Проста так стрэліць? Я скажу так: гэтая проза, можа, патрабуе абсалютна геніяльнага прачытання, а не проста таго, што я змог і рашыўся. Тое, што я зрабіў, гэта не зусім Гарэцкі, але што гэта не Гарэцкі — таксама не скажаш», — мяркуе Віктар Аслюк.


Літаратура і кіно — усё ж два розныя віды мастацтва:


«Сітуацыя, калі страляе салдат у салдата, — універсальная, і гэты твор сапраўды выдатны. Але рэжысёру трэба брацца за тое, што проста дыхае жыццём, што ёсць рэальнасцю. А калі ўсё будуецца на нейкіх сэнсах, часам ідэалагічных, нацыянальных, адпаведных іншаму часу, — для гэтага патрэбныя вялізныя палотны, падрабязнасці, дэталі, эпас патрэбны».


Інакш кажучы — поўнаметражная стужка, на якую грошай не было.

Карпацкія горы, беларускі кінаварыянт


Віктар Аслюк хацеў паспрабаваць зрабіць свой новы фільм у дакументальнай манеры і скарыстаць новыя магчымасці, звязаныя з лічбавай тэхнікай. Хапала складанасцяў. Напрыклад, «на адну ноч ездзілі шукаць натуру», успамінае рэжысёр:


«Патрэбныя былі верхнія кропкі, і адначасова — каб гэта не было поле. Каб яры былі, чыста візуальна выбіраў. Хацеў унутры кар’ераў здымаць, але не дабраліся б: трэба было паўтары гадзіны ў цяжкіх і небяспечных умовах дабірацца да здымкі. Сама фактура вельмі падабаецца: курганы дзіўныя, сапраўды насыпаныя, і прастора відаць. Я стараўся, каб прырода была трэцім акторам. Думка была, каб гэта троху было не падобна да Беларусі. Але гэта была ўмоўнасць».

Рускасць беларусаў
 

У фільме «Рускі» — чатыры мовы. Беларус, як у жыцці, гаворыць па-беларуску, украінец размаўляе з ім па-украінску, салдаты паміж сабой — па-расійску. І паколькі ўкраінец — галічанін, служыць у аўстравугорскай арміі, ён яшчэ гаворыць па-нямецку, распавядае Аслюк.
Напісанае Максімам Гарэцкім у 1915 годзе апавяданне важнае для нас сёння тым, што было спробай зазірнуць у беларускую душу, паставіць дыягназ. Гэта якраз турбавала і Віктара Асьлюка:

«Застрэліў чалавека, ён памірае, кажа, што засталіся дзеці, а гэты пытаецца — „а колькі ў цябе іх?“ Ну як гэта сыграць? Гэта пры смерці гавораць? Што гэта: цынізм, такая прастата, ці проста такая дурасць лапцюжная? Ці спужанасць? „Ах, які я ваяка!“ Гэта, канечне, мы трапляем у палон нейкай спробы паказаць характар беларуса з усімі нам знаёмымі рысамі. І для гэтага мовы розныя выкарыстаныя і сама назва „Рускі“. З аднаго боку, гэта прывітанне імперыі, а з другога — праблема, якая існуе ў беларусах: рускі, нярускі?»


Аслюк не лічыць вартым проста не зважаць на гэта:
 

«Што такое рускасць? Гэта важная праблема нашай рускасці. Не той, што цяпер у Маскве, а той, што была пяцьсот-шэсцьсот гадоў назад ці ў ХVІІ стагоддзі. Проста так адмахнуцца — мы ліцьвіны, мы беларусы, а рускія — гэта маскалі... Ці проста так аддаваць гэтую сваю рускасць, выкідаць? Гэта складана. І пра гэта ўсё пісаў, канечне, Гарэцкі. Але гэта наша праблема, якая, можа, будзе мала цікавая іншым. Наша першародная праблема, якую мы павінны спачатку вырашыць. Калі мы не вырашаем на гэтым узроўні, мы далей проста не прасоўваемся. Гарэцкі гэта адчуваў, і мы таксама. За сто гадоў нічога не памянялася».
Словам, «Рускі» — беларускае кіно не для кожнага. Пра гэта кажа сам рэжысёр Віктар Аслюк:


«Яго могуць прыняць па-рознаму. Але сярод рэжысёраў першае пытанне заўсёды: а як ты сам? Калі я ведаю, што зрабіў усё, што змог, я тады спакойны. За фільм „Рускі“ я спакойны».